ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Сагрэцца пад крылом Божай ласкі

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Снежань. Зіма. Неўзабаве і Божае Нараджэнне! Вігілія, куцця, ламанне аплаткай, салодкія падарункі. Як хутка ляціць час!
   І за гэты час можна паспець зрабіць шмат карыснага і добрага. Бо ёсць супакой у душы і, спадзяюся, адвага ў сэрцы верніка. Ды і добры настрой. Я даўно адказала на пытанне, якое гучыць паўсюдна: “Што такое шчасце?” Шчасце - гэта ўменне быць удзячным.
   Што ж, крочым далей з Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Любоў Хрыста ахапіла нас”
(2 Кар 5, 14).
    Няхай гэтая цытата натхняе нас. Што можа быць больш прыемным за тое, калі хтосьці абдымае цябе за плечы. А яшчэ калі гэта робіць сам Пан Езус! Няма сумненняў, што па скуры прабягуць мурашкі задавальнення.
    Для таго, каб Хрыстос спадарожнічаў па жыцці нам, а мы – яму, патрэбны пастаянны кантакт душы з Богам.
    Таму паспрабуем абазначыць план развіцця годнага хрысціяніна на снежань 2011 года.

   Мэта месяца: правільна расставіць прыярытэты

    Даводзіцца мець зносіны з рознымі людзьмі. І вядомыя разумныя людзі часта кажуць: “Паспець можна амаль усё, калі правільна расставіць прыярытэты”. Як?
   Спачатку трэба брацца за найбольш значныя справы, а за дробязі, якія могуць пачакаць, пазней. У такім выпадку будзеш ганарыцца сабой і не будзе сорамна, што нешта не паспеў.
   Памятаю, як у трэцім класе мая першая настаўніца папрасіла падняць рукі тых вучняў, якія спачатку робяць лягчэйшыя хатнія заданні, а толькі потым – цяжэйшыя. Амаль усе паднялі рукі ўгору. І я. Хоць так не рабіла, але лічыла, што большасць усё робіць правільна. Затым настаўніца папрасіла падняць рукі тых, хто наадварот спачатку робіць цяжкія заданні, і толькі затым – лёгкія. Адгукнуліся адзін – два чалавекі. Прагучаў вердыкт: заўсёды пачынайце з цяжкага.
   Гэты выпадак навучыў мяне смела ісці наперакор большасці, калі ў нечым упэўнены або лічыш інакш. Бо большасць неабавязкова мае рацыю. Але мэта месяца актуальная заўсёды. Таму будзем аддзяляць галоўнае ад таго, што можа пачакаць. Гэта важна. І тады абавязкова на ўсё хопіць часу.

   Асоба месяца: Святы Мікалай

    Святы Мікалай вя­домы нават дзецям. Бо яны лічаць, што менавіта ён прыносіць ім салодкія пачастункі зімой 6 снежня.
   Нарадзіўся Мікалай каля 270 года ў Турцыі. Пачаў служыць Богу. Быў біскупам Міры. Калі востра стала пытанне аб пераследаванні хрысціян, яго пасадзілі ў турму на 8 гадоў! Затым ён выйшаў і працягнуў прапаведаванне.
   Найбольшую вядомасць святому прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. Ён падкідваў манеткі і ежу ў чаравікі на вуліцы бедным, дзецям. Адсюль і пайшла традыцыя вывешваць на вуліцы шкарпэткі або ставіць чаравікі, каб Святы Мікалай туды што-небудзь паклаў. Святы таксама з’яўляўся ахоўнікам людзей, якія былі пакараны несправядліва. А адной дзяўчыне, напрыклад, ён дапамог выйсці замуж, даўшы ёй грошай на пасаг.
   Памёр Святы Мікалай 6 снежня 346 года. У знак памяці аб ім у Х стагоддзі ў гэты дзень у Кёльнскім саборы дзяцей, якія прыходзілі на заняткі рэлігіі, пачалі частаваць салодкім. Так частуюць да гэтага часу. І ў нас таксама. Такая вось доўгая і цікавая гісторыя.
   
