ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Касцёл знаходзіцца ў добрых руках

З жыцця Касцёла

Выбар Папы
   Протадыякан кардынал Жан-Луі Таран з Францыі абвяшчае новага Папу і яго імя. Хутка пасля прадстаўлення на балконе з’яўляецца і сам папа Францішак, які ў гэты ж вечар гаворыць сваю першую прамову. “Buonasera!” – так новаабраны Папа вітае вернікаў. Наступнікам св. Пятра выбраны кардынал Хорхе Марыа Берголіа з Аргенціны. На плошчы, услухоўваючыся ў першую навуку новага Папы, сабралася каля 100 тысяч чалавек. Святы Айцец Францішак просіць вернікаў памаліцца за папу на пенсіі Бенедыкта XVI і за сваю паслугу, якая толькі-толькі распачынаецца, а таксама запрашае ўвесь Касцёл разам распачаць “шлях братэрства, любові і ўзаемнага даверу”. Заканчваючы прамову з балкона базілікі св. Пятра, Папа зноў просіць вернікаў аб малітве, удзяляючы ім бласлаўленне: “Маліцеся за мяне. Мы хутка ўбачымся. Заўтра я хацеў бы памаліцца да Маці Божай, каб Яна абараняла Рым. Дабранач і добрага адпачынку”. Першае пасланне новага Біскупа Рыма. Малітва. Просьба аб малітве. Хвіліна паглыблення ў малітву. Пантыфікат малітвы? І чаго яшчэ?

    Сустрэча з Маці Божай
    На наступны дзень Папа, як і абяцаў, наведвае базіліку Санта Марыя Маджорэ, каб памаліцца перад абразом Маці Божай, Заступніцы Рыма. На працягу 10 хвілін Папа моліцца ў тым месцы, з якім даўно звязаны. Потым ён пераходзіць да рэліквій ясляў Пана, ступенькамі пад алтар. Там таксама моліцца ў цішыні. Пасля гэтага Пантыфік наведвае Сіксцінскую капэлу базілікі Санта Марыя Маджорэ, дзе св. Імшу адпраўляў св. Ігнацій Лаёла. Гэта важнае месца для айцоў езуітаў. Папа таксама моліцца пры гробе Пія V.
    І ўжо на ўвесь свет разыходзіцца навіна аб тым, што ў базіліку Святы Айцец адправіўся не на лімузіне, якім звычайна карыстаюцца Папы, а на звычайным ватыканскім аўтамабілі, а англійская секцыя Ватыканскага радыё паведамляе, што новы Папа раніцай спачатку адправіўся ў дом, дзе жыў у Рыме падчас канклава, каб спакаваць свае рэчы і заплаціць за пражыванне.
   
Хорхе Марыа Берголіа (у другім радзе другі злева) падчас сваёй святарскай паслугі ў Аргенціне разам з членамі сям’і   Просты Францішак з Аргенціны
    Берголіа з’яўляецца прыкладам цнотаў добрага пастара, назіральнікі заўважаюць яго пакору і глыбокую малітву. У нас такі Папа, які вядзе простае жыццё. Абірае імя Францішак, таму што сам вельмі сціплы, салідарны з беднымі. Калі ў 2001 г. яго прызначылі кардыналам, ён пераконваў аргенцінцаў не прылятаць у Рым, а зэканомленыя такім чынам грошы ахвяраваць бедным. Ён таксама адмовіўся ад біскупскай рэзідэнцыі, сам сабе гатаваў, а галоўным сродкам яго перамяшчэння быў гарадскі аўтобус. У год кардынальскага прызначэння адправіўся ў хоспіс для паміраючых ад СНІДу, каб абмыць хворым ногі.
   
