ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Навучыцца не абяцаць з ветлівасці!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Вітаю ўсіх Чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні”. Я спадзяюся, што пасля доўгага летняга адпачынку Вы гатовыя да новых адкрыццяў? Абяцаю, нас чакае шмат чаго карыснага і цікавага.
    Дарэчы, наконт абяцанняў. Паразважаем у верасні над адказнасцю за іх. На хвілінку прыпынімся і паспрабуем зразумець усю глыбіню такіх паняццяў як “цярплівасць”, “пакора”. Далей нас чакае хіт мінулага лета сярод пілігрымаў і прапанова нарачоным знайсці адказы ў кнізе Барбары Сайнок “Пакліканыя да любові”.
    Трошкі ўвагі межам, якія павінны існаваць у думках, дзеяннях і словах, а таксама прабелам, якія часам абцяжарваюць жыццё.
    Што ж, тады з Богам наперад!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Цярпеннем вашым ратуйце душы вашыя” (Лк 21, 19).

    Менавіта яно здольна засцерагчы, не дапусціць, прымусіць перамяніць свой пункт гледжання. Цярпенне грунтуецца на падставе спакою, пакоры. Такі стан з’яўляецца мяжой паміж незразумеласцю і ўдзячнасцю. Кожны, хто давярае Богу, атрымлівае вялікія ласкі і дар мудрасці. Нездарма ж кажуць, што Бог дае столькі, колькі чалавек можа сцярпець. Атрымаў – значыцца сцерпіш. Унутрана адновішся і набярэшся вопыту.

   Мэта месяца: вызначыць межы

    Гэта вельмі важны момант ва ўсіх аспектах жыцця. Як сябе паводзіць, кантактаваць з людзьмі. Дзе нешта дадаць, а дзе прамаўчаць... Але якім чынам вызначыць гэтую мяжу?
    На карысць іншаму.
    Менавіта мяжа можа стаць заслонай ад дрэннага ўчынку, менавіта яна засцерагае ад наступстваў, за якія потым сорамна. Мяжа – сябар цярплівасці. А цярплівасць выхоўвае.
    Хочацца, каб Табе давяралі, раіліся з Табою? Адна з парад – будзь прыкладам, акрэслі межы і прытрымлівайся іх.
   
   
   Інтэнцыя месяца: каб палітычныя справы заўсёды характарызавала сумленнасць, прыстойнасць і любоў да праўды

    Мы жывём у такім свеце, дзе не ўсё залежыць ад нас. Ад многага залежым мы самі. Дзесьці над намі сварацца палітыкі, “варожаць” эканамісты. Здаецца, гэты свет існуе неяк асобна ад нас, на самой справе, многія рэчы за нас вырашае ўлада.
    Таму Бенедыкт ХVI выз­на­чыў на месяц верасень менавіта такую інтэнцыю, вырашыў, што асобнай малітвы сёння патрабуюць і палітыкі.
     
Прадмет разважанняў месяца: абяцанні

    Каму, дзе, колькі, пры якіх абставінах і навошта? Галоўнае пытанне – дык усё ж такі навошта?
    Большасць людзей нешта абяцае адзін аднаму з прычыны ветлівасці, спагады. І таму часта абяцанні “завісаюць у паветры”. А хтосьці будзе жыць надзеяй. Жудасна, калі сэнс жыцця кагосьці запаўняецца пустэчай. Бабуля кожны дзень пячэ дранікі з надзеяй, што прыедзе ўнук. А сябар адмаўляе ў сустрэчы, спадзеючыся, што, можа, усё ж такі сёння да яго заскочыць брат, бо абяцаў.
     
Асоба месяца: святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус

   Тэрэза Мартэн нарадзілася ў Алансоне (Францыя) у 1873 годзе. Мела набожных бацькоў і з дзяцінства выхоўвалася ў веры. У сям’і раслі яшчэ чатыры дзяўчынкі. Усе яны потым сталі манахінямі.
    Калі Тэрэзе было дзевяць гадоў, яе напаткала цяжкая хвароба. Цудам яна засталася жывая. Пасля гэтага Тэрэза вырашыла, што сваё жыццё яна прысвяціць служэнню Богу.
    У 14 гадоў дзяўчына пачула ў сваім сэрцы пакліканне, а ў 15 цвёрда вырашыла стаць манахіняй. Але біскуп звярнуў увагу на яе юнацкі ўзрост і не згадзіўся з жаданнем дзяўчыны пайсці ў манастыр. Тэрэза паехала ў Рым на аўдыенцыю папы Льва XIІI. Але і гэта не прынесла ніякага плёну. Пасля біскуп усё ж такі заўважыў шчырасць намаганняў дзяўчыны і даў свой дазвол.
    Прайшло 7 гадоў служэння ў Лізьё (Францыя) і Тэрэза захварэла на туберкулёз. Памерла яна ва ўзросце 24-х гадоў 30 верасня 1897 года.
    У апошнія гады жыцця Тэрэза пісала аўта­біяграфічную аповесць “Гісторыя адной душы”.
    Беаты­фікавана 29 красавіка 1923 года, кананізавана 17 мая 1925 года. У 1997 годзе Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу Настаўнікам Касцёла. Яна трэцяя жанчына, якая атрымала такі тытул.
    Як паведамляе партал Сatholic.by, летам наступнага года адбудзецца перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы ў Беларусь.
    Да якіх святых маліцца ў верасні?
    Святы Міхаіл (29 верасня).
   
    Справа месяца: “залатаць” дзіры
   1. Спачатку сесці і задумацца, якія на сённяшні дзень існуюць прабелы. Не зрабіў, не дарабіў, не стрымаў слова...
    2. Унутрана падрыхтавацца да вырашэння праблемы.
   3. Знайсці рашэнне.
   4. “Залатаць” дзіры.
   5. Зрабіць высновы.
   6. Адчуць гармонію ўнутры.
   
  Кніга месяца: “Пакліканыя да любові”,
   Барбара Сайнок
   Кніга для нарачоных. У ёй закрануты пытанні ўзаемаадносін маладых пар да шлюбу. Як адрозніць сапраўдную любоў і не памыліцца? Адказы і прапановы. Наступны этап – заручыны. Як сябе паводзіць у статусе “жаніх” і “нявеста”. Далей – шлюб. Найбольш важныя моманты, на якія патрэбна звярнуць увагу католіку. Ці патрэбна абсыпаць маладых рысам або зернем? І шмат чаго пра іншыя сімвалічныя прыкметы.
    Сямейны саюз. Цытата з кнігі: “Сям’я – гэта не мэта, гэта старт”. Парады па ўдасканаленню сямейных узаемаадносін і захаванню дару любові. Дзеці, цяжкасці, праца... Сакрэт гармоніі ў сям’і. Трошкі статыстыкі і ўражваючыя факты.
   
    Песня месяца: “Ziemia”, ave
   Бясспрэчны хіт мінулага лета – трэк гурта AVE “Ziemia” на польскай мове. Ён гучаў паўсюль: у пілігрымках, мабільных тэлефонах. Моладзь з задавальненнем напявала пазітыўную песню аб тым, як хоча ўсхваляць Бога: “Буду танчыць перад Тваім тронам...” Дарэчы, рытмічнае выкананне песні нявольна прымушае рухацца ў такт мелодыі.
    Калі хтосьці яшчэ не чуў песню “Ziemia” гурта AVE, раю паслухаць. Хаця б дзеля таго, каб пачуць, як сэрца шчыра давярае Пану і хоча ўсхваляць Яго імя.

 

Няхай спакой агорне Вас за плечы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.