ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Касцёл Маці Божай Барунскай

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
Пасля з’яўлення тут, “у пушчы, дзе сама Маці Божая паказала”, цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай (абраз італьянскай школы вядомы з другой паловы XVII ст.), у мястэчку па фундацыі Мікалая Песляка ў 1691 г. (1692 г.) была ўзведзена драўляная грэка-каталіцкая царква ў гонар знакамітага абраза, а таксама быў заснаваны кляштар ордэна базыльянаў. У 1700-1707 гг. (1695 г.) быў пабудаваны ўжо каменны храм, які пасля пажару 1715 г. аднавіў на свае сродкі Леў Кішка. У тым жа 1715 г. у Барунах была заснавана самастойная парафія, а касцёл быў кансэкраваны. І, нарэшце, у 1747-1757 гг., паводле праекта архітэктара бернардына Аляксандра Асікевіча, увабраўшы ў сябе папярэднюю святыню, якая стала цэнтральнай навай новазбудаванага касцёла, у цэнтры Барунаў узнеслася велічная базіліка ў стылі віленскага барока. Аднак нават пасля рэканструкцыі 1760-1770 гг. касцёл так і не стаў такім, якім яго задумалі дойліды.
Сіметрычнай кампазіцыі комплексу, развернутай на плошчу перад храмам, не хапае двух ярусаў над правай вежай і двух’яруснай званіцы ў левым вугле агароджы. Тым не менш, незавершанасць дадала комплексу маляўнічасці ўспрымання з розных бакоў, дадатковай дынамічнасці. У 1778-1793 гг. за касцёлам быў пабудаваны двухпавярховы каменны кляштарны корпус, дзе адчынілася шасцігадовая базыльянская школа, якая, між іншым, можа ганарыцца сваімі выхаванцамі: пісьменнікам Ігнацыем Ходзькам, гісторыкам Леанардам Ходзькам, паэтам Антоніем Адынцам. Пасля рэканструкцыі XIX ст. корпус набыў рысы класіцыстычнага стылю.
    На плошчы перад касцёлам у другой палове XVIII ст. з’явілася прыдарожная барочная каплічка, абнесеная бутавай агароджай. Цаглянае атынкаванае збудаванне мае два ярусы – у ніжнім, васьмерыковым, зроблена невялікая малітоўная зала, у верхнім, чацверыковым, усталявана Укрыжаванне. Увенчвае каплічку двух’ярусны барочны невялічкі купал пад крыжам.
    Касцёл уяўляе сабою трохнававую базіліку з дзвюма трох’яруснымі (правая не скончаная) вежамі, якія фланкуюць галоўны фасад, завершаны крывалінейным познебарочным франтонам. Падкрэсліваючы сіметрычнасць у агароджы, з бакоў ад касцёла зроблены ўязныя брамы, таксама маляўнічага барочнага абрысу. Цэнтральная нава касцёла, узвышаная над бакавымі, пераходзіць у выцягнуты, паўкруглы ў плане прэзбітэрый. Інтэр’ер у стылі ракако ўпрыгожваюць 3 алтары: галоўны – святых Пятра і Паўла, левы бакавы – Маці Божай Барунскай і правы – св. Казіміра. Над уваходам зроблены хоры.
    У 1832 г. (1833 г.) кляштар базыльянаў быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пасля перабудовы, 22 верасня 1881 г. храм пераасвяцілі ў царкву Прасвятой Багародзіцы. Але ў 1919 г. (1922 г.) святыня была вернута католікам і з таго часу дзейнічае як касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла. У міжваенныя гады да барунскай парафіі, колькасць вернікаў якой дасягала амаль 5700 чалавек, прыпісвалася адноўленая капліца ў Алянах. У 1920-22 гг. у паслякляштарных мурах дзейнічала Беларуская настаўніцкая семінарыя, адчыненая вядомым заходнебеларускім дзеячам С. А. Рак-Міхайлоўскім.
    У гады савецкай улады касцёл у Барунах працягваў сваю дзейнасць. Ён дзейнічае і сёння. Былы кляштарны корпус быў прыстасаваны пад жыллё, але цяпер ён пусты, будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Комплекс у Барунах залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.
    Знакаміты цудадзейны абраз (паводле афіцыйных звестак, арыгінал загінуў у час II Сусветнай вайны, а паводле парафіяльнай традыцыі, – вернуты на сваё месца 15 кастрычніка 1926 г. і захаваўся дагэтуль) па-ранейшаму ўпрыгожвае алтар у левай наве. Згодна з легендай, алтар знаходзіцца над пнём дрэва, на якім з’явіўся абраз. У крыпце пад алтаром б’е святая крыніца.
   
   Аляны
    Ужо ў 1782 г. тут, ва ўладанні ашмянскай суддзёўны Важынскай, была “ўзнесена” капліца, але праз паўстагоддзя яна ўжо не дзейнічала.
    Калі пасля падаўлення паўстання 1831 г. пан Парфірый Важынскі быў сасланы ў Сібір, ён даў зарок пабудаваць, а дакладней – адрадзіць, у сваім маёнтку капліцу, калі вернецца на радзіму. Адбылося гэта толькі праз 25 гадоў, але абяцанне сваё пан Важынскі выканаў. Так на мясцовых могілках з’явілася каменная капліца ў стылі класіцызм. У алянскім палацы Важынскіх здаўна знаходзілася копія абраза Маці Божай Барунскай, па легендзе, калі царскія ўлады вырашылі зачыніць барунскі кляштар, Важынскія замянілі арыгінал на копію. У 1926 г. абраз быў вернуты ў касцёл, у 1927 г. рэстаўрыраваны віленскай мастачкай Г. Шрамоўнай.
    Капліца спачатку была прыпісана да ашмянскай парафіі, але пасля паўстання 1863 г. яна была зачынена і пакінута. “За польскім часам” капліца адрадзілася і належала да барунскай парафіі. Сёння яна знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Капліца ўзведзена з бутавага каменю з атынкаванымі ўстаўкамі з цэглы. Уяўляе сабою атынкаваны знутры зальны аб’ём са слаба выяўленым трансептам, яго тарцы – як галоўны, так і алтарны фасады – завяршаліся трохвугольнымі франтонамі. Кампазіцыю капліцы ўвенчвала, магчыма, толькі сігнатурка. Пад капліцай зроблены склеп-пахавальня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.