ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Якія існуюць сімвалы Адвэнту?

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Адвэнтавыя рэкалекцыі
Перыяд Адвэнту мае свае сімвалы, з якімі мы сустракаемся кожны дзень. Толькі, на жаль, мы не заўсёды ведаем, што той ці іншы сімвал азначае і з якой мэтай ён ужываецца. Нават чалавек, які вельмі шмат ведае на тэму сваёй веры, не заўсёды можа добра растлумачыць, напрыклад, сімвалы розных літургічных перыядаў. У час падрыхтоўкі да свят Божага Нараджэння мы сустракаемся з такімі сімваламі, як раратняя свечка, адвэнтавы вянок, фігура Маці Божай, перадаваемая розным людзям, адвэнтавы ліхтарык і адвэнтавы каляндар. Таму давайце пастараемся растлумачыць і зразумець, чым з’яўляюцца і што азначаюць сімвалы, з якімі мы сустракаемся ў Адвэнце.
1. Раратняя свечка – раратка
    Свечка з’яўляецца сімвалам хрысціяніна. Воск сімвалізуе цела, кнот – душу, а агонь – святло Святога Духа, якое гарыць у душы чалавека. Раратняя свечка – дадатковая свечка, якую запальваюць падчас раратаў. У касцёле яе змяшчаюць на алтары і запальваюць на раратняй св. Імшы. Гэта звычайна высокая белая свечка, перавязаная белай стужкай і аздобленая зелянінай. Яе запальваюць падчас урачыстага гімна “Хвала на вышынях Богу”. Таксама ў некаторых дамах раратку ставяць на хатнім алтарыку, вельмі часта каля фігуркі ці абраза Маці Божай. Яе запальваюць мадчас сямейнай малітвы. Раратняя свечка сімвалізуе Марыю, якая ў змрочны адвэнтавы час нясе свету Хрыста – сапраўднае Святло.

    2. Адвэнтавы вянок
    У нашай краіне ўкараніўся звычай змяшчаць у касцёле адвэнтавы вянок. Звычайна яго робяць з галінак сасны ці елкі. На ім ставяць чатыры свечкі, якія сімвалізуюць чатыры нядзелі Адвэнту. Свечкі запальваюць падчас кожнай св. Імшы. Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён сімвалізуе адзінства сям’і, якая духоўна рыхтуецца да годнага прыняцця свят Божага Нараджэння. Круглая форма вянка азначае таксама, што Бог вечны, што Ён не мае ні пачатку, ні канца. Тое, што ён зроблены з галінак хваёвых дрэў, вечназялёных, азначае вечнае жыццё, якое Хрыстос дае ўсім, хто ў Яго верыць. А запальванне свечак – гэта таксама сімвал святла, якім з’яўляецца сам Езус Хрыстус: “Я святло свету...” (Ян 8, 12).
   
    3. Пераходная фігурка Маці Божай
    Гэты звычай дастаткова часта практыкуецца ў парафіях нашай краіны. Ён паходзіць з Германіі і заключаецца ў тым, што дзіця, сардэчка якога з напісанымі на ім добрымі ўчынкамі, зробленымі напярэдадні, выбраў ксёндз, што адпраўляе рараты, бярэ з касцёла дадому пасля раратняй св. Імшы фігурку Маці Божай. Часцей за ўсё фігурку прымаюць на адзін дзень. У гэты дзень уся сям’я стараецца цэлебраваць г.зв. “сямейную літургію”, спяваючы адвэнтавыя і марыйныя песні, чытаючы і разважаючы Святое Пісанне, а таксама адгаворваючы Ружанец і іншыя малітвы. Сям’я быццам запрашае Марыю ў свой дом.
   
    4. Адвэнтавы ліхтарык
    Адвэнтавы ліхтарык можна зрабіць з картону ў форме замкнутага чатырохкутніка, аздобіць яго можна хрысціянскімі сімваламі. Унутр змяшчаецца свечка ці невялікая лямпачка на батарэйцы. Калісьці, ідучы на рараты, дзеці бралі запаленыя ліхтарыкі з сабой у касцёл, асвятляючы так сабе дарогу. Сёння ліхтарыкі запалены ў першай частцы раратняй святой Імшы. Тады ў касцёле гасне святло і пануе сімвалічная цемната. Ліхтарык з’яўляецца сімвалам прыпавесці Хрыста пра мудрых паннаў, якія з палаючымі лямпамі чакалі прыходу Жаніха.
   
    5. Адвэнтавы каляндар
    Некаторыя сем’і вядуць г.зв. адвэнтавы каляндар. Ён звычайна мае форму лесвіцы, у якой столькі ступенек, колькі дзён у Адвэнце. Па гэтай лесвіцы Дзіцятка Езус сыходзіць у яслі. Гэты звычай ведаюць і захоўваюць у многіх краінах ва ўсім свеце, і не толькі ў каталіцкіх сем’ях. Адвэнтавы каляндар указвае на надыходзячыя святы.
    Безумоўна, адвэнтавая сімволіка нашмат багацейшая і шырэйшая (трэба браць пад увагу таксама сімвалы ў іншых краінах), але апісаныя вышэй сімвалы моцна ўкараніліся ў нашай краіне і пацвярджаюцца народнай традыцыяй. Няхай час чакання прыходу Дзіцятка Езус дапаможа нам радасна прыняць і зразумець гэты дар ад Бога, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.