ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вызначаем правільны арыенцір!

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Віншую чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні” з нагоды першай гадавіны яе існавання. Ужо роўна год, як на старонках газеты “Слова Жыцця” з’яўляецца наша рубрыка для моладзі. Давайце падвядзём вынікі.
   За ўвесь час мы разам з Вамі мелі магчымасць пазнаёміцца з адзінаццаццю святымі асобамі, даведацца аб іх жыцці і шляху да святасці. Мы разважалі над адзінаццаццю актуальнымі пытаннямі: каханне, прызначэнне, магчымасці, час, мова… Адзінаццаць разоў мы вызначалі для сябе справу і мэту месяца. Мы размаўлялі на “добрай” мове, запаўнялі ўнутраную пустэчу, дзяліліся сваёй любоўю і выпраўлялі свае памылкі. Нас чакаў цікавы свет хрысціянскай літаратуры. Мы разважалі над радкамі Бібліі і слухалі добрыя песні.
   З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Госпаду Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы”
(Мц 4, 10).
   Бог адзін. І толькі. Але Яго непрыкметна могуць засланіць многія людзі і нават рэчы. Каб гэтага не адбылося, вельмі важна аналізаваць усе свае дзеянні, караць сябе за нейкія промахі і памылкі, пасля чаго сумленне, безумоўна, будзе крычаць удвая гучней. І сэрца ад любові да свайго адзінага Бога будзе біцца ўдвая хутчэй.

   Мэта месяца: вызначыць накірунак

    Чалавек па сваёй натуры зменлівы, непастаянны ў поглядах і дзеяннях. Ён можа казаць адно, а рабіць зусім іншае. Ад гэтага ён адчувае няўпэўненасць у сваіх жаданнях, у сваёй будучыні. А навошта гэта?
    Калі ёсць канкрэтная мэта, то ўсе намаганні, сілы, магчымасці, нават нейкія выпадковасці чалавек накіроўвае ў адно рэчышча. І для справы добра, і чалавек унутрана ўраўнаважаны.
    Калі часта змяняць накірунак свайго жыцця, можна заблытацца ў самім сабе: хто я, навошта жыву, якая ад мяне карысць. А паволі падымаючыся па прыступках, можна атрымаць асалоду і ад шляху, і, затым, ад дасягнутай мэты. Галоўнае – ведаць, па якой лесвіцы падымаешся і навошта.

  
святая Агата Сіцылійская Асоба месяца: святая Агата Сіцылійская

    Св. Агата паходзіць з аднаго вядомага роду з вострава Сіцылія. Пасля прыняцця хросту Агата вырашыла захаваць сваю ўнутраную чыс­ціню з-за любві да Хрыста. І ўсе жаніхі атрымлівалі адмову. А адзін з іх, рымскі намеснік Квіцыян, так раззлаваўся, што, нападаючы на сіцылійскіх хрысціян па загадзе імператара, адной з першых арыштаваў Агату. Яе доўга катавалі ў турме. У той час на Сіцыліі было землетрасенне, з-за якога Квіцыян, спужаўшыся, перастаў праследаваць хрысціян. Агату таксама хацелі адпусціць, але было ўжо позна: 5 лютага 251 года яна загінула ў турме ад катавання. Менавіта ў гэты дзень каталіцкі Касцёл успамінае Святую Агату.
    Праз год пасля смерці Агаты адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Вернікі маліліся да яе, і лава абышла горад. Святую Агату лічаць нябеснай ахоўніцай ад прыродных катаклізмаў. У дзень яе ўспаміну вернікі асвячаюць хлеб, соль і ваду. Месца, дзе яны знаходзяцца, абаронена ад пажараў і ўдараў маланкі.
   
   Прадмет разважанняў месяца: дасягненні

    Ці ёсць яны ў мяне? Калі так, то ці значныя яны? Прынеслі яны карысць ці былі толькі для забавы? А калі ўвогуле нічога не прыходзіць на розум, гэта не азначае, што дасягненняў няма. Можна нешта зрабіць і забыцца на гэта (штосьці проста падасца дробяззю). Але нават разумнае добрае слова, сказанае своечасова, можа выратаваць чалавеку жыццё. Дык што ж знаходзіцца ў маім мінулым? Ці магу я чым-небудзь падзяліцца?
   
   Справа месяца: самастойна вырашыць справу

    Дапамога – гэта, безумоўна, добра. Калі хтосьці сам прапаноўвае яе, наўрад ці трэба адмаўляцца, бо тады атрымліваецца, што Ты замінаеш чалавеку зрабіць добрую справу. Але ёсць такія справы, калі Ты сам просіш дапамогі там, дзе можаш абысціся без яе. А самастойнасць жа толькі вучыць, выхоўвае і падбадзёрвае.
    Дзякуючы гэтаму, можна заваяваць аўтарытэт у вачах сваіх бацькоў, сяброў, знаёмых. Ты пакажаш, на што здольны, чаго ад Цябе можна чакаць. У іншым выпадку, калі часта звяртацца за дапамогай, можна прадэманстраваць сваю бездапаможнасць нават у самых простых справах. І ўзровень аўтарытэту і даверу да Цябе паменшыцца.
    Таму, здаецца, выгадней паказаць сябе з лепшага боку.
   