   Верны Божай навуцы
    Як мітрапаліт ён рашуча гаворыць “не” гомасексуальным саюзам, падкрэсліваючы, што гэта “дэструктыўная прэтэнзія, накіраваная супраць Божых планаў”, усынаўленне дзяцей гомасексуалістамі ён называе формай дыскрымінацыі дзяцей, выказваецца супраць абортаў і кантрацэпцыі, абурэнне ў яго выклікае пастава ксяндзоў, якія адмаўляліся хрысціць дзяцей, народжаных па-за шлюбам. Каля мільёна маладых людзей падчас пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый у Аргенціне ўслухоўваліся ў словы справядлівасці свайго кардынала. Ідэя экуменізму яму вельмі блізкая, так, напрыклад, падчас адной з сустрэч каталіцкіх і некаталіцкіх харызматычных рухаў Прымас Аргенціны, не вагаючыся, стаў на калені і дазволіў, каб рукі на яго ўсклалі таксама і лідары некаталіцкіх супольнасцей, выражаў сваю салідарнасць з сынамі Ізраэля, калі ў 1994 г. адбылася бамбардзіроўка будынка, які належаў яўрэйскай дыяспары ў Буэнас-Айрэсе. Пра яго духоўнасць шмат гавораць наступныя, сказаныя ім словы: “Толькі хтосьці, хто адчуў міласэрнасць, каму вядома пяшчота чулай міласэрнасці, шчаслівы і свабодны перад Богам”.
    Папа з маладосці захаваў любоў да футбола, любіць музыку Бетховена. Яго цікавяць кнігі і кіно, захапляецца Боргесам і Дастаеўскім. Стаў героем кнігі-інтэрв’ю “Езуіт”, якая ў 2010 г. увайшла ў лік бэстсэлераў. Паводле яго, Касцёл сёння рызыкуе адчуць сябе самадастатковым, так як у выпадку людзей з паранояй ці аўтызмам, здольных гаварыць толькі пра саміх сабе. Сваім служэннем ён заўсёды імкнуўся прадухіліць гэта.
    Ужо ў першы дзень у Сіксцінскай капэле новаабраны папа Францішак разам з кардыналамі адпраўляе св. Імшу ў інтэнцыі Касцёла, адзначаючы ў гаміліі: “Без Хрыста мы можам стаць нікчэмнай падробкай. Калі мы не рухаемся, мы спыняемся”.
   
   Сустрэча з журналістамі
    Можна смела сказаць, што гэты Папа не баіцца журналістаў, для яго няма складаных пытанняў, нават больш, папа Францішак заваяваў сэрцы журналістаў. Ён аддаў ім усе закуткі свайго сэрца, расказваючы аб тым, як ён перажываў канклаў і якім павінен быць Касцёл сёння. Усе яго слухалі, звыш пяці тысяч сабраных у зале Паўла VI на спецыяльнай аўдыенцыі для СМІ. На сустрэчы многія журналісты ў адзін голас сцвердзілі, што гэта наш Папа! Папа сказаў журналістам, што Касцёл павінен быць убогім, а ў адказ пачуў апладысменты і воклічы: “Дзякуй, Ойча!”. Святы Айцец прыгадаў словы кардынала з Сан-Паулу, які падчас канклава сядзеў побач з ім і ў хвіліны падліку галасоў, чуючы імя кардынала з Аргенціны, папрасіў яго не забываць пра бедных. Папа ўзгадаў журналістам, што Касцёл мае не палітычнае, а духоўнае вымярэнне, што Хрыстос, а не Папа з’яўляецца цэнтрам Касцёла. Святы Айцец пажадаў сабраным журналістам, каб праз сваю працу яны перадавалі праўду і дабрыню.
   
   Першы "Анёл Панскі"
    Вось і змянілася жыццё. Ужо не кардынал, а Папа, якога ў нядзелю на плошчы св. Пятра чакалі 300 тысяч чалавек. Бо ў гэты дзень пасля доўгага перапынку акно зноў адкрыта для навукі, для бласлаўлення. Папа, выходзячы да вернікаў, чуе цёплыя апладысменты і прывітанні людзей з розных краін і кантынентаў. І ён зноў гаворыць усім сабраным проста: “Добры дзень”. Тэма першай сустрэчы Папы вельмі важная для жыцця кожнага з нас: “Бог ніколі не стамляецца прабачаць” – такім з’яўляецца пасланне Святога Айца, які таксама просіць вернікаў ніколі не стамляцца ў сваіх просьбах да Бога, бо гэта менавіта мы стамляемся гэтым і пачынаем жыць у граху. На плошчы ўсе ўслуханыя, мноства сцягаў, транспарантаў, на адным з якіх напісана: “Папа Берголіа – наш гонар”. А Святы Айцец зноў вельмі проста, так, па-людску, гаворыць усім сабраным аб бясконцай міласэрнасці Бога Жывога сярод нас, аб Яго цярплівасці. З балкона да нас прамаўляе не столькі навуковец, колькі Айцец, які любіць сваіх дзяцей, духоўны Айцец кожнага з нас. Многія з нас, напэўна, ужо ў гэты момант зразумелі, што папа Францішак – гэта дар, скарб для Касцёла, ён патрэбны Касцёлу менавіта цяпер. Як сказаў кард. Каспер, Францішак з’яўляецца для нас “прытокам свежага, чыстага паветра да Касцёла, які перажывае пэўную стомленасць”. Пасля малітвы яго чакала яшчэ некалькі важных і, бясспрэчна, нялёгкіх сустрэч перад урачыстай св. Імшой. А колькі яшчэ такіх сустрэч будзе? А Папа зноў просіць кожнага з нас аб малітве. Найбольшы скарб і падарунак, якім мы можам дзяліцца адзін з адным, а таксама са Святым Айцом, з’яўляецца малітва, якая папу Францішку вельмі неабходна.
   
