ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Патрэбны змены

Слова рэдактара

24-340 Давайце на пачатку новага года паспрабуем асвяжыць сваё хрысціянскае мысленне. Мы маем у сабе вялікі патэнцыял духоўнага жыцця.
   Дарагія Чытачы! Я хачу прывітаць на старонках нашай газеты кожнага з Вас, а Вас звыш 13000, у Новым 2012 Панскім годзе.
   Калі мы становімся перад новай падзеяй ці, напрыклад, Новым годам, мы звычайна робім пэўныя выказванні, якія, безумоўна, абапіраюцца на веды і вопыт, атрыманыя да гэтага часу, на тое, што ўжо было і што вядома. А якімі будуць гэтыя новыя заклікі ў 2012 годзе? І ці новыя яны? Навошта нам змяняцца, калі нам і так добра?
   Несумненна, кожны чалавек павінен увесь час пазнаваць сябе. Дзякуючы Божай ласцы многія з нас здолеюць пераступіць праз усе абмежаванні, звязаныя з досведам граху і зла. Трэба памятаць пра тое, што працэс развіцця чалавека мае вялікі ўплыў на сувязь з Богам, з самім сабой і з іншым чалавекам. Нашы змены з’яўляюцца вялікім тварэннем Айца ў моцы Святога Духа, які фармуе нас, як Божых дзяцей. Магчымасць усё больш поўнага станаўлення “новым чалавекам” св. Павел бачыць у развіцці сувязі з Езусам Хрыстом. Наша любоў да Хрыста павінна быць моцнай, у ёй мы можам пагадзіцца і прыняць усе змены да лепшага, чарговы раз усведамляючы, што Евангелле Хрыста не змяняецца, што змяняемся толькі мы. Часам мы прымаем свае змены, а бывае так, што мы вядзём занадта “зручнае” грамадскае ці рэлігійнае жыццё.
Безумоўна, што кожная перамена ў жыцці натыкаецца на супраціўленне, таму што знішчае нашу зону камфорта, якая існавала да гэтага часу. Змяняецца свет, змяняюцца тэхналогіі і, хачу заўважыць, толькі чалавек мае незвычайную здольнасць прыстасавання да ўмоў, выкарыстання таго, што адбываецца вакол нас, змены рэчаіснасці і карыстання гэтымі зменамі. Гэтае прыстасаванне не заўсёды добрае. Жыццёвы камфорт, звязаны з добрым матэрыяльным ці сацыяльным статусам, не абавязкова павінен несці духоўны камфорт.
   Змены для верніка не з’яўляюцца стратай Бога. Гэта, перш за ўсё, адкрыццё сябе на мноства новых магчымасцей, якія нам дае Бог, і якіх мы б не заўважылі, калі б прытрымліваліся таго, што нам вядома і бяспечна. Гэтыя змены дазваляюць кожнаму з нас выкарыстаць свае таленты, дадзеныя ад Бога. Чалавек, які ідзе ў напрамку духоўнага поспеху, заўсёды мае Божае бачанне і цягу да таго, каб дзейнічаць. Свядомасць таго, навошта я так дзейнічаю, з’яўляецца надзвычай важнай. Гэтыя свежыя творчыя ідэі, якія ў нас ёсць, ідуць ад Бога і існуюць з Яго бласлаўлення.
   Давайце на пачатку новага года паспрабуем асвяжыць сваё хрысціянскае мысленне. Мы маем у сабе вялікі патэнцыял духоўнага жыцця. Толькі там, дзе ёсць Бог, ёсць сапраўднае жыццё. Я лічу, што многія з нас, збіраючыся каля ясляў, неаднойчы ўжо адчулі гэта ў новым годзе. Калі мы сустракаем Хрыста, Жывога Бога, мы пазнаём сэнс жыцця, можам цешыцца жыццём.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.