ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

ВЯЛІКІ ТЫДЗЕНЬ – апісанне апошніх дзён Езуса

На шляху да святасці

Сардэчна вітаю Вас, дарагія Чытачы “Слова Жыцця”.
    Вялікі тыдзень, які распачынаецца Пальмовай нядзеляй і заканчваецца трыумфальнай раніцай Пасхі, з’яўляецца выключна важным для кожнага верніка, таму што ён паўстае перад намі як падрабязнае апісанне апошніх дзён, а нават і гадзін жыцця Езуса. Такое апісанне заклікае нас задумацца. Бог мае шмат што сказаць нам праз тыя падзеі, якія мелі месца ў Ерузалеме падчас Вялікага тыдня.
Паколькі мы пера­жываем Год задумы над верай, варта ў гэтыя дні знайсці сведкаў, якія могуць многае нам расказаць.
    Трэба заўважыць сведкаў на палітычна-грамадскіх пасадах. Пілата, які хоча правіць справядліва, але не ў стане абараніць бязвіннага. Ён спрабуе апраўдаць сябе толькі ўмываннем рук. Колькі ж палітыкаў і людзей на грамадскіх пасадах звяртаюцца да гэтага самага жэста – умывання рук? Але гэта не апраўдвае, гэта толькі ілюзія бязвіннасці.
    Падобным чынам робіць і Ірад, які крымінальную сітуацыю змяняе ў відовішча і забаву. Ён уцякае ад адказнасці за лёс Езуса. Такіх ірадаў сёння таксама шмат, людзей, якія ўцякаюць ад адказнасці.
Трэба заўважыць прад­стаўнікоў рэлігійных устаноў, святыні ў Ерузалеме, якія ў імя дрэнна зразуметага Закону пазбываюцца таго, хто іх крытыкаваў. Рэлігійныя ўстановы заўсёды могуць мець сваіх Каяфа і Анну. Гэта трэба ўлічваць. Гэта людзі кампрамісаў са свецкімі ўстановамі. Вывучэнне Евангелля з гэтага пункту погляду дапамагае ўвайсці ў рэалізм многіх сістэм.
    Трэба паглядзець на Іуду, які ўзрастаў сярод вучняў Езуса, каб здрадзіць Яго. Ён ведаў, што Езус бязвінны, але зрабіў гэта. Яму пашкодзіла сквапнасць. Ён глядзеў на жыццё праз прызму грошай. Пасля таго, што зрабіў, ён не бачыў ужо сэнсу жыцця і здзейсніў самагубства. Колькія паўтараюць памылку Іуды? Статыстыка паказвае, што самагубствы часцей здзяйсняюцца сярод багатых. Безупынная і сляпая пагоня за грашыма ў канцы канцоў пазбаўляе жыццё сэнсу. Не атрымаецца жыць у свеце Евангелля, хацець пераймаць Езуса, маючы ў жыцці на першым месцы матэрыяльны дабрабыт і асабістую карысць.
    Трэба яшчэ паглядзець у вочы карнікам, якія прычынялі боль і забаўляліся зраненым Хрыстом. Яны не мелі права каранаваць Яго цернем... але хацелі павесяліцца. Ваенныя – гэта людзі, якія выконваюць загады, але загад ніколі не вызваляе ад адказнасці. Колькі ж рэфлексіі для кожнага хрысціяніна.
    Трэба паглядзець на зла­чынца, які бачыць толькі тленнасць і быў бы ўдзячны, калі б Езус выратаваў яго ад крыжа і дазволіў яму вярнуцца да былога жыцця. Знаходзячыся побач з Божым Сынам, ён не выкарыстоўвае свайго шансу. Колькі людзей сёння ў Беларусі знаходзяцца побач з Божым Сынам, які ёсць у кожным табернакулюме, у кожным касцёле, і не могуць выкарыстаць гэты шанс, бо не пазнаюць Яго?
    Ёсць яшчэ адзін спіс сведкаў Вялікага тыдня, які трэба мець перад вачамі.
    Гэта сотнік, ваенны афіцэр, адказны за выкананне прысуду, які адказвае актам веры ў Хрыста ў час Яго смерці. Сотнік навяртаецца пад крыжам... Цудоўнае навяртанне. Ён умеў думаць і супаставіў Езуса з іншымі вязнямі, смерць якіх бачыў зблізку. Ён пазнаў у Хрысце Божага Сына. Сведка веры.
    Лотр, які перад самай смерцю выкарыстаў сустрэчу з Езусам, ужо вісячы на крыжы, заклікаў Яго: “Езу, узгадай мяне, калі будзеш у раі”. Ён паверыў у Езуса, які ўваходзіў у краіну памерлых, і хацеў увайсці туды з Ім. Вера асуджанага, якая ў апошнюю гадзіну тленнага жыцця перамяняе яго ў святога. Сведка навяртання.
    Ян, які быў побач з Настаўнікам да апошняй хвіліны, каб падтрымаць Марыю, дзякаваў за любоў, якой Езус адорваў яго, і захаваў вернасць Збаўцы да апошняга кроку на зямлі. Пайшоў за Ім. Сведка вернасці.
    Пётр, пра якога мы часцей за ўсё гаворым, рашучы прыхільнік Езуса, які з мячом абараняў Яго ў Гетсеманіі і тросся ад страху на падворку Каяфа, укрываючы сябе ілжывай клятвай. Вучань, якому не хапіла мужнасці. А потым яго рэакцыя, слёзы ў вачах і просьба аб прабачэнні... Сведка граху і навяртання.
    Юзаф з Арыматэі, ерузалемскі арыстакрат, поўны адвагі, які, насуперак поглядам улад, стаў на бок Езуса і пахаваў Яго. Сведка адвагі.
    Нікадзім, таемны вучань Езуса, які далучыўся да Юзафа з Арыматэі, каб годна пахаваць Настаўніка.
    Тры жанчыны, поўныя любові, першыя весніцы ўваскрасення Пана.
    Давайце ўвойдзем у Вялікі тыдзень, каб сустрэцца са сведкамі. Тымі, хто быў на службе ў правіцеля гэтага свету і знішчаў Езуса, і тымі, хто стаў на Яго бок. Гэтыя сведкі, адны і другія, могуць многае нам сказаць. Вялікі тыдзень – гэта не толькі Езус, але і людзі, якія Яго любілі і ненавідзелі. Нам трэба ведаць тых, хто ў цяжкія гадзіны Вялікай пятніцы быў побач з Ім. Вялікі тыдзень для нас – час сустрэчы са сведкамі тых дзён.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.