   Урачыстая святая Імша на плошчы
    Вялікі прыхільнік св. Юзафа, Папа Францішак не мог выбраць праз дзейнасць Святога Духа лепшага дня, чым урачыстасць Абранніка і Заступніка Касцёла. Напоўнены Святым Духам, папа Францішак адпраўляе інаўгурацыйную св. Імшу 19 сакавіка на плошчы св. Пятра. Каля 200 тысяч вернікаў з усяго свету, прадстаўнікі 130 краін і дэлегацыі розных Касцёлаў і рэлігій прынялі ўдзел у інаўгурацыйных урачыстасцях. У гэты дзень, бясспрэчна, усе дарогі вялі ў Рым. Перад св. Імшой Папа аб’ехаў усю плошчу, вітаючы вернікаў, сабраных на малітве, цалуючы дзіця і бласлаўляючы хворага, а ўжо праз некалькі хвілін ён моліцца ў базіліцы з дзесяццю патрыярхамі і арцыбіскупамі найбольшых Усходніх каталіцкіх Касцёлаў. Ад гробу св. Пятра ідзе ўрачыстая працэсія на плошчу перад катэдрай, дзе Святы Айцец пры дапамозе кардыналаў надзявае палій і пярсцёнак Рыбака з выявай св. Пятра з ключамі. У гаміліі папа Францішак падкрэслівае, што сапраўднай уладай з’яўляецца служэнне. Папа, каб здзейсніць уладу, павінен “адкрываць свае абдымкі, каб прымаць з любоўю і чуласцю ўсё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых, найменшых”. Прыгадваючы св. Юзафа, Заступніка Паўсюднага Касцёла, Пантыфік гаворыць пра яго паслугу і адданасць Божай волі. Святы Айцец просіць, каб усе тыя, хто выконвае ўладу на зямлі, былі апекунамі людзей. Падчас літургіі прагучалі малітвы на пяці мовах. Свецкія вернікі з розных кантынентаў узносілі да алтара малітвы на рускай, французскай, арабскай, суахілі і кітайскай мовах. Падчас св. Імшы папа Францішак паціснуў руку на знак супакою патрыярху Канстанцінопаля Барталамею I і каталікосу Армянскай апостальскай Царквы Гарэгіну II. Варта адзначыць, што ніколі да гэтага часу ніводзін патрыярх Канстанцінопаля, які з’яўляецца ганаровым кіраўніком сусветнага праваслаўя, і ніводзін каталікос не ўдзельнічалі ў інаўгурацыі паслугі Біскупа Рыма. Пасля супольнай малітвы Святы Айцец асабіста прывітаў усе дэлегацыі краін, рэлігій і Касцёлаў ужо ўнутры базілікі св. Пятра, напэўна, жадаючы ўсім добрага дня, здароўя і Божага бласлаўлення. Вось такі наш Папа.
   
   Эпілог
    Хоць мінулі ўсяго толькі першыя дні папскай паслугі Францішка, але як складана апісаць іх на некалькіх старонках нашай газеты. Мы з’яўляемся сведкамі новай евангелізацыйнай рэчаіснасці Касцёла. Мы супольна перажываем першыя хвіліны нашай вандроўкі з Хрыстом і з Папам у Год веры. Мне здаецца, што католікі ў Беларусі вельмі цёпла і з радасцю прынялі выбар новага Папы. Усе вельмі задаволены, што мы маем менавіта такога Папу, які павядзе нас да Хрыста. І на нашай зямлі ўжо чутны чалавечы голас, які ўсклікае, што гэта наш Папа. А мы паціху становімся пакаленнем Францішка – ціхім, спакойным, поўным малітвы і пакоры, тым, што любіць кожнага чалавека нават у яго бядзе і няшчасці. Хрыстос кіруе да нас сваё пасланне праз вусны нашага папы Францішка, праз яго паслугу і паставу. Касцёл знаходзіцца ў добрых руках.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.