ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Што гродзенская моладзь пажадала Яго Эксцэленцыі?

З жыцця Касцёла

Традыцыйнае дзяленне аплаткай у перыяд Божага Нараджэння ладзілася сёлета акадэмічным душпастарствам “OPEN” у пабрыгідскім касцёле. Аплаткавае спатканне распачалося ўрачыстай святой Імшой на чале з ксяндзом біскупам Аляксандрам Кашкевічам і інсцэніроўкай тэатра ценяў. Падчас гаміліі Яго Эксцэленцыя заахвочваў не баяцца верыць у Хрыста, знаходзіць сваё шчасце ў адзінстве з Богам і прыналежнасці да Яго і дзяліцца верай з іншымі.
“Нясіце добрую навіну!..” – заклікаў пастар. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што без любові да бліжняга не можа быць любові да Бога.
    Моладзь прачытала малітву верных на трох мовах – беларускай, польскай і англійскай – і прынесла да алтара дары: свечку – сімвал гарачых сэрцаў, гірлянду – знак радасці і святла, газету – сімвал супрацоўніцтва з Богам у стварэнні свету, пустую тацыю як знак пустой душы, якая прагне напоўніцца надзеяй і супакоем, кветкі – сімвал прыгажосці, хлеб, ваду і віно – плод зямлі і працы рук чалавечых.
Упершыню гісторыю Нараджэння Збаўцы “оўпэнаўская” моладзь расказвала праз тэатр ценяў.
    “Чаму мы святкуем Божае Нараджэнне кожны год? А, можа, трэба святкаваць яго штодзень?” – так пачалося прадстаўленне-разважанне аб прыходзе Хрыста на свет. Аповед пра Любоў, якая нарадзілася на зямлі, скончыўся запрашэннем: “Не чакай цудаў! Стварай цуды кожны дзень у сваім сэрцы!”
    Дзяленне аплаткай суправаджалася пажаданнямі, падзякамі і перапрашэннямі адно аднаго за мінулы год. Яго Эксцэленцыі ў Год веры моладзь пажадала моцна верыць у Бога, здароўя – фізічнага і духоўнага, радасці, надалей абвяшчаць Евангелле і весці іншых да Неба. У сваю чаргу ксёндз біскуп пажадаў моладзі цешыцца дарам, якім з’яўляецца хрысціянства, і гэтай радасцю дзяліцца з іншымі.
    Кс. Валерый Быкоўскі, адзін з ініцыятараў душпастарства “OPEN”, лічыць, што пажаданні адкрываюць тое, чаго наша душа чакае ад іншага чалавека. “Напэўна, для мяне былі важнымі пажаданні, звязанныя з маім святарскім жыццём”, – прызнаўся кс. Валерый. “Гэта спаўненне святарскай місіі: суправаджаць чалавека па дарозе сакраментальнага жыцця – жыцця Божым словам і Эўхарыстыяй, аб’ядноўваць чалавека з Богам, дапамагаць людзям знайсці паразуменне ў суадносінах”. Жаданні здзяйсняюцца, лічыць кс. Валерый, калі мы супрацоўнічаем з Божай ласкай, а не пасіўна чакаем іх спаўнення.
    Пацвярджэннем таго, што душпастарства выконвае сваю місію, кс. Валерый лічыць стварэнне больш за дзесяць каталіцкіх сем’яў, якія ведаюць, што ім патрэбна ў жыцці, рэалізоўваюць свае пакліканні сужэнцаў і бацькоў, з’яўленне новых маладых людзей на чацвярговых сустрэчах. Па меркаванні душпастара, “OPEN” фарміруе светапогляд, згодны з навукай Касцёла.
   
Яго Эксцэленцыі ў Год веры моладзь пажадала моцна верыць у Бога, здароўя – фізічнага і духоўнага, радасці, надалей абвяшчаць Евангелле і весці іншых да Неба.
Па меркаванні кс. Антонія Грэмзы, душпастара “OPEN”, пажаданні моладзі былі вельмі адкрытыя і канкрэтныя, што сведчыць аб блізкасці людзей адно да аднаго. “Яны жадалі, напрыклад, каб ксёндз мог больш адпачываць, – усміхаецца святар, – а я ў той жа час жадаю, каб моладзь не адпачывала, каб дзейнічала”.
    Святар распавёў, што мінулы год быў вельмі насычаны, хаця душпастарства патрабуе ад маладых людзей шмат часу, якога не хапае. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў і акцый душпастар галоўным пунктам вылучае малітву. “Малітва дапамагае нам быць моцнымі, – кажа ён, – без малітвы гэта будзе акцыя для акцыі, калі няма Хрыста, няма Пана Бога”. Святар цешыцца тым, што павялічылася адарацыйнае кола, але ён адначасова выказаў сваю занепакоенасць, бо моладзь прымае ўдзел у спатканнях больш ахвотна, чым у святой Імшы. У планах кс. Антонія стварыць евангелізацыйнае кола, хоць ён і перажывае, што актыўнай моладзі, якая б жадала рабіць штосьці добрае для іншых, пакуль вельмі мала. Да “касцяка” далучаецца і новая моладзь. Заданнем суполкі кс. Антоні бачыць дапамогу моладзі знайсці свой шлях, накіраваць іх добрыя памкненні на дзейнасць, стварыць моцную сям’ю.
    Сустрэча завяршылася салод­кім пачастункам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.