ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Як я магу ісці далей?

На шляху да святасці

Хрыстос – гэта той, хто чагосьці ад цябе чакае, гэта, найперш, Воля, якая аб’яўляе нам сябе. Верыць і любіць Хрыста – значыць любіць тое, чаго Ён жадае, прымаць Яго волю. Толькі прыняцце волі Хрыста, пацверджанае нашым выбарам пры выпрабаванні веры, прыносіць душэўны свет і сапраўдную радасць, якіх у нас ужо ніхто не адніме.
    Існуе два спосабы пазнання Божай волі для канкрэтнай сітуацыі. Вы павінны быць упэўнены, што тое, аб чым вы просіце або што збіраецеся зрабіць, не забараняецца Бібліяй, а таксама што яно ўславіць Бога і дапаможа вам духоўна ўзрасці. Калі дзве гэтыя ўмовы выконваюцца, а Бог усё ж не дае вам таго, аб чым вы просіце, тады, магчыма, на гэта няма Божай волі ці вам неабходна пачакаць яшчэ. Іншы раз цяжка даведацца пра Божую волю. Людзі хочуць, каб Бог сказаў ім, што рабіць: дзе працаваць, дзе жыць, з кім жаніцца і г. д. Святы апостал Павел у сваім лісце да рымлянаў кажа: “І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Бога, што добрае і прыемнае ды дасканалае” (Рым 12, 2).
Бог рэдка дае людзям прамую і канкрэтную інфармацыю. Ён дазваляе нам рабіць выбар адносна пэўных рэчаў. Адзінае, чаго Бог не жадае, – каб мы прынялі рашэнне ўчыніць грэх ці супраціўляцца Яго волі. Бог хоча, каб мы прымалі рашэнні ў адпаведнасці з Яго воляй. Як жа ты даведваешся, да чаго зводзіцца Божая воля для цябе? Калі ты з вернасцю ідзеш за Богам і сапраўды хочаш выконваць Яго волю ў сваім жыцці, тады Бог укладзе свае жаданні ў тваё сэрца. Сэнс у тым, каб шукаць Божага, а не свайго. “Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё” (Псальм 36, 4). Калі Біблія не забараняе гэтага, і калі гэта сапраўды прынясе табе карысць у духоўным плане, тады табе даецца “дазвол” прыняць рашэнне і ісці ўслед за сваім сэрцам. Дзякуючы Божай любові чалавек атрымлівае сілу, якая дапамагае яму жыць з Богам і яднацца з Яго бясконцай дасканаласцю. Гэтай сілай з’яўляецца асвячальная ласка. Менавіта яна развівае ў чалавеку Божае жыццё.
    Божая ласка нябачная, але Пан Бог у сваёй мудрасці трывала злучыў яе з бачнымі знакамі, каб даць чалавеку матэрыяльныя доказы ласкі. Гэтыя ўстаноўленыя Езусам Хрыстом бачныя знакі, праз якія мы атрымліваем асвячальную ласку, называюцца сакрамантамі. Згодна з воляй Збаўцы, іх сем: хрост, канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне (споведзь), намашчэнне хворых, святарства і сужэнства. Праз хрост мы ўпершыню атрымліваем асвячальную ласку; споведзь вяртае нам ласку, якую мы згубілі з-за граху. Два гэтыя сакраманты даюць нам Божае жыццё, якога мы не мелі да іх прыняцця. Іншыя сакраманты памнажаюць у нас ужо атрыманую асвячальную ласку. Кожны сакрамант мы павінны прымаць годна, адпаведна падрыхтаваўшыся да яго духоўна. Тры сакраманты: хрост, канфірмацыю і святарства мы можам прымаць толькі адзін раз у жыцці, бо кожны з іх пакідае на душы незнішчальны сакраментальны знак.
    З удзяленнем сакрамантаў Касцёл спалучыў пэўныя малітвы і дзеянні, якія называюцца сакраментальнымі абрадамі. Гэтыя абрады ўказваюць нам, якія ласкі мы атрымліваем у святых сакрамантах, і заахвочваюць нас да пабожнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.