ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Малітва – гэта час, каб паглядзець на Бога

Слова рэдактара

Беларусь сёння патрабуе менавіта людзей з чыстым сэрцам, людзей, якія моляцца. У малітве мы чуем голас Бога, які на многія рэчы адчыняе нам вочы.

   Ці можна быць веруючым без малітвы? Мой адказ ясны: не. Сёння я прапаную кожнаму з Вас паразважаць над тэмай малітвы. Напэўна, мы чуем шмат казанняў на гэтую тэму, задаём сабе розныя пытанні, тыпу: “Ці чуе мяне Бог?”, “Як трэба маліцца?” і г.д. Але ў нашых разважаннях я прапаную пайсці далей, не спыняцца на размове з Богам або на штодзённым адгаворванні дзясятка Ружанца.
    Давайце пачнём з таго, што кожны веруючы чалавек павінен памятаць, што яго ўчынкі нічога нявартыя без малітвы. Спачатку малітва, а потым учынкі. Малітва заўсёды прыносіць плён, а таму плённымі могуць быць і Твае ўчынкі, калі яны годныя чалавека. Калі Ты не з’яўляешся чалавекам малітвы, тады цяжка паверыць у чысціню Тваіх намераў, цяжка зразумець, якая Твая вера. Мы не можам сабе дазволіць, каб наш дзень прайшоў без малітвы, таму што, калі мы жывём з малітвай, мы думаем пра сваю душу, а не толькі пра быт і матэрыяльныя справы. Чалавек, які грэбуе малітвай, грэбуе жыццём, губляе яго сэнс, а часта нават вобраз Бога. Думаю, што сярод нас ёсць яшчэ такія людзі, якія лічаць, што малітва – гэта прывілея толькі для духоўных асоб і манахаў, забываючыся пра тое, што гэта абавязак усіх хрысціян, мужчын і жанчын, якія ведаюць, што яны Божыя дзеці.
Малітва – гэта дыялог двух любячых сэрцаў: адно з іх поўнае чыстай і ідэальнай любові, другое імкнецца да святасці. У гэтым спатканні мы пазнаём Божае і чалавечае сэрца. Гэта вялікі дар, які мы можам без аніякай выгады раздаваць усім людзям, нават няверуючым. Чалавек, які моліцца за іншых, атрымлівае святло і для сваёй душы. Гэта таксама шлях да вечнага жыцця. Хтосьці сказаў, што чалавек, які шчыра моліцца, становіцца ўсё бліжэйшым да Бога. І не трэба казаць пра тое, што Табе не хапае часу на малітву, таму што яго можа таксама не хапіць і на Божае Валадарства. Св. Павел вучыць кожнага з нас, каб мы няспынна маліліся.
    Малітва не заўсёды можа быць адпачынкам, часам яна з’яўляецца цяжкай працай, у якую чалавек павінен быць пагружаны поўнасцю, напрыклад, вельмі цяжка мабілізаваць сябе да сістэматычнай малітвы альбо да таго, каб быць у малітве сапраўдным, мець чыстае і простае сэрца, заўсёды верыць Богу і Яго Провіду ў кожны момант свайго жыцця. Гэта вялікая праца і доўгая дарога да пазнання Бога. Таму варта часта паўтараць: “Пане, няхай на ўсё будзе Твая воля”. Трэба памятаць, што моц малітвы не ў тым, колькі разоў на дзень я вымаўлю “Вітай, Марыя”, але перш за ўсё, у чысціні чалавечага сэрца. Беларусь сёння патрабуе менавіта людзей з чыстым сэрцам, людзей, якія моляцца. У малітве мы чуем голас Бога, які на многія рэчы адчыняе нам вочы. Чалавек, які моліцца, ніколі не будзе адзінокі. Малітва з’яўляецца самым вялікім скарбам Касцёла, да якога мы належым і які ствараем.
    Нам патрэбна такая малітва, такія вернікі, якія падчас малітвы адчуваюць жывога Бога, якія ўдзячны Богу за вялікае дабро, якое яны атрымліваюць. Няхай у нашым жыцці хопіць часу на малітву і на тое, каб паглядзець на Бога. Няхай малітва будзе для нас знакам, які ўказвае на ажыўленне нашай веры. Кожнае наша адкрыццё сябе на Бога – гэта малітва, а веруючы чалавек без малітвы проста не існуе, ён толькі міф.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.