ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Зрабіцца на час добрымі анёламі!

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вось ужо і восень заканчваецца. А здаецца, што мы яшчэ толькі нядаўна апранулі курткі.
    Лістапад – гэта месяц, калі мы ўспамінаем памерлых і збіраемся з роднымі на могілках, а таксама час, калі распачынаецца Адвэнт. У гэтым годзе першая нядзеля Адвэнту прыпадае на 27 лістапада.
    У гэтым месяцы нас чакае вандроўка па пустых кутках нашай душы. Адчуем радасць палёту на крылах: на некаторы час зробімся добрымі анёламі. А таксама паразважаем, ці трэба баяцца Бога.
   З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”
(Ян 15, 13).
    Вось так. Не ўсе гатовы аддаць сваё жыццё за сябра. Ды што там жыццё, хаця б кавалак часу, чыстую кашулю.
    Аднойчы мой лепшы сябар спытаў мяне: “А ты змагла б аддаць мне сваю нырку?”. Я задумалася. А ён сказаў, што аддаў бы, не задумваючыся.
    Я ніколі не забуду яго слоў. Да сённяшняга дня я шаную гэтага сябра. Магчыма, мы калі-небудзь і пасварымся, але… я аб гэтым проста не задумваюся. Гэтак жа, як рабіў тады ён – мой сябар Віталік.

   Мэта месяца: запоўніць пустэчу

    Нястача – гэта тая ж пустэча, якую можна запоўніць, калі мець жаданне і прыкласці пэўныя намаганні. Галоўнае – выявіць сутнасць праблемы. А запаўняць неабавязкова тым, чаго не хапае.
    Напрыклад, калі для салату няма мяса, можна пакласці туды каўбасу. Будзе, канешне, не тое ж, зменіцца смак. Але можа атрымацца нешта новае і цікавае. А можна паэксперыментаваць і ўвогуле забыцца на салат, а прыгатаваць… курыцу ў духоўцы. Зразумелі, што я хачу сказаць? Як не тое, дык гэта. І “гэта” можа быць нават лепшым за “тое”.

   Асоба месяца: Святы Аўгусцін

    Св. Аўгусцін, ласку навяртання для якога вымаліла маці – св. Моніка, вядомы многім.
    Ён нарадзіўся 13 лістапада 354 года ў Нумідзіі (цяпер Алжыр). Яго бацька быў язычнікам, маці – хрысціянкай. Акрамя Аўгусціна ў сям’і было яшчэ двое дзяцей.
    Калі ён пайшоў вучыцца ў Карфаген, пачала слабнуць яго вера. У выніку, ён уступіў у маніхейскую секту, без шлюбу жыў з жанчынай, з якой меў сына.
    Маці Аўгусціна вельмі перажывала. Яна заўсёды малілася за яго, прасіла Бога аб яго навяр­танні. І Бог пачуў.
    Існуе меркаванне, што яго думкі кардынальна змяніліся пасля таго, як ён пачуў пропаведзь епіскапа. Гэты ж епіскап, св. Амвросій, пахрысціў Аўгусціна на Вялікдзень у 387 годзе. Так пачалося яго новае духоўнае жыццё, адбылося ўнутранае ацаленне.
    Пасля гэтага Аўгусцін стаў святаром. 34 гады ён служыў у Паўночнай Афрыцы і Гіппоне. Напісаў шмат прац па тэалогіі і філасофіі, у якіх разважаў, між іншым, аб тым, што ў чалавека ёсць усяго два шляхі: шлях да святасці або адмова ад яе. Святы Аўгусцін з’яўляецца доктарам Касцёла. Каталіцкі Касцёл успамінае яго 28 жніўня.
   
   Прадмет разважанняў месяца: неабходнасць, нястача

    Яшчэ, мабыць, ні ў кога не было так, каб усяго ў жыцці было ў дастатку. Таму варта паразважаць: чаго не хапае? Якая ў Вас нястача: духоўная ці матэрыяльная? І ці можна выправіць сітуацыю і “залатаць дзіркі”? Калі так, дык што тады замінае?
   
