ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Шукаем сябе сапраўднага

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Хвала Хрысту! Вітаю ўсіх чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні” з пачаткам зімы.
    Настаў час цёплых шкарпэтак, гарбаты і ледзяшоў пад дахамі дамоў. Час, калі чалавек, як правіла, задумваецца над сваім жыццём, аналізуе. Наперадзе новы год, яшчэ не пачаты, як белы аркуш паперы, а значыць, можна паспрабаваць пачаць усё спачатку. Безумоўна, было б толькі жаданне. Калі яго няма, паспрабуем натхніцца. У рубрыцы паразважаем над тым, чаго нам не стае, што мы шукаем і ці на самай справе гэта тое, што трэба. Вызначым, дзеля чаго патрэбна “ведаць сваё месца” і калі тэатр шкодны. Паслухаем добрую песню, якая здольна зварухнуць нешта ўнутры, а напрыканцы пазнаёмімся з літаратурай, прапанаванай для практычнага выкарыстання ў справе ачышчэння душы. Тое, што трэба! Спачатку ачысцімся духоўна.
    Што ж, з Богам наперад!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Адпускаюцца табе грахі твае”
(Лк 7, 48).
    Як часам не хапае патрэбнага слова! Слова падзя­кі, прабачэння, падтрымкі... І раптам у Бібліі такі шчыры зварот. Бог усяміласцівы, Яго літасць бязмежная. Пакайся – і ўжо ўсміхаюцца нябёсы, а сэрца поўніцца сілай і вялікай радасцю.

   Мэта месяца: знайсці сябе

    Даволі цікава, але і даволі цяжка заставацца самім сабой заўсёды пры любых абставінах.
    Гэта бачна, калі для некага жыццё – тэатр. Для бацькоў я магу быць адзін, для сяброў – другі, для калег па працы – трэці, а для незнаёмых – зусім іншы. Часам ролі блытаюцца, і тады сябры ў здзіўленні, бацькі не пазнаюць. Узнікае пытанне: а навошта ўвогуле гэтыя маскі? Я такі, які ёсць. Прымаць ці не прымаць мяне – ваша справа. Але я сумленны, перш за ўсё, перад самім сабой, ды і перад грамадствам таксама. Жыццё адно. Не штучнае, не ўяўнае – рэальнае. Мусіць, трэба адпавядаць.
        
   Інтэнцыя месяца: каб мігранты ва ўсім свеце былі прыняты, асабліва хрысціянскімі супольнасцямі, са шчодрасцю і сапраўднай любоўю

    Мігранты – гэта тая група людзей, якая часцей за ўсё змушана перамяшчацца, з’язджаць са сваіх месцаў, шукаць новага прытулку. І, вядома, на такім шляху сустракаюцца розныя цяжкасці. Няхай іх будзе менш, калі з нашага боку ім будзе аказана дапамога, падтрымка і, галоўнае, разуменне.
     
   Асоба месяца: святы Стэфан

    Святы Стэфан – першы хрысціянскі мучанік, архідыякан. Адзін з сямі апосталаў, якіх святы Пётр аб­раў, каб дапамагаць бедным і прапаведаваць хрысціянства. Стэфан старанна выконваў свае абавязкі. Перамагаў у дыспутах юдэйскіх закона­вучыцеляў. Юдэі з-за гэтага раззлаваліся і абгаварылі Стэфана, нібы ён знеслаўляе Бога. Прыйшлося адказваць перад першасвятаром. Падчас таго, як Стэфан “апраўдваўся”, ён убачыў раскрытае неба і Хрыста. Сказаў аб гэтым перад усімі прысутнымі. Юдэі закрылі вушы, яшчэ больш раззлаваліся і павалаклі яго за горад, закідваючы па дарозе камянямі. А Стэфан маліўся за іх. У гэты час за яго маліліся Маці Божая і святы апостал Ян. Перад смерцю Стэфан прасіў прабачыць яго забойцаў. Калі памёр, яго цела пакінулі на тым жа месцы на з’ядзенне жывёлам. Але адзін вядомы габрэйскі настаўнік Гамалііл разам з сынам за-бралі і пахавалі яго па традыцыі. Пасля дваіх паверылі ў Хрыста і ахрысціліся.
    Да якіх святых маліцца ў лістападзе?
    Святы Стэфан Святы Стэфан (26 снежня).
   
