ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Гісторыя каляднай паштоўкі

Хрысціянскія традыцыі

Колькі калядных паштовак Вы падпісалі родным і знаёмым на сёлетняе свята Божага Нараджэння? Напэўна, не так ужо і шмат. Прасцей і хутчэй адправіць віншавальную СМС-ку ці патэлефанаваць. Друкаваная паштоўка з пажаданнямі “Вясёлых свят!” успрымаецца сёння хутчэй як настальгічны элемент. А першая калядная паштоўка ўзнікла менавіта з-за ляноты. Англічанін сэр Генры Коул меў вельмі шмат родных, якіх трэба было кожны год віншаваць з Раством. Па яго просьбе мастак Джон Хорслі ў 1840 годзе зрабіў 40 аднолькавых літаграфій, на якіх была намалявана сям’я сэра Генры за калядным сталом. Па баках змяшчаліся малюнкі на тэму міласэрнасці: Коулы раздаюць бедным адзенне і ежу. Пад малюнкам быў змешчаны надпіс: “Вясёлых Каляд і шчаслівага Новага года!” Родным сэра Генры такое віншаванне вельмі спадабалася. У 1843 годзе з літаграфіі была надрукавана тысяча паштовак – гэта былі першыя калядныя паштоўкі ў свеце. Дарэчы, з тае тысячы сёння ў свеце засталося ўсяго толькі 12 штук.
Хутка мільёны каляд­ных паштовак з напісанымі пажаданнямі пачалі дасылацца па ўсім свеце. Як лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі Галіна Хамко, па малюнках на калядных паштоўках можна прасачыць усю гісторыю святкавання Божага Нараджэння. Так, напрыклад, вельмі распаўсюджаны малюнак на паштоўцы – упрыгожаная ёлка на плошчы – з’явіўся толькі ў канцы XIX ст. Акурат у той час былі вынайдзены электрычныя лямпачкі, якія пачалі вешаць на ёлку на цэнтральнай плошчы.
    Таксама цікавая гісто­рыя паштовак з выя­вай св. Мікалая. Вобраз гэтага Святога быў вельмі папулярным на паштоўках, бо менавіта ён прыносіў дзецям падарункі, падкідваючы іх у панчохі ці шкарпэткі. Па паданні, св. Мікалай жыў у IV ст. і дапамагаў бедным. Але ён не хацеў, каб людзі бачылі, хто ім дапамагае. Спачатку св. Мікалай падкідваў манеты ў вакно, а калі рабілася холадна, – у камін. Каля печы ці каміна сушыліся чаравікі і панчошкі, куды і траплялі грошы, а пасля і падарункі. Адсюль і з’явіўся звычай складваць калядныя падарункі ў панчохі. Да ХIХ ст. св. Мікалай маляваўся ў адзенні біскупа. Пазней, ужо ў ХХ ст, амерыканцы “пашылі” Святому новы касцюм, больш зручны для перамяшчэння па горадзе – св. Мікалая апранулі ў чырвоныя штаны і чырвоную куртку. Св. Мікалай на паштоўках набыў больш свецкі выгляд. Пачало ў нас ужывацца і амерыканскае імя Санта Клаус.
    Паштоўкі адлюс­троў­валі змену моды і стыляў. Напрыклад, ёлка на каляднай паштоўцы ў ХХ ст. выглядала інакш, чым у ХIХ ст. Было вырашана, што ёлка са шматлікімі ўпрыгожваннямі і ліхтарыкамі выглядае безгустоўна і трэба пакінуць на ёй толькі два колеры: напрыклад, белы і серабрысты ці залацісты, што і адлюстравалі калядныя паштоўкі. У ХХ ст. пачалі з’яўляцца таксама і музычныя паштоўкі.
    На Гродзеншчыну калядныя паштоўкі прыво­зіліся з Германіі, Італіі. Прычым гандляры стараліся прывезці паштоўкі без надпісаў, на якія ўжо потым надрукоўваліся словы на польскай мове: “Wesołych świąt!” Гродзеншчына з’яўляецца цікавым рэгіёнам, дзе здаўна жылі побач католікі і праваслаўныя. Адпаведна і калядныя паштоўкі, як распавёў гродзенскі калекцыянер Ян Лялевіч, мелі такі ж выразны падзел.
    Старыя калядныя паш­тоўкі, якія хадзілі па гэтым рэгіёне, мелі самыя розныя сюжэты: зімовыя пейзажы ці ёлкі, выявы шчаслівай сям’і. Св. Мікалай з’явіўся на пазнейшых паштоўках. Малюнкі Святой Сям’і з маленькім Езусам у яслях былі асабліва папулярныя ў 20 - 30-я гады ХХ ст. Вельмі папулярнай была таксама дзіцячая тэматыка.
    – Тэксты віншаванняў на старых паштоўках практычна нічым не адрозніваюцца ад цяперашніх, – кажа Ян Лялевіч. – І сто гадоў таму людзі жадалі адзін аднаму шчасця, здароўя і радасных свят.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.