   Прадмет разважанняў месяца: Адвэнт

    Што сімвалізуюць чатыры свечкі каля алтара? Як павінен сябе адчуваць вернік, знаходзячыся ў касцёле падчас Адвэнту? Якую патрэбна прыняць пастанову? Ці абавязкова хадзіць на рараты? І ці гатовы Ты асабіста да духоўнага самаўдасканальвання падчас посту?
   
   Справа месяца: усміхнуцца няўдачы

    А чаму б і не? Бо, памятаем, усё ў нашым жыцці ад Бога. І падарункі, і пакаранні. За нешта дрэннае трэба паплаціцца. Адзін раз у скрыні можна знайсці вялікі падарунак, другі раз – невялікі. А калісьці скрыня ўвогуле будзе пустая. І кожная такая “пустая скрыня” – гэта Божае папярэджанне.
    Прапаную варыянт: трэба ўсміхнуцца няўдачы і падзякаваць за ўрок, а затым з усіх ног кінуцца выпраўляць свае памылкі. Разам з пустой скрыняй. У яе на ляту назбіраць добрых учынкаў. Пасля чаго Вы будзеце ўсміхацца разам з Богам.
    Не паверыце! Калі я пісала гэты матэрыял, камп’ютар “завіс” і выключыўся. Нічога не захавалася, а мне ўжо заставалася толькі напісаць пра Святога Мікалая (чытайце далей). І… я паспрабавала ўсміхнуцца. Скажу шчыра, гэта даволі цяжка, але значыць, так было патрэбна. Пачала пісаць з чыстага ліста. Так хоча Бог. А можа, Ён хоча, каб я пра штосьці забылася?
   
   Kніга месяца: “90 хвілін на Нябёсах”, Дон Пайпер

    Не сакрэт, што кнігі трапляюць мне ў рукі невыпадкова.
   Я ішла на прэс-канферэнцыю і мела яшчэ колькі хвілін вольнага часу. Зайшла ў кнігарню, каб паглядзець цікавыя кнігі. Рука пацягнулася да паліцы, адкуль я і выцягнула кнігу “90 хвілін на Нябёсах” Дона Пайпера. Вось такая гісторыя выбару кнігі месяца.
   Дон Пайпер трапіў у аўтамабільную катастрофу ў 1989 годзе. Ён памёр адразу ж на месцы. Пульсу не было, таму ўрачы зарэгістравалі яго смерць. Накрылі цела брэзентам і пачалі дапамагаць другім пацярпелым. Так Дон праляжаў паўтары гадзіны, пакуль не з’явіўся святар, які пачаў маліцца за яго. Паводле сведчання пастыра, ён пачуў у душы голас Бога: “Ты павінен за яго маліцца”. І хоць урачы сказалі святару, што чалавек ужо мёртвы, гэта яго не спыніла. Калі ён ужо заканчваў малітву гімнам “Які цудоўны сябар Езус”, Дон… пачаў падпяваць святару.
   Неверагодна! Яшчэ нядаўна мужчына чуў нябесную музыку, “святы шум крылаў”, бачыў сваіх родных і блізкіх, а цяпер ён зноў на гэтай зямлі. Навошта? Гэтае пытанне Дон задаваў яшчэ шмат разоў. Зразумеў ён усё пазней.
   Падрабязней чытайце ў кнізе “90 хвілін на Нябёсах” Дона Пайпера.
   
   Песня месяца: “Госпадзе”, Макс Фадзееў

    Вядомы расійскі прадзюсар і кампазітар Макс Фадзееў запаліў на музычным небасхіле шмат зорак, галасы якіх зараз гучаць у тэлефонах, па радыё, у эфіры. Спевакі і спявачкі, музычныя гурты і калектывы. Але і сам Макс Фадзееў, як аказалася, спявае. Адна з яго песень – “Госпадзе”.
    Джазавая мелодыя. Элементы блюза.
    Скажу шчыра, што для таго, каб зразумець сутнасць кампазіцыі, я павінна была праслухаць яе некалькі разоў. Але слухаць прымушала музыка: сучасная, дынамічная. Такая, якую любіць моладзь. І ўсё ж сутнасць я вызначыла. Чалавек стаіць перад распяццем на каленях, а з яго душы вырываецца крык: “Госпадзе, не маўчы, Ты ж можаш…”.

   Сябры, не хварэйце і апранайцеся цяплей! І ўсё будзе добра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.