ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Жыць як можна лепш

Слова рэдактара

Калі чалавек верыць Езусу, верыць у любоў Бога, калі адчувае Яго клопат у сваім жыцці, то ён таксама будзе хацець любіць, прыгожа і добра жыць.

   Няма такога веруючага чалавека, які б не дзякаваў Богу і не хваліў Яго за цуды, якія Бог здзейсніў і надалей здзяйсняе. Большасць людзей, напэўна, умеюць радавацца прысутнасці Хрыста, які прабачае грахі і дадае нам бадзёрасці. Памятаючы пра гэта, мы павінны даваць самае цудоўнае сведчанне са свайго жыцця і да канца сведчыць аб Святле. Давайце задумаемся, ці ўдаецца нам гэта?
    Сведчыць аб Богу – гэта значыць жыць як можна лепш. Калі чалавек верыць Езусу, верыць у любоў Бога, калі адчувае Яго клопат у сваім жыцці, то ён таксама будзе хацець любіць, прыгожа і добра жыць. Жыць з Богам як можна лепш магчыма таксама і ў XXI стагоддзі, калі сярод нас ёсць столькі добрых, сумленных, старанных людзей, якія штодзённа сваім прыкладам жыцця складаюць сведчанне веры ў Бога. Мы ніколі не будзем дасканалымі на 100 %, але паверыць Богу на 100 % мы можам.
Бог, які хоча, каб мы былі шчаслівымі, усё нам дае для гэтага, усё тое, што неабходна для жыцця, тое, што мае сэнс і вартасць. А забірае наш грэх, наш цяжар, тое, што нас знішчае, што нас раніць. Давайце ўзгадаем вучэнне св. Паўла, які нас павучае, што Бог выбраў нас перад стварэннем свету. Што гэта азначае? Гэта азначае, што добры Бог думаў пра нас, пра мяне і пра Цябе, перш чым стварыў свет, Ён думаў пра нас з любоўю. Створца зацікаўлены ў кожным чалавеку.
    Наша сведчанне Жывога Бога, якога патрабуе сённяшні свет, не павінна быць толькі аднаразовай акцыяй ці кароткачасовым запалам чалавечай веры. Яно не палягае на тым, што, робячы адзін добры ўчынак альбо паказваючы сваю “жывую” веру толькі ад свята да свята, я магу ўжо залічыць сябе да кола апосталаў, да тых асоб, якія даюць сведчанне. Каб даць сведчанне, трэба змяніць мысленне і кірунак свайго жыцця. Адвярнуцца ад спакус сённяшняга свету і ісці ў напрамку святла, якім ёсць сам Хрыстос. У святле веры можна ўпарадкаваць кожнае жыццё, можна зрабіць яго Божым. Хрыстос, які прыходзіць да нас у сакрамантах і падтрымлівае нас моцай Святога Духа, каб нашая сіла і моц у слабасці цела ўдасканаліліся.
    Аднойчы я пачуў такія словы: “Жадаю Вам здароўя і нічога больш. Абы толькі здароўе было”. Але праз некалькі дзён я ўсвядоміў, што не хачу, каб мне жадалі толькі здароўя і нічога больш. Бо колькі фізічна здаровых людзей скалечаныя духам і пакутуюць, не ў стане цалкам цешыцца дарам жыцця, якое дае сам Бог. Таму для мяне вельмі важна даваць сведчанне пра свайго Айца, які мяне палюбіў, які ў кожную хвіліну майго жыцця – і ў складаную, і ў радасную – заўсёды кліча мяне па імені. Толькі з Богам я пачынаю жыць як чалавек, пачынаю напаўняцца ўсё багацейшым унутраным жыццём, з малітвай і пабожнасцю пачынаю любіць Яго на зямлі. І гэтага я хачу пажадаць сабе і іншым. Не думаючы аб тым, наколькі вялікі ўплыў акружэння, мы можам быць сфарміраваны так, каб натуральным чынам мы ўплывалі на сваё акружэнне і надавалі Божы тон грамадству, у якім жывём. Давайце рабіць гэта ў імя Езуса. Гэта можа быць наша “ціхая і паспяховая місія”, пладоў якой, напэўна, доўга чакаць не прыйдзецца.
    Як Вы думаеце: ці зможаце Вы даваць сведчанне аб Святле і нічога больш?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.