   Прадмет разважанняў месяца: пошук
    Шукаюць мігранты, беспрацоўныя, адчайныя, бездапаможныя. Шукае сваё кацяня бабуля, шукае рашэнне задачы школьнік. Хтосьці ў пошуку добрай парады, хтосьці – сродкаў для існавання. Шукаюць тыя, хто згубіў альбо яшчэ не знайшоў.
    Навошта? Дзеля паляпшэння, удасканалення, дзеля запаўнення пустэчы. Чалавек павінен нечага хацець, рухацца, рабіць, тады яго жыццё поўніцца сэнсам. Калі пошук як мэта дасягнуты, адчуваецца ўнутраны ўздым, натхнёнасць. І добра, калі такое адчуванне можна выкарыстаць і накіраваць у патрэбнае рэчышча.
    А чаго шукаю я? Ці апраўданы мой пошук? Што я з гэтага атрымаю? Адказваем на пытанні – робім высновы.

   Справа месяца: прамаўчаць, дзе патрэбна
    Верыце, што наша маўчанне здольна прынесці часам большую карысць, чым дзясяткі ўчынкаў? У некаторых выпадках толькі так. Нездарма кажуць: маўчанне – золата. Асабліва, калі верх бяруць эмоцыі.
    Таму простая парада: перад тым, як нешта сказаць або зрабіць, варта добра падумаць. Калі ёсць хоць крышачку сумнення, хутчэй за ўсё, трэба пакінуць задуманае.
   
  
Кніга месяца: “Се, стою у двери и стучу”,
   а. Джэймс Манджакал
    Практычнае кіраўніцтва для тых, хто хоча добра паспавядацца.
    З анатацыі да кнігі: “Гэтая кніга прадстаўляе сабой мост да Хрыста, мост да абсалютнай свабоды, якую могуць здабыць толькі тыя, хто гатовы перамагчы свайго трухлявага чалавека ў пакаянні і пакоры сэрца і быць, як новы народ свету, сведкамі поўнай перамогі над страхам і адчуваннем віны, над згрызотамі сумлення і адчуваннем сораму, і над усякай цемрай”.
    Айцец Джэймс разважае, як грэх робіць людзей дзецьмі нячыстага, а дзякуючы навяртанню – дзецьмі Бога. Этапы падрыхтоўкі, непасрэдна працэс споведзі і прымірэнне з Усявышнім. Разважанні аб тым, што такое сумленне, як яно выпрабоўваецца перад сустрэчай з Богам у канфесіянале, і якімі пладамі поўніцца душа чалавека пасля споведзі.
   
    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Спакой на краі зямлі”, Дзяніс Майданаў
   Няшмат песень, у якіх можна знайсці сэнс. Яшчэ менш тых, у якіх можна знайсці нешта карыснае для сябе. У каторы раз я паспрабавала знайсці выключэнне.
    Вашай увазе прадстаўляецца песня аб рытме жыцця, калі варта спыніцца і задумацца. Найбольш узрушваюць радкі з песні: “...бо я баюся, я так баюся... Недабегчы, недаляцець, недадыхаць, недашаптаць, недаспяваць і не паспець нешта сказаць...” Бываюць моманты, калі шкада слоў, калі ва ўсім хочацца абвінаваціць абставіны... А дзесьці сыплецца ў гадзінніку пясок, які адлічвае наш час на гэтай зямлі.
    Упэўнена, нешта ў Вашай душы павінна зварухнуцца.

 

Што ж, паразважаем над жыццём у халодны зімні вечар…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.