ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Святыя місіі ў Макараўцах

Лісты чытачоў

З 13 па 20 мая ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах адбыліся святыя місіі. На працягу ўсяго года мы рыхтаваліся да гэтай падзеі праз малітву (пасля кожнай св. Імшы маліліся спецыяльнай малітвай аб місійных ласках. Гэтую малітву мы вывучылі на памяць).
13 мая прыбылі місі­янеры: а. Андрэй Ядкоўскі і а. Валерый Мазюк, рэдэмптарысты. Місійныя набажэнствы адбываліся ў 10.00 і 20.00, каб даць магчымасць удзелу ў іх усім ахвотным. Нягледзячы на пастаянны недахоп часу (працы ў полі і агародзе) святыня кожны дзень была поўная.
   Святыя місіі – гэта час, калі праз паслугу айцоў місіянераў Бог прыгадвае нам аб сваёй любові, аб тым, што Ён хоча не асудзіць, а збавіць. Гэта час пошуку і пазнання Бога, адкрыцця Яго любові, адчынення сэрца на Яго кліканне і згаджэння з Яго воляй. Гэта час выпраўлення памылак, прабачэння і паяднання. Кожны дзень пачынаўся заклікам да Святога Духа і ўказаннем Хрыста як святла свету. У нядзелю кс. Павел, пробашч нашай парафіі, перадаў місіянерам ключы ад касцёла і стулу – знакі місійнай і святарскай улады. У панядзелак мы разважалі аб граху, а ў аўторак адбылося набажэнства пакаяння і паяднання, падчас якога мы прасілі прабачэння за грахі ў Бога і адзін у аднаго. Святары з нашага дэканата ядналі нас з Богам у сакраманце пакаяння. Людзей сабралася як на Вялікдзень. Гэта сапраўды быў дзень узрушэння і слёз. Усе жадаючыя прыступіць да сакраманту споведзі без таўкатні і штурхання, саступаючы месца старэйшым асобам, выкарысталі гэтую магчымасць. Дамоў мы вярнуліся пасля 23.00.
У сераду пасля св. Імшы мы разважалі стацыі Крыжовага шляху. Мы планавалі прайсці вуліцамі Макараўцаў, але з-за дажджу перажывалі Крыжовы шлях у касцёле. Падрыхтаваны крыж падчас разважання чарговых стацый трымалі розныя групы: Парафіяльная рада, кіраўніцтва калгаса, прадстаўнікі школы, службы здароўя, сацыяльнай апекі, а таксама таты, мамы, удовы і ўдаўцы, моладзь, міністранты, ксяндзы. На наступны дзень у нас адбылася адарацыя крыжа. Цалуючы крыж, мы ў душы вызнавалі сваю веру і абіралі Езуса Хрыста ПАНАМ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ.
   У пятніцу сваё свята мелі сем’і, якія аднавілі сужэнскія абяцанні, што складалі ў дзень заключэння сужэнскага саюзу. Цэлымі сем’ямі мы падыходзілі да місіянераў, каб атрымаць бласлаўленне місійным крыжам. А ў суботу бласлаўленне і сакрамант намашчэння атрымалі хворыя асобы. Некаторых у касцёл уносілі на крэслах, а для іншых лесвіца, якая вядзе ў касцёл, была сапраўдным крыжовым шляхам. Усю нашу парафію мы даручылі апецы Найсвяцейшай Маці.
   Суботні вечар і нядзеля былі асноўнымі днямі нашых місій. У 19.30 мы сустрэлі абраз Езуса Міласэрнага, які прыбыў з Малой Бераставіцы. Дарогай, усцеленай кветкамі, ва ўрачыстай працэсіі са спевам мы ўнеслі абраз у касцёл і ўстанавілі на падрыхтаваным троне. Сотні адкрытых сэрцаў, якія прагнулі Божай міласэрнасці і з надзеяй усклікалі: “ЕЗУ, ДАВЯРАЮ ТАБЕ”. Пасля заканчэння св. Імшы ажно да позняга вечара адбывалася адарацыя пры абразе Езуса Міласэрнага. У любы час можна было прыйсці ў касцёл, каб паразмаўляць з Езусам, паразважаць пра штодзённасць і вечнасць, прыпыніцца ў бегу, каб пашукаць таго, што ў жыцці найважнейшае.
   Заканчэнне святых місій адбылося ў нядзелю. А 12-й гадзіне прыбыў Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля прывітання ксяндза біскупа мы накіраваліся да касцёла, перад якім ляжаў дубовы місійны крыж. Мы прайшлі за крыжам у працэсіі навокал касцёла. Калі крыж устанавілі, ксёндз біскуп асвяціў і пацалаваў яго. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама кс. Раман Катлімоўскі і кс. Павел Салабуда. Затым усе накіраваліся ў касцёл, дзе падчас св. Імшы група вернікаў прыняла сакрамант канфірмацыі. Узносячы ўверх прынесеныя з дому крыжы, мы вызналі сваю веру. Заканчэнне ўрачыстасці таксама не пашкадавала слёз. Дзякаваў наш пробашч, дзякавалі дзеці, словы ўдзячнасці складалі маладыя і старэйшыя, прыносячы букеты кветак. Мы дзякавалі Богу за дар святых місій, місіянерам за абвяшчэнне Божага слова, а ксяндзу біскупу за прысутнасць і паслугу. Я не магу знайсці адпаведных слоў, каб апісаць гэты момант расставання.
   Аддзяч, Божа, за гэты час, які мы правялі з Богам!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.