ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Чароўная кветачка

Дзіцячы куточак

Даўным даўно ў адной вёсцы ў вялікай хаце каля самага лесу жыла са сваімі бацькамі дзяўчынка Стася. Гэта была самая звычайная дзяўчынка, добрая і прыгожая. Але адрознівалася яна ад іншых дзяцей тым, што нічога не хацела рабіць проста так. Калі вучыла ўрокі, то абавязкова толькі за цукеркі, калі дапамагала па хаце, то толькі за якую-небудзь новую цацку. У школе яна таксама сябравала з дзецьмі, каб вытаргаваць штосьці карыснае і патрэбнае для сябе.
    Школа, дзе вучылася Стася, знаходзілася ў іншай вёсцы, і ісці да яе трэба было па вельмі вузенькай лясной сцяжынцы.
Аднойчы Стася, як звычайна, вярталася са школы па добра знаёмай лясной сцяжынцы. Яна вельмі спяшалася дахаты, бо сёння быў яе Дзень нараджэння, а дома яе чакаў вялікі торт і мноства розных падарункаў. Але ў лесе было вельмі шмат жоўтага лісця, якое скінуў восеньскі вецер з дрэў, і шапаткі дыван цалкам закрыў пратаптаную сцяжынку. Стася зусім і не заўважыла, што збілася са шляху, таму, яшчэ не здагадваючыся, што заблукала, радасна бегла дахаты.
    Раптам сярод лісця Стася заўважыла на зямлі маленькую кветачку. Дзяўчынка нахілілася і сарвала яе. Нечакана ўвесь лес напоўніўся чалавечымі галасамі. Стася стала аглядацца вакол сябе, але нікога з людзей не было відаць. “Вось які цуд, – падумала Стася, – а кажуць, што цуды толькі ў казках бываюць”. І тут яна зразумела, што здарылася. Бо яна стала разумець мову ўсіх лясных звяроў і песні ўсіх птушак. “Гэта ж выдатна”, – падумала Стася і, радасна подскокваючы, пабегла далей.
    Але неўзабаве яна пачула вельмі ціхі плач. “Хто гэта можа быць?” – падумала Стася і накіравалася ў той бок, адкуль чуўся плач. Пад кустом горка плакала зайчаня, якое дрыжала ад страху і холаду і жаласна клікала сваю маму, якая згубілася. Стася ўзяла зайчаня на рукі, каб супакоіць і дапамагчы знайсці маму. Але тут яна ўспомніла, што дома яе даўно чакае святочны торт і падарункі. Тады яна палажыла зайчаня пад куст і, закрыўшы вушы рукамі, каб не чуць плачу маленькага, накіравалася далей.
    Праз некаторы час Стася зноў адкрыла вушы і адразу ж пачула, як хтосьці трывожна крычыць і просіць прыйсці на дапамогу. Яна паглядзела ў бок, адкуль раздаваліся крыкі, і ўбачыла медзведзяня, якому тоўстыя галіны дрэва прыціснулі лапу.
    – Дапамажы мне, калі ласка, дзяўчынка, – пачула Стася. – Дрэва прыціснула маю лапу, і я не магу выбрацца адсюль з самай раніцы. Я вельмі хачу да мамы.
    Стася хацела дапамагчы, але неўзабаве зноў успомніла пра свой Дзень нараджэння, павярнулася і пабегла дахаты. Бяжыць, бяжыць, а лес усё не заканчваецца. І тут Стася зразумела, што заблудзілася.
    Села дзяўчынка пад дрэвам і стала плакаць і клікаць на дапамогу. Раптам побач з ёй заварушылася галінка на кусце ялаўца. Павярнулася Стася і ўбачыла побач з сабою вялікага чорнага крумкача, які гучна пачаў размаўляць чалавечым голасам.
    –Я ўсё бачыў зверху, дзяўчынка, – сказаў крумкач. – Бачыў, як ты кінула ў бядзе зайчаня і медзведзяня. Ведаю, што ты заблудзілася. Хацеў бы я дапамагчы табе знайсці дарогу дахаты, але часу няма, трэба спачатку ляцець шукаць зайчыху і мядзведзіцу, каб дапамагчы маленькім, якіх ты кінула ў бядзе.
    Узмахнуў крумкач крыламі і паляцеў, а Стася зноў засталася пад дрэвам адна. Вось ужо і вечар наступіў, пачало цямнець, холадам падзьмула. Доўга Стася клікала ў лесе крумкача, але той усё не прылятаў. І толькі калі ў лесе стала зусім цёмна, чорны крумкач вярнуўся і дапамог ёй знайсці дарогу дахаты.
    “Дзякуй табе, крумкач, што дапамог мне”, – сказала дзяўчынка. А крумкач у адказ: “Кар, кар”. Тут спахапілася дзяўчынка і зразумела, што калі яна плакала ў лесе, то дзесьці пад дрэвамі згубіла чароўную кветачку, якая дапамагала разумець мову жывёл і птушак. Вядома, Стася спазнілася на свой Дзень нараджэння, але з гэтага дня яна на ўсё жыццё запомніла, што трэба спачатку думаць пра іншых, а ўжо толькі потым пра сябе. Бо думаць толькі і выключна пра сябе – сорамна.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.