  
Кніга месяца: “Ад мяне гэта было”, размова бога з душой чалавека

    Гэтая размова напісана даўно. Серафім Вырыцкі, аўтар кнігі, кананізаваны праваслаўнай Царквой. Асноўная думка сканцэнтравана ў самой назве – усё ад Бога. Як кажуць, і добрае, і дрэннае. Але дрэннае – гэта ўсяго тое, што не падабаецца нам.
    Вось, напрыклад, Бог кажа: “Ад Мяне гэта было”, калі Ты знаходзішся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі або навокал людзі, якія Цябе не разумеюць. Гэта Бог выбраў тое месца, дзе Ты знаходзішся зараз, і нават калі ў Цябе незадавальняючае фінансавае становішча, ведай, што ўсё ад Бога. Вось зараз Ён, мабыць, хоча, каб Ты адчуваў залежнасць ад Яго.
    Бог дазваляе, каб у Тваім жыцці прысутнічалі расчараванні. Але Ты павінен ведаць, што Бог – Твой лепшы сябар, і Ты павінен усё прыносіць Яму: і радасць, і гора.
    Кожная сітуацыя з жыцця – своеасаблівы ўрок. Няма звестак ад блізкіх людзей? Бог правярае моц Тваёй веры на малітве за блізкіх. Цяжкая хвароба, якая перакрэсліла ўсе Твае планы на будучыню? Бог хоча, каб Ты глыбей спазнаў Яго.
    Памятай, што ўсё, з чаго складаецца Тваё жыццё, Бог бласлаўляе. Галоўнае – прыняць.
   
   Песня месяца: “Мой сябар”, Iгар Kруты

    Галоўная ідэя песні – уменне вызначыць, хто на самай справе сябар, а хто – не. Роздум над тым, што часам нас вельмі хвалюе. Сярод натоўпу знаёмых трэба вызначыць аднаго чалавека – роднага, блізкага, сардэчнага.
   Спявак кажа, што сябар – гэта той, хто будзе з Табою, калі адчуе, што Цябе ахапіла адзінота. “І сагрэе без віна”. Той, у каго душа просіць прабачэння за ўсё, што давялося перажыць.
   Балюча памыляцца ў людзях. Але трэба цаніць тое, што даў Бог. І сябры ў нас таксама ад Бога. Гэта наша люстэрка. Робім высновы.
  
   Будзем гатовы да змен!

 
Чытачы рубрыкі даслалі нам свае лісты з віншаваннямі і прапановамі. Вось некаторыя з іх:
Віталій Валюк, Гродна:
   “Як непрыкметна ляціць час. Ужо роўна год мінуў з таго часу, як у газеце з’явілася рубрыка “На скрыжаванні”. Наколькі я ведаю, сярод маіх сяброў і знаёмых рубрыка карыстаецца папулярнасцю, бо, дзякуючы ёй, можна даведацца шмат новага.
   Хацелася б і надалей бачыць рубрыку ў газеце, бо яна нясе сваім чытачам святло пазнання. Хацелася б знайсці тут “Верш месяца” або “Размову з моладдзю”. Жадаю аўтару, каб рубрыка здабывала ўсё новых і новых прыхільнікаў. З Богам і ў добры шлях”.

   Лілія і Вікторыя Шуляк з в. Вярэйкі
   прапануюць увесці падрубрыку “Інтэнцыя месяца”, якую маюць ўсе касцёлы ў Беларусі. “А яшчэ, можна дадаць да падрубрыкі «Асоба месяца» імёны Святых, да якіх можна маліцца ў гэтым месяцы. Пра некаторых з іх можна коратка расказаць”.

   Надзея Сівец з Астраўца
   піша, што матэрыялы рубрыкі ёй падабаюцца за тое, што яны лаканічныя і лёгка чытаюцца. “Рубрыку я чытаю перыядычна… Тут можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Яна прыцягвае да сябе: чытаеш і прыслухоўваешся да свайго ўнутранага свету, аналізуеш… Жадаю, каб рубрыка жыла і развівалася”.

   Юлія Міхалевіч з Вярэек
   з нецярплівасцю чакае выхаду новага нумара газеты “Слова Жыцця” і з ахвотай заглядае ў рубрыку “На скрыжаванні”, каб пазнаёміцца з мэтай, справай месяца, прадметам разважанняў. “Я заўсёды стараюся прачытаць кнігу месяца і паслухаць песню, якая прапануецца ў рубрыцы. Жадаю рубрыцы працвітання, а яе аўтару – натхнення і творчых ідэй”.

Усім вялікі дзякуй! Будзем удасканальвацца. У наступны раз я абяцаю прыняць да ўвагі ўсе Вашы прапановы (пакуль яны разглядаюцца ў рэдакцыі).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.