ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Экуменічнае набажэнства ў катэдры

З жыцця Касцёла

Злева на права: кс. Антоні Грэмза, а. Аляксандр Хомбак, а. Уладзімір Татарнікаў

Экуменічнае набажэнства з прадстаўнікамі розных канфесій адбылося 27 студзеня ў гродзенскай катэдры. На ім прысутнічалі прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкага Касцёла, праваслаўнай і лютэранскай Цэркваў.
Набажэнства ўзна­чаліў ксёндз біскуп Алясандр Кашкевіч. Яго Эксцэленцыя звярнуўся да ўсіх з прывітальным словам, у якім заахвочваў вернікаў да супольнай малітвы. Кс. біскуп на пачатку набажэнства заспяваў калекту – малітву, у якой вернікі выказвалі ўсе свае пажаданні, самае галоўнае з якіх – жаданне адзінства ўсіх хрысціян. Пасля распачалася літургія слова, падчас якой чыталася чытанне з Кнігі прарока Міхея. Словы з гэтага чытання закранулі ў сваіх разважаннях ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч і а. Андрэй Крот. Пасля чытання ўрыўка з Евангелля паводле Лукі свае пастарскія словы скіравалі да вернікаў прадстаўнікі розных Цэркваў. Так, прадстаўнік Беларускай праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Хомбак звярнуўся да прысутных вернікаў з наступнымі словамі:
    – Дарагія браты і сёстры, хацелася б памаліцца за тое, каб Госпад даў нам радасць і сілы знаходзіць тых, хто мае патрэбу ў нашых хрысціянскіх дарах, каб з радасцю і адзінствам мы прабывалі ў любові Госпада нашага Езуса Хрыста.
Пастар лютэранскай су­поль­насці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў падзякаваў ката­ліцкаму Касцёлу ў асобе ксяндза біскупа Аляксандра Каш­кевіча за магчымасць сабрацца разам прад­стаўнікам трады­цыйных хрысціянскіх канфесій, каб памаліцца ў адзінстве:
    – Молімся сёння разам як адна вялікая сям’я. Бо мы сапраўды з’яўляемся братамі і сёстрамі ў Хрысце праз святы сакрамант хросту. Як і ў кожнай сям’і не бывае ўсё гладка, так і сёння сярод нас, хрысціянскіх канфесій, існуюць дагматычныя разыходжанні. Аднак мы, хрысціянскія Цэрквы, сёння спрабуем шукаць шляхі іх вырашэння.
    Пастар Уладзімір заклікаў разам супрацьстаяць граху ў розных яго праявах у гэтым свеце, разам дапамагаць людзям у патрэбе, “няхай Бог дапаможа ўсім хрысціянам шукаць і знайсці тое, што нас яднае, а не раз’ядноўвае”.
    Душпастар парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот звярнуў увагу на словы з Кнігі прарока Міхея:
    – Мяне ўразілі словы, якія з’яўляюцца тэмай нашай сённяшняй малітвы – словы з Кнігі прарока Міхея: “Чаго ад нас патрабуе Пан?” Я сапраўды задумаўся, чаго чакае Пан ад нас. Каб мы аб’ядналіся – можа, не сёння ці заўтра, але каб хаця наблізіліся на адзін крок да таго дня, калі ўсе хрысціяне будуць адной Царквой, калі не будзе згаршэння, якое выклікаюць сярод няверуючых нашыя падзелы. Пан сёння ад нас патрабуе і адвагі. Мы павінны адважна пачаць дзейнічаць у гэтым кірунку, на шляху дасягнення еднасці паміж хрысціянамі. І мы не павінны баяцца цяжкіх пытанняў, якія нас падзяляюць.
    Напрыканцы з пастарскім словам да прысутных звярнуўся ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч:
    – Час сумеснай малітвы аб еднасці хрысціян – гэта час, калі мы можам задумацца над тым, як сёння прыкладаць сумесныя намаганні, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння, было сілай супраць сучаснага граху і духоўнага раўнадушша, якія нішчаць сучасны свет. Вельмі радуюся вашай прысутнасці і заклікаю да пошуку канкрэтнай еднасці між намі праз разважанне Божага слова, якое з’яўляецца пасланнем Бога да нас. Сёлета дэвізам малітваў з’яўляюцца словы Святога Пісання з Кнігі прарока Міхея “Чаго патрабуеш ад нас, Пане?” Словы са Старога Запавету выбраны не выпадкова, а з мэтай, каб мы сумесна шукалі адказаў на пытанні: які шлях суіснавання з’яўляецца найлепшым для ўсіх хрысціян? Што сёння павінна нас падмацоўваць? Як супрацьстаяць сучасным выклікам граху і варожасці да хрысціянскіх каштоўнасцей?
    Таксама кс. бп Аляксандр прыгадаў асобу прарока Міхея і яго евангельскую гісторыю.
    Пасля малітвы праслаў­лення ўсе прысутныя звяр­таліся да Бога Айца ў супольнай малітве “Ойча наш”. Пасля знаку супакою адбыўся абрад святла: ксёндз біскуп запаліў ад Пасхала свечкі і перадаў іх святло прадстаўніку кожнай Царквы.
    На заканчэнне набажэнства Яго Эксцэленцыя ўдзяліў усім пастарскае бласлаўленне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.