ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе

Парафіі і святыні

Касцёл св. Яна Хрысціцеля  ў ВоўпеДэканат Масты
Паселішча і двор Воўпа вядомы з першай паловы XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне. У 1449 г. кароль Казімір Ягелончык перадаў маёнтак Алёхне Судзімонтавічу (+1491), віленскаму ваяводзе і канцлеру ВКЛ (1477 – 1490). Менавіта Алёхна разам са сваёй жонкай Ядзвігай і заснаваў тут касцёл у 1477 г. У наступным годзе першы драўляны касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам Янам Ласовічам пад падвойным тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Хрысціцеля. Новы касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1618 г. па фундацыі віленскага біскупа Яўстафія Валовіча. Інтэр’ер касцёла быў упрыгожаны роспісам. Галоўны алтар з абразом Найсвяцейшай Тройцы створаны на сродкі тагачаснага пробашча кс. Францішка Галішэўскага. Акрамя галоўнага алтара, святыню ўпрыгожвалі яшчэ тры алтары: св. Францішка (фундатар Анджэй Альшэўскі), Найсвяцейшай Панны Марыі (фундатар Станіслаў Румбовіч), Святога Крыжа (створаны на сродкі кс. Мікалая Дыцюша, віленскага каноніка і ваўпянскага пробашча), а таксама алтарная кампазіцыя з фігурай Маці Божай (ахвяра Багданы Пшэслаўскай).
Яшчэ ў 1511 г. Аляксандр Юр’евіч, князь Гальшанскі, і яго жонка Сафія з Судзімонтавічаў заснавалі пры касцёле капліцу пад тытулам св. Ганны, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, свв. Сафіі, Паўла і Аляксандра. У першай палове XVII ст. драўляная капліца далучалася да асноўнага аб’ёму касцёла, асвятлялася чатырма вокнамі, унутры было два алтары: галоўны – Зняцця з крыжа, бакавы – Пахавання ў грабніцы.
    У 1630-х гг. касцёл згарэў. Святыню адбудавалі з дрэва каля 1640 г. Фундатарамі пабудовы сталі князь Казімір Лявон Сапега (1609 – 1656), тагачасны маршалак, і яго жонка Тэадора Крысціна з Тарноўскіх. У 1679 г. касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. Гэта была крыжападобная ў плане святыня з высокай вежай-званіцай над уваходам. У святыні было шэсць разьбяных алтароў, пафарбаваных у чорны колер з пазалочанымі элементамі: галоўны – з абразом Укрыжавання, два меншыя ў прэсбітэрыі – св. Стэфана і Анёлаў-ахоўнікаў (абодва алтары фундаваў кс. Стэфан Бабкоўскі ў 1654 г.), брацкі алтар у капліцы Маці Божай Ружанцовай і яшчэ два ў капліцы св. Ганны (фундацыі Казіміра і Тэадоры Сапегаў). У другім ярусе – абразы Беззаганнага Зачацця НПМ і св. Мацея. У 1745 г. брацтва жаўнераў усталявала ў Ружанцовай капліцы свой двух’ярусны алтар Святой Сям’і (да 1752 г. алтар быў перайменаваны ў гонар св. Юзафа) з абразом св. Антонія з Дзіцяткам наверсе. Над табернакулюмам галоўнага алтара быў усталяваны цудадзейны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, адзначаны 121 вотумам (па дадзеным з 1700-га г.). Пад прэсбітэрыем знаходзіўся вялікі склеп сям’і Кошчыцаў, два невялікія склепы былі пад Ружанцовай капліцай і яшчэ адзін, дзе быў пахаваны Ян Князевіч, – пад капліцай св. Ганны. Цяпер усе скляпы засыпаныя. Побач з касцёлам стаяла драўляная званіца з пяццю званамі.
    Гэты касцёл прастаяў амаль паўтара стагоддзя. Ён быў прызнаны струхнелым, і ў 1773 г. на сродкі тагачаснага ваўпянскага пробашча кс. Юзафа Казіміра Касакоўскага (быў пробашчам у 1761 – 1775 гг., таксама зафундаваў новую плябанію і новыя будынкі парафіяльнага шпіталя) быў пабудаваны касцёл, які дзейнічае і сёння. 10 сакавіка 1776 г. кс. біскуп Юзаф Касакоўскі кансэкраваў святыню пад гістарычным тытулам св. Яна Хрысціцеля. У новую святыню з папярэдняга касцёла перанеслі старажытныя алтары, амбон (у 1890 г. створаны новы), лаўкі і іншае аздабленне. Перад касцёлам кс. Ян Скачынскі ўсталяваў слуп з драўлянай фігурай св. Яна Непамука.
