ГРОДНА
Субота,
29 студзеня
2022 года
 

Куды вядзе чорны кот?

На шляху да святасці

Думка пра небяспеку язычніцтва ў нашыя часы можа падацца беларускаму хрысціяніну даволі смешнай. Каменныя стоды, якім пакланяліся нашыя продкі, даўным-даўно сплылі па рацэ, калі сотні гадоў таму адбывалася хрышчэнне нашых зямель. І нават у хаце самай глухой вёскі на сцяне абавязкова вісяць хрысціянскія абразы. Аднак, калі паглядзець на жыццё сучаснага чалавека бліжэй, то высветліцца, што язычніцтва ў чыстым выглядзе падсцерагае нас на кожным кроку. Узгадайце, калі вы апошнім разам чыталі астралагічны прагноз на будучы тыдзень? А хто з вас не чытаў “асаблівасцей вадалея ці блізнят”, думаючы пра выбар будучага сужэнца? А на Новы год вы апраналі штосьці чырвонае, каб задобрыць тыгра ці дракона? Ці, можа, павыкрэслівалі ўсе важныя планы з гэтага года з-за таго, што ён высакосны? Можна пералічваць далей: чорная кошка, жанчына з пустым вядром, дробная купюра ў новы кашалёк, каб “грошы вяліся”... А між тым, усё гэта праявы веры ў магічныя сілы прыроды, у залежнасць чалавека ад пэўнага збегу абставін і акалічнасцей, што наўпрост супярэчыць прынцыпам хрысціянства. Як тлумачыць айцец Юзаф Макарчык, пачатак гэтак званыя забабоны бяруць акурат у традыцыі язычнікаў:

   – Адкуль у людзей з’явілася разуменне і паняцце пра высакосны год альбо год дракона, свінні і г.д.? Гэта ўсё з традыцыі язычнікаў. У старажытнасці было паняцце фатуму: што б ты не зрабіў, твой лёс гэта ніяк не зменіць. Дзесьці ўжо запісана прызначэнне чалавека, яго лінія жыцця. Якім ты нарадзіўся – бедным, багатым, разумным ці дурным – такім ты і памрэш. Гэта цалкам супярэчыць сутнасці хрысціянства. Яно выкідвае магчымасць выпраўлення, магчымасць таго, што чалавек можа навярнуцца і Бог дапаможа ці даруе, або што Бог можа пакіраваць, а можа і пакараць.

    Размяшчэнне зорак ці планет на небе не можа ўплываць на лёс ці характар чалавека.
    – За адну хвіліну ў свеце нараджаецца каля 250 чалавек. Але сярод іх можа быць толькі адзін Міцкевіч, толькі адзін Бах, Купала ці Касцюшка. І кожны такі народжаны чалавек непаўторны, – працягвае а. Юзаф.

    Няўжо два хлопчыкі, якія нарадзіліся адначасова ў адной радзільні, будуць падобныя характарамі і жыццёвым лёсам? Верачы ў залежнасць ад зорак ці яшчэ нейкіх астранамічных цел або пэўнай камбінацыі лічбаў, мы не пакідаем ні сабе, ні Богу магчымасці будаваць наша жыццё згодна з уласнымі прынцыпамі, а калі мы называем сябе хрысціянамі, то хрысціянскімі прынцыпамі.

    – Тое, што людзі вераць у забарону, напрыклад, жаніцца ў высакосны год, паказвае на нізкі ўзровень веры ў Бога і ў Евангелле, – кажа айцец Юзаф. – Калі Бог дасць мне такую магчымасць, я магу павянчацца ў які хочаш год ці дзень. Гэта не паўплывае на тое, буду я шчаслівы ці не. Ад мяне самога залежыць, наколькі правільна я буду сябе паводзіць, як буду адкрываць у сабе Дары Святога Духа.

    Моцнасць традыцыі веры ў розныя прагнозы ці прыкметы можа паказваць на тое, што людзі баяцца адказнасці за свае рашэнні. Навошта кіравацца сваім розумам, калі астрапрагноз скажа табе, калі лепш заснаваць сям’ю, распачаць сваю справу ці запланаваць падарожжа? У такім выпадку чалавек аддае свае рашэнні на волю невядома кагосьці ці чагосьці.

    Аднак, вера ці наследаванне розных забабонаў не проста робіць чалавека бязвольным ці безадказным. З такіх дробных дэталяў пачынаюцца значна больш сур’ёзныя праблемы.

    – Зрабі ў мяшэчку маленькую дзірачку, і паступова зерне па адным адтуль высыплецца, – тлумачыць кс. Юзаф. – Так і тут. Здаецца, дробная дэталь – пастукаць тры разы па стале. А пастукаць можа толькі ксёндз у спавядальні. Або калі плююць праз плячо? Што тут, здаецца, крыўднага? Але з дробязей пачынаюцца большыя справы – вера ў нейкую мацнейшую магію, вынікам чаго можа стаць, напрыклад, варажба. Кот пяройдзе дарогу, жанчына з пустым вядром... І такіх момантаў назбіраецца! І што ў выніку? З аднаго боку, я веру ў Бога, атрымліваю Святыя сакраманты, хаджу на св. Імшу. А з іншага – каты, пустыя вёдры, заламаныя свечкі. І ў выніку – ці такая ўжо моцная нашая вера? Можа, яе пераважваюць усе гэтыя субверы, і вера ў Бога займае не так ужо і шмат месца ў душы? Калі Бог займае ў маёй душы мала месца, то свабодную прастору зоймуць чорныя сілы. Атрымаецца, што для мяне ці пастукаць па стале, ці схадзіць у касцёл – мэта будзе тая самая.

    Прасцей кажучы, бяс­крыўдныя субверы могуць аказацца служэннем д’яблу. Экзарцыст кс. Чэслаў Паўлюкевіч кажа, што на гэтую праблему сёння мала хто звяртае ўвагу, але яна вельмі актуальная:
    – Навука Касцёла ясна гаворыць, што ў Сусвеце няма нейтральнасці. Ёсць або Божае Валадарства, або валадарства д’ябла. Пакуль мы жывём тут, на зямлі, мы маем магчымасць выбару. Кожны момант нашага жыцця – гэта выбар. І пакуль мы жывём, адбываецца барацьба паміж выбарам, у якім валадарстве знаходзіцца. У Старым Запавеце ёсць словы: “Нашае жыццё – гэта барацьба”. А выбар валадарства раўназначны выбару даверу таму, хто з’яўляецца “Шэфам” гэтага валадарства, каму я давяраю. Мы чытаем: “Не можаш служыць двум Гаспадарам”. Бо Езус жа ведаў, што будзе так актуальна для нашага часу, таму пазначыў надпіс на сваёй іконе: “Езу, давяраю Табе!” А калі чалавек пачынае давяраць прагнозам, прыкметам ці любога тыпу магічным дзеянням і рытуалам, то тым самым ён адварочваецца ад нашага Пана Езуса. Праз усё гэта чалавек цёмныя сілы не выклікае (няма неабходнасці іх выклікаць), а АДКРЫВАЕЦЦА на іх провід...

    Адзінае, чым вернік павінен кіравацца ў жыцці, гэта Божыя запаведзі. І больш нічым. Давайце памятаць пра гэта асабліва ў часе Вялікага посту, калі нам даецца магчымасць пераасэнсаваць сваё жыццё, убачыць, што нас аддаляе ад Бога, і праз малітву і пост умацаваць сваю веру.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  337

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.