ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Прыняць праўду

На шляху да святасці

кс. Мікалай  Ціхановіч
Сёння не толькі тэму чалавечага жыцця, але і самога чалавека як ніколі раней паддаюць аналізу і навуковым даследаванням. Колькасць поглядаў і гіпотэз пра паходжанне і прадвызначэнне чалавека сёння такая разнастайная, што людзі самі ўжо не ведаюць, якія з іх лічыць праўдзівымі.
Гэта нялёгка, але абавязкова. Падыход чалавека да ўласнага жыцця і жыцця іншых людзей залежыць ад таго, якую канцэпцыю на тэму чалавечага жыцця ён прымае. Сёння, у час вялікіх навуковых і тэхнічных дасягненняў, а асабліва дзякуючы развіццю медыцыны, чалавек усё часцей становіцца прадметам маніпуляцыі. Чалавечае жыццё хоць і не перастае быць таямніцай, але пачынае губляць сваю святасць і непарушнасць, таму что чалавек сам хоча быць абсалютным яго гаспадаром. Інакш кажучы, мы жывём у час, калі “чалавечае жыццё пераходзіць у рукі чалавека”. У такой сітуацыі варта задаць сабе пытанне і адказаць на яго: “Ці не лепш зноў прыняць праўду, што чалавечае жыццё з’яўляецца дарам самога Бога, і заўсёды з гэтым лічыцца, чым пагадзіцца з крайняй паставай, што чалавечае жыццё цалкам знаходзіцца ў руках чалавека?!”
На жаль, гэта адна з абсурдных пастаноў сучаснага свету: з аднаго боку, паўсюдна абвяшчаецца права на жыццё як фундаментальнае права кожнага чалавека, а з іншага – можна вельмі лёгка адабраць у чалавека яго асабістую годнасць і зрабіць з яго прадмет (інструмент) для навукі і тэхнікі. Для глыбейшага роздуму над гэтай тэмай трэба зрабіць некалькі параўнанняў, якія паказваюць, на чым стаіць вучэнне Касцёла, які заўсёды абвяшчаў Евангелле жыцця, і што прапануе сучасны свет, абапіраючыся на новыя дасягненні медыцыны і тэхнікі. Варта пры гэтым памятаць, што рана ці позна гэтыя справы могуць закрануць кожнага з нас ці блізкіх нам людзей. На які бок я стану тады? Якую праўду я прыму?
    - Хрысціянства ўжо больш за дзве тысячы гадоў абвяшчае Евангелле жыцця, а свет, нібы пад лозунгам вялікага развіцця, замест таго, каб служыць жыццю чалавека, усё больш “будуе цывілізацыю смерці”;
    - Евангелле жыцця заўсёды абараняе чалавечае жыццё з самага яго зачацця, прызнаючы асабовую годнасць эмбрыёна, а свет усё больш легалізуе аборт пад дэвізам “свабоднага выбару і карысці жанчыны ці сям’і”;
    - Евангелле жыцця вучыць маладыя сужэнствы натуральнаму і бяспечнаму (хоць і не заўсёды лёгкаму) планаванню патомства, свет жа дае “хуткае рашэнне” ў антыканцэпцыі, якая цягне за сабой незлічоную колькасць адмоўных вынікаў;
    - Евангелле жыцця тлумачыць, што адзіным годным спосабам узнікнення чалавечай істоты з’яўляецца яе зачацце праз шлюбную палавую сувязь мужчыны і жанчыны, а свет прапануе метады штучнага апладнення (in vitro, in vivo) у якасці лячэння чалавечага бяс-плоддзя, якое, бясспрэчна, часта з’яўляецца прычынай неразумнага падыходу да асабістага здароўя;
    - Евангелле жыцця вучыць шанаваць і любіць кожнае дзіця, а паталагічна хворых дзяцей яно ахінае асаблівай апекай, свет жа, выкарыстоўваючы сучасныя прэнатальныя дыягностыкі, прапаноўвае еўгенічныя ці фармакалагічныя аборты, а што найгорш – ахвяры абортаў выкарыстоўвае для камерцыйных мэт (нп. у касметыцы);
    - Евангелле жыцця для шчасця сям’і і дабра дзяцей ставіць нам у якасці прыкладу Сям’ю з Назарэта як ідэал сям’і і абвяшчае яе непарыўнасць, а свет прыдумвае новыя праекты сужэнстваў (нп. грамадзянскія шлюбы ці пробныя шлюбы), якія не падтрымліваюць згаданыя каштоўнасці; - Евангелле жыцця для нар­маль­нага сталення і выхавання дзяцей абараняе патрэбу баць­коўства і мацярынства, у той час як свет дазваляе ўсынаўляць дзяцей гомасэксуальным парам;
    - Евангелле жыцця стаіць у абароне людзей, якія знаходзяцца ў вялікай небяспецы страты жыцця, і прапаноўвае правілы салідарнасці з тымі, каму неабходна перасадка органаў, а свет з трансплантацыі часта робіць “чорны рынак”;
    - Евангелле жыцця гаворыць аб павазе да людзей у сталым узросце і аб іх жыццёвым вопыце, дастаткова важным для маладога пакалення, для свету ж старэйшыя асобы становяцца ўжо бескарыснымі і часта застаюцца ў баку;
    - Евангелле жыцця абвяшчае сэнс і вартасць людскога цярпення, а свет прапануе эўтаназію як “хуткае вырашэнне” праблем. Менавіта Евангелле жыцця заўсёды нам прыгадвае, што чалавечае жыццё – гэта Божы дар, дык ці ж не варта ўсім нанова адкрыць і прыняць гэтую праўду. На заканчэнне ўзгадаем словы бл. Яна Паўла II: “Кожны чалавек, шчыра адкрыты на праўду і дабро, можа дзякуючы святлу розуму і пад уплывам таямнічага ўздзеяння ласкі распазнаць у натуральным праве, якое напісана ў сэрцы, святасць чалавечага жыцця ад зачацця ажно да канца і пераканацца, што кожная чалавечая істота мае права чакаць абсалютнай пашаны гэтага свайго асноўнага дабра. Прызнанне гэтага дабра з’яўляецца фундаментам сужыцця паміж людзьмі [...]. Абаронцамі і заступнікамі гэтага права павінны быць асаблівым чынам тыя, хто верыць у Хрыста [...]” (“Evangelium vitae”, № 2).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.