ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

5 год пасля вяртання на Радзіму

З жыцця Касцёла

Ксёндз Арцыбіскуп, ужо прайшоў год ад нашай апошняй размовы на старонках газеты “Слова Жыцця”. За гэты час у жыцці Касцёла ў Беларусі было перагорнута шмат новых старонак. Узнікла шмат пытанняў на новыя тэмы, але варта таксама ўзгадаць і старыя.
Аб медыях...
   - Ваша Эксцэленцыя, Вы адказныя за развіццё сродкаў масавай інфармацыі. Калі ласка, дайце ацэнку працы каталіцкіх СМІ ў беларусі за апошнія гады. Ці можна казаць пра развіццё каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі? Калі так, то якія новыя накірункі іх развіцця з’явяцца ў нас?
   - У апошні час развіццё каталіцкіх СМІ ў нашай краіне вельмі заўважаецца. Гэта таксама пацвердзіў I Кангрэс каталіцкіх СМІ, які нядаўна прайшоў у Гродне. Газеты, часопісы, кнігі, сярод якіх і такія важныя, як Дакументы II Ватыканскага Сабору, Кампендый Катэхізіса і сацыяльнага вучэння Касцёла, інтэрнэт і яго шырокае выкарыстанне ў душпастарстве з’яўляюцца найлепшымі доказамі гэтага.
    Адначасова трэба заўважыць, што яшчэ шмат трэба зрабіць у гэтай галіне, што падкрэсліў і згаданы вышэй Кангрэс. У сувязі з гэтым, Канферэнцыя Біскупаў у Беларусі стварыла спецыяльную працоўную групу для развіцця стратэгіі каталіцкіх СМІ ў Беларусі.

   - Як ідзе справа стварэння беларускай секцыі “Радыё Марыя”?
   - На дадзены момант мы знаходзімся на этапе апрацоўкі і падпісання дамовы з сусветнай рэдакцыяй “Радыё Марыя”, якая знаходзіцца ў Італіі.

    Аб моладзі...
   - Як Вы ацэньваеце душпастарскую працу з моладдзю? Ці выкарыстоўвае Касцёл у Беларусі ўсе магчымыя для гэтага сродкі?
   - Моладзь – гэта надзея свету і Касцёла. Праца з моладдзю з’яўляецца новым, вельмі сур’ёзным выклікам для беларускага Касцёла, які адраджаецца. Зроблена нямала, але ўсё яшчэ недастаткова. Трэба прымаць добры вопыт іншых Касцёлаў, больш выкарыстоўваць СМІ, пілігрымкі, рознага тыпу сустрэчы і юбілеі з мэтай фармацыі моладзі. Бачна таксама недастатковая актыўнасць душпастараў у выкарыстанні ствараемых Касцёлам магчымасцей, перш за ўсё, у арганізацыі ўдзелу маладых асоб у моладзевых сустрэчах.

   - Які, на Вашу думку, плён сустрэч у Івянцы, Лідзе і Браславе?
   - Гэта вельмі важныя з пункту гледжання фармацыі і ўзаемнай інтэграцыі сустрэчы. Трэба толькі пашырыць іх геаграфію, каб у іх прымала ўдзел моладзь з іншых дыяцэзій. Добра, што яны адбываюцца ў розны час. Гэта дае больш магчымасцей удзелу ў іх.

   - Сусветны дзень моладзі адбудзецца ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ці будуць там прадстаўнікі Беларусі?
   - Так. Рыа-дэ-Жанэйра знахо­дзіцца вельмі далёка, і падарожжа каштуе дорага, але, нягледзячы на гэта, плануецца ўдзел дэлегацыі моладзі з Беларусі.

