ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Стос пытанняў ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу

З жыцця Касцёла

Сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі з ксян-дзом арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам адбылася ў Гродне 29 кастрычніка. Сустрэча пачалася св. Імшой, якую ў Пабрыгіцкім касцёле цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
“Дзякуй вам за запрашэнне на сустрэчу. Нягледзячы на тое, што жыццё біскупа як шчыльны каляндар і знайсці ў ім вольны час на сустрэчу цяжка, наш супольны святы Максіміліян Марыя Кольбэ пакіраваў так, каб мы маглі спаткацца: сёння на моладзевай сустрэчы, а заўтра – падчас урачыстай св. Імшы з нагоды 70-годдзя са дня пакутніцкай смерці святога Заступніка Гродзенскай дыяцэзіі”, – сказаў на пачатку св. Імшы Мітрапаліт.
    У сваёй гаміліі кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч згадаў Дзесяць Божых запаведзей і тое, як мы іх рэалізуем у нашым штодзённым жыцці. Мы ўсе ведаем іх на памяць, але як мы ўспрымаем Божыя запаведзі: як абмежаванне нашай волі або як духоўныя арыенціры, кіруючыся якімі мы будзем імкнуцца да духоўных вяршыняў?
Пасля св. Імшы моладзь прынесла ў падарунак ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу кашулю з сімволікай АД “OPEN” і фотакалаж са здымкаў арцыбіскупа з моладдзю. Св. Імшу ўпрыгожваў спевамі гурт моладзі з Акадэмічнага душпастырства. Пасля св. Імшы адбылася сустрэча моладзі з Яго Эксцэленцыяй. На пачатку сустрэчы маладыя людзі прадставілі прэзентацыю ўдзелу Гродзенскай дыяцэзіі ў Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе. Пасля ў хлопцаў і дзяўчат з’явілася магчымасць задаць самыя розныя пытанні кс. аб-пу Тадэвушу Кандрусевічу. Моладзь, якую цікавіла ўсё, дзве гадзіны не адпускала ксяндза арцыбіскупа. Мітрапаліт прымаў удзел практычна ва ўсіх Сусветных днях моладзі. Ён узгадаў некалькі цікавых гісторый, звязаных з удзелам у гэтых сустрэчах дэлегацыі ад Савецкага Саюза. Таксама моладзь пыталася, як развіваецца беларуская культура ў рэчышчы Касцёла? Ці змяняюцца людзі пасля таго, як наведаюць Святую Зямлю? Калі Яго Эксцэленцыя адчуў пакліканне? Павялічваецца ці памяншаецца каталіцкі Касцёл у Беларусі?
    “Са статыстыкай у гэтай справе ёсць цяжкасці, таму што да пачатку 90-х гадоў запісы аб хрышчэнні вяліся неўпарадкавана: людзі маглі хрысціцца, але нідзе пра гэта афіцыйна не запісваць, – распавёў ксёндз арцыбіскуп. – І толькі пасля 1991 г. пачалі весціся рэгулярныя запісы ў кнігах. Таму назваць зараз дакладную лічбу католікаў у Беларусі цяжка. Павінен яшчэ прайсці пэўны час да таго, калі мы зможам на падставе афіцыйных дадзеных назваць канкрэтныя лічбы. Але ў сучасным свеце назіраюцца працэсы секулярызацыі, і гэта відавочна. Касцёл патрабуе новай евангелізацыі. Ёсць шмат праблем і пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Напрыклад, у Мінску, дзе як мінімум 300 тысяч католікаў, усяго толькі 4 святыні. Дзякуй Богу, з’явіліся капліцы, ёсць святыні, якія знаходзяцца на стадыі будаўніцтва”.
    Моладзь таксама цікавіла, якія метады можна выкарыстоўваць для евангелізацыі людзей, якія знаходзяцца па-за Касцёлам. Ксёндз арцыбіскуп адказаў, што асноўнае – гэта паказваць іншым прыклад уласным жыццём. Таксама сёння вялікае значэнне надаецца сродкам масавай камунікацыі, медыям, тэхнічным дасягненням, якія маглі б даносіць Божае слова ў адпаведнай для сучаснага чалавека форме на вялікія адлегласці.
    Таксама кс. аб-па Тадэвуша Кандрусевіча папрасілі ўзгадаць цікавыя моманты сустрэч з бл. Янам Паўлам II. Ксёндз арцыбіскуп бачыў Святога Айца за месяц да ягонага пахавання, і гэтая сустрэча яго моцна ўразіла: “Гэта было 8 сакавіка, Папа быў ужо ў шпіталі. Мы былі ў Рыме і зайшлі туды, каб убачыць яго. Мне сказалі пачакаць, бо Папа акурат маліўся. Пасля дазволілі ўвайсці. Калі я ўвайшоў да яго ў палату, ён сядзеў у крэсле. Ён моцным, наколькі мог, голасам (Папа меў цяжкасці з дыханнем), мяне запытаў: “Што чуваць у Маскве?” Я ўпэўнены, што калі б я тады быў арцыбіскупам у Беларусі, ён спытаўся б пра Мінск. Мяне ўразіла, што чалавек, які знаходзіўся ўжо на парозе смерці, клапаціўся пра ўвесь Касцёл. Таксама не раз было, што пасля абеду ці вячэры Папа заўсёды запрашаў некалькі біскупаў у кабінет, і калі мы паразмаўляем пра розныя справы Касцёла, мог запытацца: ну, што там пра мяне расказваюць? Папа быў чалавекам з добрым пачуццём гумару...”
    Пасля некалькіх гадзін размовы ксяндза арцыбіскупа з гродзенскай моладдзю кіраўнік АД “OPEN” кс. Антоні Грэмза выказаў прапанову ў будучым арганізаваць тэлемост ці скайп-канферэнцыю паміж моладдзю парафій Мінска і Гродна для сумеснай малітвы.
    У канцы сустрэчы ксёндз арцыбіскуп падзякаваў гродзенскай моладзі за актыўнасць і цікавую сустрэчу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.