ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Самы галоўны колер

Дзіцячы куточак

Даўным-даўно ў казачнай краіне Акварэліі жылі фарбы. Гэтая чароўная краіна была яркай і маляўнічай: велізарныя пурпурныя палацы сваімі востраканцовымі вежамі разразалі залатое неба над бязмежнымі зялёнымі сенажацямі. Вытканы мастаком свет Акварэліі жыў размераным жыццём, кожны дзень прыносячы сваім жыхарам радасць.
    Цюбікі з фарбамі цэлы дзень займаліся толькі тым, што стваралі яркія і прыгожыя будынкі. А раз на год у Акварэліі адбываўся турнір фарбаў, на якім мастак вызначаў лепшы колер.
    Перад пачаткам свята часта можна было ўбачыць жыхароў краіны, якія горача спрачаліся пра добрыя якасці таго ці іншага колеру. Кожны лічыў сябе самым лепшым, самым прыгожым і самым патрэбным.
“Я патрэбен, каб намаляваць свежыя ружы і ягады”, – казаў чырвоны колер. “Мяне выбіраюць, каб намаляваць маладосць прыроды і ўрадлівасць зямлі”, – адказваў цюбік з зялёнай фарбай. “Я ствараю на палатне мастака багацце і раскошу, а галоўнае – сонечную цеплыню”, – устаўляў сваё трапнае слова залаціста-жоўты колер. Толькі адзін цюбік не мог нічым пахваліцца. Гэта быў цюбік з ясна-блакітнай фарбай, які думаў пра сябе з пагардай. Ён быў не на многа цямнейшы за колер белага палатна, на якім маляваў свае непараўнальныя творы мастак, і таму яго яшчэ ніколі не выбіралі. У звычайныя дні цюбік з ясна-блакітнай фарбай мог яшчэ хоць неяк забыцца пра сваю бяду, разглядаючы працу сваіх больш паспяховых братоў, але перад турнірам ён імкнуўся схавацца ад іх жорсткіх насмешак у самы аддалены куток Акварэліі.
    На гэты раз, захапіўшыся спрэчкай фарбаў, ясна-блакітны колер забыўся аб асцярожнасці, і таму, калі фарбы раззлаваліся, ён трапіў пад іх гарачую руку. Град злых насмешак абрынуўся на ясна-блакітную фарбу. Ратуючыся ўцёкамі, цюбік шмат разоў спатыкаўся і падаў. Але дабегшы нарэшце да знаёмага месца, ён схаваўся ў далёкім цёмным куце. “Паляжу тут, пакуль турнір не скончыцца”, – вырашыў цюбік.
    Раніцай, калі цюбік з ясна-блакітнай фарбай прачнуўся, ён адразу зразумеў, што нешта не так: святочны настрой знік. Усё бегалі ў паніцы, крычалі штосьці незразумелае і зусім не звярталі на яго ўвагі. Ясна-блакітны колер набраўся адвагі і спытаў у другіх фарбаў: “Што тут такое адбываецца?” Аказалася, што ноччу чорны колер вырашыў усім перашкодзіць і афарбаваў сабой усе пэндзлі. Мастака чакаў непрыемны сюрпрыз: калі ён дакранецца пэндзлем да палатна, турнір будзе сарваны!
    Ясна-блакітны кінуўся на цэнтральную плошчу. Там захоўваліся ўсе пэндзлі. Ён нёсся хутчэй ветру, не ў сілах паверыць у каварства чорнага колеру. На плошчы панавала замяшанне, ніхто не ведаў, што рабіць. Фарбы былі вельмі засмучаныя. І тады цюбік з ясна-блакітнай фарбай прыняў вельмі адважнае рашэнне – ён выліў увесь свой амаль белы колер на пэндзлі. Хутка ён адчуў, што сілы пакідаюць яго, але нягледзячы на гэта працягваў афарбоўваць сабой пэндзлі, пакуль не страціў прытомнасць.
    У гэты момант рука мастака дакранулася да самага тоўстага пэндзля і зрабіла першы мазок. Фарбы замерлі ў чаканні. Здавалася, уся Акварэлія глядзела цяпер на палатно мастака.
    “Хм, – прамовіў мастак. – Выдатны колер. Вось ён і быў мне патрэбны – рака выйдзе цудоўна!”
    Так і атрымалася – ясна-блакітны колер стаў героем. Але сам ён пра гэта яшчэ не ведаў. Не ведаў ён яшчэ, што перамог на турніры, не ведаў, што быў абвешчаны героем Акварэліі, не ведаў, што выратаваў усю краіну ад цемры... Ведаў ён толькі адно – у наступны раз ён скажа: “Я неабходны, каб намаляваць глыбокую бурную раку і бясконцае неба!”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.