   - Ксёндз Арцыбіскуп, Вы ат­рым­ліваеце шмат пытанняў ад моладзі. Аб чым часцей за ўсё пытаюць маладыя людзі? Якое пытанне было самым цяжкім?
   - Я сустракаюся з рознай моладдзю. Студэнты часцей за ўсё задаюць пытанні, звязаныя з адносінамі “вера – навука”. Я лічу, што гэта вельмі важна, бо моладзь хоча верыць свядома і выкарыстоўваць запас ведаў для пацвярджэння і ўзмацнення сваёй веры. Найбольш часта задаваемыя пытанні адпавядаюць тэндэнцыям сучаснасці, а менавіта: аб сэнсе жыцця, аб перадачы Божага дару жыцця, аб сужэнскай еднасці і неразрыўнасці, аб сэксуальнай этыцы, аб змене полу.
    Самае цяжкае? “Ён і яна ўзялі шлюб. Ці застанецца іх шлюб сапраўдным, калі адзін з бакоў зменіць пол?”

    Аб касцёлах...
   - Як выглядае справа з будаўніцтвам касцёлаў? Ці лёгка атрымаць дазвол на пабудову новай святыні?
   - На канкрэтнае пытанне ў канкрэтным месцы можа даць адказ канкрэтны біскуп. Што да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, то моцна наракаць мы не можам. Толькі ў самым Мінску за апошнія 5 гадоў мы атрымалі 7 пляцовак пад будаўніцтва новых касцёлаў. На дадзены момант у сталіцы будуюцца 4 касцёлы.

   - Ці свецкія вернікі дапамагаюць святарам у арганізацыі новых парафій?
   - Так, але энтузіязм пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, на жаль, прытух ці прытухае, хоць і нямала месцаў, дзе людзі актыўна ўключаюцца ў арганізацыю парафій і будаўніцтва новых касцёлаў.

   - Колькі касцёлаў патрэб­на для некалькіх соцень чалавек, каб добра ахінуць іх душпастарскай апекай?
   - Пры ўтварэнні парафіі трэба зыходзіць з таго, колькі ёсць вернікаў, а таксама з канкрэтных умоў і магчымасцей. Цяпер, у час вельмі хуткага развіцця гарадоў, трэба старацца, каб кожны раён меў свой касцёл.

    Пытанні і думкі з інтэрнэту...
   - На старонках некаторых парталаў ідзе гарачая дыс­кусія на розныя тэмы, напрыклад, чаму ў Беларусі няма спецыяльнай св. Імшы за Айчыну? Многія вернікі хочуць, каб адбылося пасвячэнне нашай краіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Многія маладыя людзі моляцца ў гэтай інтэнцыі кожную першую суботу месяца. А што Вы аб гэтым думаеце?
   - Сцверджанне, што Касцёл не моліцца за Айчыну, недакладнае. Дастаткова толькі паслухаць інтэнцыі ўсеагульных малітваў і не толькі. Акрамя гэтага кожны дыяцэзіяльны біскуп у кожную нядзелю адпраўляе св. Імшу ў інтэнцыі дыяцэзіі. А нашыя чатыры дыяцэзіі знаходзяцца на нашай Айчыне. Таму кожную нядзелю біскупы моляцца ў інтэнцыі Айчыны. Падчас апошняй малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы адбылося ўрачыстае пасвячэнне маладых людзей Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Я спадзяюся, што ў свой час, і, прычым, хутка, адбудзецца таксама пасвячэнне краіны.

   - Шмат дзе можна таксама прачытаць Вашыя словы, што католікі і праваслаўныя павінны дзейнічаць разам. Скажыце, калі ласка, некалькі слоў на гэтую тэму. Які гэта спосаб дзеяння? І як выглядае сітуацыя ў Беларусі?
   - У цяперашні час развіцця секулярызму перад хрысціянствам стаіць шэкспіраўскае пытанне: “To be or not to be” – “Быць ці не быць” хрысціянству? Католікаў і праваслаўных злучае значна больш, чым падзяляе. І нам трэба выкарыстаць гэты вялізны патэнцыял для абвяшчэння Евангелля, а таксама для абароны і прапаганды хрысціянскіх каштоўнасцей. Таму мы павінны дзейнічаць разам. Важным з’яўляецца і супольнае сведчанне, якое неабходна сучаснаму свету. У Беларусі ідзе добрае супрацоўніцтва паміж нашымі Касцёламі, мы разам прымаем удзел у набажэнствах і канферэнцыях, маем супольныя дабрачынныя праекты, разам займаемся справай абароны жыцця, сям’і і г.д.