    З пачатку XVII ст. пры ваўпянскай парафіі дзейнічаў шпіталь з драўлянай капліцай Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Шпітальная капліца мела сакрыстыю і вежачку-сігнатурку; у алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Аднак да пачатку XVIII ст. капліцу разабралі, а набажэнства перанеслі ў касцёл.
    Касцёл у Воўпе дзейнічаў увесь час. Ён мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.
    Касцёл, дарэчы, з’яўляецца самай велічнай драўлянай рыма-каталіцкай святыняй Беларусі. Гэта дзвюхвежавы, крыжападобны ў плане, безапсідны, арыентаваны алтаром на поўнач будынак, прэсбітэрый якога аддзелены ад сакрыстый унутранай перагародкай. Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай бэлечнай столлю. У малітоўнай зале захаваліся тры старажытныя алтары. Новы пасаборавы алтар усталяваны ў 2000 г.
    Знакаміты галоўны алтар створаны ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі ў 1634 – 1639 гг. (або каля 1640 – 1644 гг.) па фундацыі Казіміра Сапегі. У першым ярусе паміж чатырох пазалочаных калон карынфскага ордэра змешчаны абраз Укрыжавання ў акружэнні велічных фігур св. Яна Хрысціцеля (заступнік касцёла, злева) і св. Казіміра (заступнік фундатара). Пара ўнутраных калон дэкаравана накладной пазалочанай разьбой у выглядзе вітой вінаграднай лазы з гронкамі, знешнія калоны гладкія, над імі ўсталяваны паліхромныя фігуры св. Альжбеты Цюрынгскай і св. Маргарыты. У трохвугольным тымпане першага яруса знаходзіцца гарэльефная выява Саваофа на воблаку і двух анёлаў па баках. Цокалі калон і скульптур маюць гарэльефныя выявы галовак анёлаў. У другім ярусе змешчаны абраз Звеставання ў акружэнні пазалочаных фігур анёлаў. Завяршае алтар арнаментальны фрыз. Табернакулюм алтара з абразом Тайнай Вячэры – гэта выдатны ўзор маньерызму. На цокалі алтара змешчаны картушы з гербамі фундатараў – Казіміра і Тэадоры Сапегаў. Алтар аднаўляўся ў 1773, 1899, 1998 гг.
    Бакавыя алтары – двух’ярусныя. Злева – алтар Маці Божай Ружанцовай, створаны каля 1640 г. па фундацыі Станіслава Кошчыца. У цэнтры, паміж падвойных гладкіх карынфскіх калон, знаходзіцца абраз Маці Божай Ружанцовай, у разьбяных і пазалочаных маньерыстычных “вушах” – разьбяныя скульптуры свв. біскупаў Мікалая і Станіслава як увасабленне ўсходняй і заходняй Цэркваў. У другім ярусе ў раме авальнай формы змешчаны абраз Унебаўзяцця НПМ (або Маці Божай Анёльскай), намаляваны каля 1775 г. Завяршаюць кампазіцыю паліхромныя фігуры свв. Кацярыны Александрыйскай, Міхала Арханёла і Юдыты. На менсе намаляваны выявы Веры, Надзеі і Любові (Spes, Fides, Caritas).
    Справа – алтар Маці Божай Вастрабрамскай (раней тут быў абраз Святой Сям’і з XVIII ст., цяпер ён змешчаны на алтарнай сцяне, справа ад галоўнага алтара) з тытульным абразом пачатку ХХ ст. У другім ярусе – абраз св. Антонія з XVIII ст. Кампазіцыю завяршае фігура св. Міхала Арханёла з мячом у акружэнні разьбяных картушаў з манаграмамі IHS i MARYA. Злева яшчэ захавалася фігурка анёла.
    Над уваходам знаходзяцца арганныя хоры з простай дашчанай агароджай, новы неабарочны арган на 9 галасоў, створаны майстэрняй Вацлава Бернацкага, усталяваны ў 1903 г.
    Касцёльная тэрыторыя абнесена невысокай бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных атынкаваных слупоў. Справа ад касцёла ў 1858 г. была асобна пабудавана двух’ярусная вежа-званіца. Сюды былі перанесены званы са старой званіцы (пералітыя з папярэдніх у 1837 г.), а ў 1930 г., дзякуючы намаганням кс. Іпаліта Ядкоўскага, парафіяне набылі новы звон “Ян Хрысціцель”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.