ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кветкі вясковых маёвак амаль адцвілі?

На шляху да святасці

Літаральна праз некалькі дзён надыдзе май. Прырода забуяе цветам і зеленню ў поўную моц. Для большасці католікаў май асацыюецца з маёўкамі – набажэнствамі ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі.
Практычна кожны дарослы сёння можа падзяліцца дзіцячымі ўспамінамі, як хадзілі з бабуляй да вясковага крыжа, капліцы ці ў хату да аднавяскоўца, дзе вернікі збіраліся памаліцца да Маці Божай Ружанцам, Ларэтанскай літаніяй, паспяваць марыйныя песні. І я гэта маю ў сваіх закутках памяці. Бабуля брала мяне з сабой у суседнюю хату, дзе жылі мае стрыечныя бабулі, і казала: “Пойдзем адгаворым пацеры”. Усе былі са сваімі ружанцамі, і мне далі. Малюся на ім дагэтуль, вельмі класічны ружанец – зялёныя пацеркі на металёвым ланцужку.
Гэта прыгожая традыцыя на нашых землях трывае вельмі даўно. Вернікі выпрошваюць апекі Маці Божай для сваёй мясцовасці, патрэбных ласкаў для сваіх сем’яў. Гэтая штодзённая малітва на працягу месяца як бы атуляла вёску, мястэчка ад розных пошасцей.
    Напярэдадні маёвых набажэнстваў я паехала ў сваю вёску, каб распытаць пра іх. Яшчэ ёсць тая хата, дзе збіраліся ў маім дзяцінстве вяскоўцы. Жыве і гаспадыня гэтай хаты – мая стрыечная бабуля. – А ўжо больш за 10 гадоў не збіраемся, – адказвае на маё пытанне баба Ванда. – Калі я была малая, да вайны, памятаю, збіраліся, і пасля вайны. Тады прыходзілі і хлопцы, і дзяўчаты, і ўсе. Спачатку чыталі малітвы да Маці Божай, пасля Літаніяй маліліся, а затым песні спявалі.
    – А былі часы, калі забаранялі збірацца на маёўкі?
    – Былі: да канца 80-х гадоў. Людзі ўсё роўна паціху збіраліся, а часам і не збіраліся, бо баяліся. Хоць я не памятаю, каб хто правяраў... А зараз можна, але ніхто не збіраецца!
    – Людзям важна было збірацца на гэтыя набажэнствы?
    – Закон такі быў: месяц май – збіраліся маліцца. І па ўсім свеце так.
    – А як думаеце, чаму сёння ў вёсцы не збіраюцца?
    – Не хочуць, і ўсё. Хоць у касцёле збіраюцца. А ў вёсцы не.
    Пра маёўкі ў савецкія часы я спытала ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча, які служыць у Гродне святаром з 1977 года і перажыў розныя часы і ўлады. Па яго словах, былі выпадкі, калі вернікаў нават разганялі:
    – Быў выпадак у адной вёсцы, не памятаю ўжо дзе, калі людзі сабраліся на малітву ў адной з хат. Прыехаў старшыня калгаса, людзей разагналі, а малітоўную кніжачку забралі. Так што забаранялі. Хоць было і так: раз напішуць, накрычаць, што ўсё забаронена, а пасля прыціхнуць. Калі пачалася перабудова, тады ўжо было лягчэй.
    Пытаю кс. Юзафа, чаму зараз па вёсках людзі не збіраюцца на маёўкі:
    – Дык няма каму. Вёскі, паглядзіце, пустыя. Хто там застаўся? Некалькі старых людзей. Зноў жа, касцёлы ёсць. Калісьці ў Гродне былі адкрытыя два касцёлы. А зараз колькі ў нас касцёлаў і капліц? Сеў у машыну і прыехаў у касцёл. На маёвыя набажэнствы людзі прыходзяць.
    Я пытаю ксяндза, ці не шкада, што губляецца традыцыя збірацца ў адной хаце на маёўку?
    – Як можна сказаць, шкада ці не шкада? Гэта калі касцёлы былі зачынены, тады збіраліся ў хаце. А зараз можна ісці ў касцёл на ўсе набажэнствы. Калі ўжо хто не мае магчымасці застацца пасля вячэрняй св. Імшы на малітву да Маці Божай, то можна і ў хаце памаліцца.
    Сёння людзі сапраўды ідуць у касцёл. Сучасныя дзеці таксама будуць памятаць гэтую прыгожую традыцыю, калі яны разам з манаскімі сёстрамі рыхтавалі кветкі для Панны Марыі і маліліся разам на ружанцы. Чаму мне шкада той вясковай традыцыі, якая адышла ў нябыт, калі жыхары збіраліся ў адной хаце на маёўкі? Можа, таму што мы ўсё больш заглыбляемся ў сваю індывідуальную прастору, калі наша хрысціянская супольнасць заканчваецца сям’ёй? А тая традыцыя дазваляла збірацца разам і адчуваць сябе часткай адной шчыльнай хрысціянскай супольнасці, мець з ёю цесны жывы кантакт. Канешне, і сёння ёсць касцёльная супольнасць. Ці адчуваю я з ёй сувязь, стоячы ў тысячным натоўпе на нядзельнай св. Імшы? І ці мы сёння ўвогуле патрабуем блізкай супольнасці вернікаў?..
    Прыйшоў у касцёл, убачыў знаёмых:
    – Аддзяч, Божа!
    І ўсе стасункі.
    Магчыма, калісьці будзе нядзіў­ным маёвае набажэнства праз Скайп. Даволі зручна і ў нагу з часам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.