    Аб удзеле ў Сінодзе Біскупаў...
   - Ксёндз Арцыбіскуп, Вы прымеце ўдзел у працы Сінода Біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане і будзе прысвечаны новай евангелізацыі. У чым заключаецца Ваша задача на гэтым Сінодзе?
   - Гэта будзе мой сёмы Сінод. Тэма сёлетняга Сінода – “Новая евангелізацыя для перадачы веры”. Кожны біскуп, удзельнік Сінода, называецца сінадальным айцом і павінен прымаць удзел ва ўсіх яго пасяджэннях. Ён таксама павінен прачытаць рэферат на тэму, якую выбера паводле загадзя апрацаванага спецыяльнай камісіяй Рабочага дакумента. Гэтае выступленне доўжыцца толькі 5 хвілін, таму яно павінна быць вельмі сціслае. Біскуп таксама павінен прымаць удзел у працы моўных груп, якія выяўляюць найбольш важныя праблемы і прадстаўляюць прапановы. Задача Сінода – грунтоўнае вывучэнне тэмы і прадстаўленне Святому Айцу прапаноў, якія ён выкарыстоўвае пры апрацаванні апостальскай адгартацыі.

   - А аб чым Вы будзеце гаварыць?
   - Паводле ўстаноўленых пра­віл, тэкст выступлення біскупа не публікуецца да яго афіцыйнага прадстаўлення ў сінадальнай зале. Потым ён будзе апублікаваны таксама і ў нашых касцёльных СМІ.

   - Ці будзе магчымасць сустрэцца з Папам? Што Вы скажаце Яго Святасці?
   - Напэўна, будзе такая магчымасць, таму што падчас Сінода Святы Айцец сустракаецца з кожным біскупам. Я яго прывітаю ад імя ўсёй Беларусі, перадам запэўненне ў малітве і моцнае жаданне вернікаў як мага хутчэй убачыць яго ў нашай краіне. Таксама раскажу аб праграме адзначэння Года веры ў Беларусі.
 
   Аб Годзе веры...
   - Ужо хутка распачнецца Год веры. Якім, на Вашу думку, з’яўляецца пасланне Святога Айца кожнаму з нас?
   - Абвяшчаючы Год веры, Бенедыкт XVI хоча звярнуць увагу сучаснага секулярызаванага свету на значэнне веры ў жыцці чалавека і яго збаўленні. А многія людзі жывуць далёка ад Бога, сталі абыякавымі да веры ці нават страцілі яе. Гэты Год павінен нанова разбудзіць іскру веры ў ахрышчаных і прывесці да яе няверуючых, бо ў нашыя часы трэба не толькі хрысціць тых, хто навярнуўся, але і навяртаць ахрышчаных. Расчытваючы знакі часу, Святы Айцец заахвочвае шукаць дарогу веры. Задача Года веры – вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста. Брамы веры адкрыты для ўсіх і ў іх трэба ўвайсці.

   - Чаму Год веры павінен навучыць нас, вернікаў Беларусі?
   - Адзначэнне Года веры ў Беларусі будзе спалучана з юбілеем 400-годдзя прыбыцця абраза Маці Божай у Будслаў. Дэвіз гэтага Года гучыць так: “Марыя – Маці нашай веры”. Таму гэты Год павінен нам дапамагчы быць па прыкладзе Марыі людзьмі моцнай веры, адкрыць яе прыгажосць і пераканацца, што вера вядзе да збаўлення.

   - Якія падзеі плануюцца ў Касцёле на гэты Год?
   - Сярод мноства ініцыятыў найважнейшыя наступныя. Мы хочам аднавіць крыжы як знакі веры. У дыяцэзіях адбудзецца перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай і рэліквій св. Тэрэзы з Лізье. У казаннях і катэхезах будзе звяртацца большая ўвага на тэму веры. Вернікаў будуць заахвочваць вывучаць Дакументы II Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Плануюцца сімпозіумы, прысвечаныя катэхезе, II Ватыканскаму Сабору і святым Кірыле і Мятоду – апосталам славян.

   - Якім будзе Ваша пасланне да вернікаў Беларусі на Год веры?
   - Будзьце моцныя верай, абараняйце яе і жывіце ёй.

   - Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.