   Справа месяца: зрабіць добрую справу

    Як прыемна хоць на момант зрабіцца анёлам. Добрым, клапатлівым…
    У лістападзе задумаліся пра нястачу. А вось цікава, пра чыю? Усе задумаліся пра сваю? Але справа ў тым, што ў некаторых яна можа быць нашмат большая, чым у Вас. І галоўнае, што Вы можаце дапамагчы, калі захочаце.
    Вось дзяўчына пайшла, плачучы. Чаму б ні спытаць, што здарылася, ні пачаставаць шакаладкай, якую Ты купіў, каб з’есці пасля пары ва ўніверсітэце. А вось мужчына аж счырванеў, падымаючыся па лесвіцы на кастылях. Ды проста патэлефануй матулі сябра і падзякуй за яго. Адзін толькі Твой “узмах крыламі” – і чалавеку ўжо неяк лягчэй.
    А потым можна падзяліцца сваёй добрай справай на старонках газеты “Слова Жыцця”. “Мая справа месяца ў лістападзе”. Даўно чакаю Вашых лістоў. Я веру, што некаторым проста не хапае часу, каб напісаць, і ведаю, што хтосьці прыслухоўваецца і спрабуе духоўна развівацца разам са мной. Дык пацвердзіце мае думкі, Сябры!
   
   Kніга месяца: “Свабода ад страху”, Кеннэт і Глорыя Коупленд.

    У першым разделе кнігі можна даведацца аб тым, што “страх – гэта падробка веры”. “Калі ты будзеш карыстацца верай, то яна заўсёды пераможа страх. Любоў заўсёды пераможа нянавісць”.
    Таму адразу маленькая зачэпка для разважанняў: чаму чалавек баіцца? Не заўсёды адкрыта, часта ўтойвае сам факт. І адказ: пасля здзяйснення граху Адамам “тая вера, што была ў яго сэрцы, перайшла ў страх”. Значыць, карані страху людзей знаходзяцца ў граху.
    Цяпер існуе цэлая хрысціянская каманда, якая называецца “Місія Кеннэта Коупленда”. Яна ставіць перад сабой мэту: вывесці вернікаў на новы ўзровень, дзе яны ўжо самі змогуць умела дзяліцца з іншымі біблейскімі прынцыпамі веры, любові, ацалення, адкуплення і праведнасці.
    Кніга – адзін са спосабаў вучэння. Акрамя таго, існуюць яшчэ такія магчымасці, як тэлебачанне, інтэрнэт, касеты і запісы, правя-дзенне канферэнцый і выступленняў перад вернікамі ў святыні.
    Кніга “Свабода ад страху” перасцерагае, што страх – гэта галоўная зброя д’ябла, а таксама нагадвае аб тым, што наша сіла ў веры. А што Ты павінен зрабіць для таго, каб гэтая сіла напаўняла Цябе, аўтары адказваюць у кнізе.
    Закранаецца таксама пытанне выбару, закон узаемных супрацьлегласцей. Любоў – гэта супакой, а страх – гэта пакута. Атрымліваецца, што прапаноўваючы Табе грэх на сподачку, д’ябал на дэсерт рыхтуе яшчэ і пакуту. А Бог – гармонію і супакой. І калі Ты жывеш у любові да Бога, Ты можаш быць упэўнены, што Бог Цябе беражэ. Аб Табе клапоціцца цэлая армія анёлаў.
    І “памятай, што сатана не можа ствараць, ён можа толькі скажаць”. А ўсе мы створаны паводле вобразу Бога і хочам быць падобнымі да Яго.
   
   Песня месяца: “Вуснамі Бога”, SOM (GINEX)

    Тры хлопцы, якія эмігрыравалі ў Германію з Расіі і Малдовы, вырашылі стварыць рэп гурт GINEX. Іх творчыя псеўданімы – SOM, Don-A i Beny Krik. Тыя, хто слухаў, пагодзяцца са мной, што іх песні кранаюць, бо праўдзіва апісваюць жыццё і лёс хлопцаў.
    У 2010 годзе SOM выдаў альбом “Вуснамі Бога”. У ім ёсць таксама і песня з такой жа назвай. Слухаем: “Яго не бачна, але Ён дзесьці побач з намі. Яго не чутно, але мы заўсёды Яму рады…”.
    На тонкім ланцужку на шыі спевака вісіць крыжык. Не ўсе яго носяць, але, я ўпэўнена, усе вераць і моляцца. SOM кажа, што ноччу яго часам будзіць голас Бога. Ён папярэджвае: “Не бойся, павер: у цябе будзе шчасце, але таксама і шмат страт…”. SOM задумваецца аб тым, што калісьці жыццё скончыцца, і спадзяецца, што “Ён пашле мяне туды, дзе больш свету”.

   Жадаю, каб крылы анёла паднялі Вас як мага вышэй у неба.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.