ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пусціць у жыццё вецер змен

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Вітаю ўсіх чытачоў рубрыкі “НА СКРЫЖАВАННІ”. Сёння нашай рубрыцы спаўняецца 2 гады. Ёсць нагода спыніцца і падвесці вынікі. Сярод вядомай мне аўдыторыі я правяла невялікае апытанне: пажаданні, парады, каментарыі. Вось, што атрымалася.
    “Цудоўна, калі ёсць над чым задумацца. У рубрыцы, дарэчы, усё лёгка ўспрымаецца і ўразаецца ў памяць. Дзякуй за каштоўныя думкі”, – кажа Ганна Навакоўская.
    “Віншую! – піша Вераніка Альховік. – Мне падабаецца рубрыка «НА СКРЫЖАВАННІ». Па-першае, яна пазнавальная. Коратка даведваешся аб святых, кнігах, якія потым можна пачытаць. Па-другое, яна прымушае задумацца (аб мэце жыцця, учынках). Вельмі добра, што яна існуе, бо матэрыялаў для моладзі так мала!” Вераніка таксама прапаноўвае ідэю яшчэ адной рубрыкі – інтэрактыўнай. “Магчыма, нехта захоча напісаць, як ён прыйшоў да Бога ці з ім здарыўся нейкі цуд... Заўсёды цікава чытаць гісторыі!” А мы, чытачы, павінны ўступіць у дыскусію або проста выказаць меркаванне. Ідэя Веранікі спадабалася. І я прапанавала сустракацца для абмеркавання лістоў у сеціве, дзе моладзь амаль заўсёды онлайн, на сувязі. Такім чынам, зараз у Інтэрнэце з’явілася наша суполка http://vk.com/na_skruzhavanni. Там перыядычна будуць з’яўляцца лісты чытачоў, нейкія тэзісы. Запрашаем да абмеркавання! У суполцы ўжо змешчаны першы ліст Веранікі – “7 прычын таго, чаму я жыву з Богам”.
    Марыя Скерсь падтрымлівае ідэю з суполкай і прапаноўвае некаторыя са сваіх вершаў. Прыемна пачуць, што рубрыка – “арыенцір для маладых чытачоў”.
    Вось такія змены ў нас. Будзем працаваць. Спадзяёмся, Вам спадабаецца.
    Што ж, з Богам наперад!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “І хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 27).
(Мц 25, 16).
    Жыццё – крыж, крыж – жыццё. Варта разумець гэты выраз глыбока. Чалавек, які кажа, што не мае сэнсу жыцця, памыляецца. У яго ёсць крыж, на якім канцэнтруюцца ўсе яго цяжкасці і палёгкі, радасці і непрыемнасці. Калі ж яго няма, пагадзіцеся, няма і сэнсу хрысціянскага жыцця.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: знайсці час для роздуму

    Кожны раз рубрыка прапаноўвае прадмет разважанняў месяца. Але яе аўтар ніколі не задумваўся, ці мае чытач на гэта час? Адказ на пытанне знайшоўся адразу: калі рэч вартая таго, час знойдзецца. Але мне хочацца трошачкі дапамагчы чытачу зарыентавацца ў гэтым пытанні.
    Штодзённа мы робім нейкія дзеянні механічна. Чысцім зубы, гатуем ежу, прыбіраем у хаце. Гэтыя дзеянні могуць суправаджацца разумовым працэсам, чалавек думае. Думкі ўзнікаюць самавольна, але імі можна і кіраваць. Калі з розумам падысці да справы... Мне здаецца, што мы адзін аднаго зразумелі. Не марнуйце дарма свайго жыцця. Поспехаў!
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб сем’і мігрантаў, асабліва маці, атрымалі падтрымку і клопат у цяжкія часы

    Успамінаем у малітве аб мігрантах, якія, быць можа, штодзённа сутыкаюцца з нейкімі цяжкасцямі. Няхай яны не збіваюцца са шляху, цяжкасці іх не пужаюць. Наша ж дапамога, калі гэта магчыма, можа аказаць ім добрую палёгку. Такія людзі вельмі асцярожныя, але ўдзячныя.
   
   ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: звычкі
    Яны прыходзяць у нашае жыццё незаўважна, а застаюцца назаўсёды. Ёсць добрыя звычкі, а ёсць – не вельмі. Яны чапляюцца за нас, нашыя прынцыпы, стыль жыцця і ўплываюць на яго. Калісьці мы ўдзячныя ім, а калісьці, бывае, злуем самі на сябе.
    Разважаем у гэтым месяцы, што ў нашым жыцці лічыцца звычайным. Маліцца раніцай і ўвечары – гэта добрая звычка, а адказваць дрэнным на дрэннае – нядобрая.
    Толькі моцны духам чалавек здольны развітацца са звычкамі, якія яму замінаюць. Галоўнае – умець адрозніваць чорнае ад белага, патрэбнае ад непатрэбнага. А далей стараемся сканцэнтраваць сілы на ліквідацыю “непатрэбшчыны”, якая кіруе намі, нашымі дзеяннямі і думкамі.
   
   СПРАВА МЕСЯЦА: пусціць у жыццё вецер змен
    Часта мы баімся новага. А яно, мабыць, нам патрэбна дзеля змен у лепшы бок. Каб было прасцей, лягчэй. Спачатку цяжка прывыкнуць. Потым будзем сабе ўдзячныя.
    Мы, людзі, па сваёй натуры любім камфорт, створаную намі рэальнасць: п’ю толькі гэтую каву і адчуваю сябе спакойна ў сваіх хатніх тапках. А варта, напрыклад, паспрабаваць зялёную гарбату (якая яшчэ, дарэчы, і карысная) або надзець звязаныя бабуляй шкарпэткі, якія ляжаць у шафе (яна ж так старалася!). Для кагосьці адкрыццём могуць быць разважанні над словам з Бібліі або стварэнне дзённіка з гісторыямі добрых учынкаў.
    Моладзь больш хутка прыстасоўваецца да новых абставін, таму раю пакаштаваць на смак нешта новае. Але толькі тое, што не здольна прынесці шкоду асобе або быць небяспечным для жыцця.
     
 АСОБА МЕСЯЦА: Святая Джузэпіна Бахіта

    Нарадзілася Джузэпіна ў 1868 годзе ў раёне Дарфура (Судан). У дзяцінстве была выкрадзена арабскімі качэўнікамі і прададзена імі ў рабства. Гаспадары далі Джузэпіне імя Бахіта, што азначала “шчаслівая”.
    Так сталася, што пасля яна апынулася ў італьянскага консула, які затым аддаў яе на апякунства італьянскай сям’і, а тая – Турыне Мікеле. Джузэпіна жыла ў яе тры гады. У 1889 годзе яна пазнаёмілася з манахінямі і прыняла хрысціянства. Праз год была ахрышчана. Атрымала імя Джузэпіна Маргарыта.
    У 1896 годзе стала манахіняй. Займалася дабрачыннасцю, выхоўвала дзяцей. Пасля 1910 года вандравала па Італіі і расказвала аб сваім нялёгкім шляху да прыняцця хрысціянства і манаскага паклікання. Памерла ў 1947 годзе. Была беатыфікавана Янам Паўлам II 17 мая 1992 года, кананізавана 1 кастрычніка 2000 года. Каталіцкі Касцёл успамінае святую 8 лютага.
    Да якіх святых маліцца ў лютым?
    Святая Джузэпіна (8 лютага).

   
КНІГА МЕСЯЦА: “Крыжовы шлях. Разважанні для молодзі”, цэнзар – кс. д-р Ян Саламон

    13 лютага распачынаецца час Вялікага посту, калі варта звярнуць увагу на сваё духоўнае жыццё, паразважаць, зрабіць працу над памылкамі. У гэтым можа дапамагчы кніга, дзе змешчаны разважанні на Крыжовы шлях для моладзі. З уступу: “Гартаючы старонкі гэтай кнігі, разам з Езусам Ты пройдзеш ад прэторыі, дзе Пілат пад націскам падбухторанага натоўпу вынес свой несправядлівы прысуд, да Галгофы, дзе пралілася збаўчая кроў Сына Божага. Пры гэтым Ты сам будзеш разважаць пра падзеі, што адбываліся на гэтым шляху, пра людзей, на ім сустрэтых, пра пачутыя словы... Ты будзеш вучыцца любіць і прабачаць, каб стаць сапраўдным паслядоўнікам Езуса і разам з Ім заўсёды годна несці свой крыж”.

 

Няхай змены ў Вашым жыцці будуць толькі да лепшага.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.