ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Адкрыць вартасць Божага Нараджэння

На шляху да святасці

“Божае Нараджэнне – гэта не казка для дзяцей, а адказ Бога на драму чалавецтва, якое шукае сапраўднага спакою” – прыгадаў Бенедыкт XVI (“Анёл Панскі”, 29.12.2009).
Дарагія Чытачы “Слова Жыцця”. У чарговым Адвэнце мы павінны нанова адкрыць вартасць Божага Нараджэння. Мы бачым, што адбываецца ў медыях: паказваюць прыгожыя каляровыя шарыкі, кучы падарункаў, ёлкі, якія згінаюцца пад цяжарам цацак, шаленства перадсвяточных пакупак, рэкламы розных прапаноў і г.д. Усё гэта называюць Божым Нараджэннем. Бачачы такое, я кожны год пытаю сябе: дзе тут месца для Езуса Хрыста, бо гэта ж Яго Нараджэнне? Чаму ўсе гавораць пра Божае Нараджэнне (прынамсі, у сродках масавай інфармацыі), а пра самаго Імянінніка маўчаць?
Мае дарагія, гэта не Божае Нараджэнне. Мы – людзі веруючыя. Давайце не будзем пераймаць язычнікаў. Для іх добрая хоць якая нагода, абы толькі святкаваць. Для іх важныя толькі грошы, задавальненне, напоўнены жалудак! Язычнік – гэта чалавек, які рэчы гэтага свету акружае боскім культам. Пан Бог не мае значэння.
    А наша, вернікаў, задача – нагадваць, што ў Адвэнце і святах Божага Нараджэння прыходзіць Езус, які пытаецца: “Ці пусціш мяне?”, і Ён павінен займаць цэнтральнае месца. Каб не сталася як у часы панавання Ірада. Усе ведалі, што прыйдзе Месія, усе рыхтаваліся, а калі Месія – Езус – прыйшоў, для Яго не было месца. Ён нарадзіўся ў беднай і халоднай бэтлеемскай стайні.
    Давайце падчас Адвэнту зададзім сабе пытанне: КАЛІ Б МАРЫЯ І ЮЗАФ ШУКАЛІ ПРЫТУЛКУ ДЛЯ ЕЗУСА, ЦІ ВЫБРАЛІ Б ЯНЫ МОЙ ДОМ? А можа, мы будзем падобныя да евангелічных паннаў, пяць з якіх былі мудрыя, а пяць неразумныя. Калі прыйшоў жаніх, аказалася, што ў жыцці яны займаліся ўсім, акрамя таго, чым трэба было б заняцца. Дзверы перад імі зачынілі, і яны не ўвайшлі на вяселле. І ім было вельмі прыкра...
    Прывяду цяпер прыклад, узяты з жыцця. Гэта адбылося некалькі гадоў таму. Візітацыя біскупа ў адной парафіі. Ксёндз пробашч за некалькі месяцаў абвяшчае, што парафія павінна добра падрыхтавацца, што кс. біскуп наведае парафію. Магчыма, наведае таксама пэўныя сем’і. Сустрэнецца з парафіяльнай радай. Паглядзіць на могілкі. Людзі на чале з пробашчам робяць рамонт у касцёле, на плябаніі. Прыводзяць у парадак дакументы канцылярыі. Прыбіраюць вакол касцёла. Надышоў вызначаны дзень і гадзіна. Упрыгожаная дарога, міністранты, першакамунійныя дзеці і г.д. Напружанне! Усе на мяжы парафіі чакаюць прыезду паважанага госця. Біскупа няма. Людзі чакаюць 20 хвілін. Біскупа няма. Мінае 30 хвілін, а яго ўсё яшчэ няма. Раптам прыязджае хлопец на веласіпедзе і крычыць: “Ксёндз біскуп ёсць! Моліцца ў касцёле на каленях”. Замяшанне! Як так сталася? Непаразуменне? Касцёл знаходзіцца на скрыжаванні чатырох дарог. Біскуп лічыў, што прывітанне адбудзецца ў касцёле, чакаў там. А парафіяне разам з ксяндзом пробашчам запланавалі прывітанне на мяжы парафіі і чакалі там...
    Адвэнт – гэта чаканне. Гэта падрыхтоўка да сустрэчы з Езусам. А СУСТРЭЧА З ЕЗУСАМ – ГЭТА ШТОСЬЦІ БОЛЬШАЕ, ЧЫМ візітацыя біскупа. Гэта штосьці большае, чым ксёндз з душпастарскім візітам.
    Прыказка кажа: якая падрыхтоўка на Адвэнт, такія і святы Божага Нараджэння. Толькі ад нас залежыць, прынясе гэты час плён ці будзе змарнаваны. Каб добра перажыць Адвэнт, трэба перш за ўсё хацець яго добра перажыць. МЫ ПАВІННЫ САБЕ ЎСВЯДОМІЦЬ, ШТО ЗА ЎСЁ, ШТО МЫ Ў СВАІМ ЖЫЦЦІ РОБІМ З-ЗА ХРЫСТА, НАС ЧАКАЕ ЎЗНАГАРОДА Ў НЕБЕ. Таму давайце знойдзем час у нашым перапоўненым жыццёвым графіку на адвэнтавыя рэкалекцыі ў парафіі, на ўдзел у раратах, на прысвячэнне сваім блізкім больш часу і г.д. Давайце зробім гэта для Езуса.
    Магчыма, нам вядома сведчанне калумбійкі Глорыі Поло, апісанае ў кнізе “Бог даў мне другі шанс”. Глорыя Поло – стаматолаг з Калумбіі. Падзеі адбыліся ў пятніцу 5 мая 1995 года. Па дарозе ў бібліятэку ў яе трапіла маланка і, паводле яе слоў, абвугліліся як скура, так і ўнутраныя органы. Яна ўпала ў кому. На працягу многіх тыдняў змагалася са смерцю. Перажыла пераход у іншую рэчаіснасць. Хрыстос адкрыў яе кнігу жыцця. І што? (Я расказваю коратка, сведчанне налічвае каля 100 старонак). Аказалася, што ўсё яе жыццё – гэта вялікі тэатр. Уяўная любоў, крывадушнасць, хлусня, пыха... Езус Хрыстус на судзе задаў ёй пытанне: “ЯКІЯ ДУХОЎНЫЯ СКАРБЫ ТЫ МНЕ ПРЫНОСІШ?” “Я стаяла перад ім з пустымі рукамі. Што з таго, што ў мяне былі дзве кватэры, што я лічылася высакакласным стаматолагам... Што я зрабіла з талентамі, якія атрымала?” – пытаецца Глорыя.
    Спытайма за Глорыяй саміх сябе: колькі дабра я мог бы зрабіць? Дзякуючы вялікім грошам, якія я выкідвала на касметыку, дыеты для пахудзення? Колькі ежы я выкідваў на сметнік?
    Дарагія Чытачы! Св. Ян Боско кажа: “Давайце сушыць сена, калі сонца свеціць”. Разумееце, што гэта значыць? Час цяперашняга Адвэнту ўжо ніколі не паўторыцца. З’яўляецца столькі перашкод, столькі спакус... Можа, Вы задумаліся, удзельнічаць у адвэнтавых рэкалекцыях у парафіі ці не, бо час Адвэнту і так нічога не зменіць у Вашым жыцці. Але Адвэнт – гэта час ласкі. Трэба выкарыстаць яго плённа.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.