ГРОДНА
Субота,
09 лістапада
2024 года
 

Паспытаць смак посту дзеля збаўлення бліжняга!

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
   Пасля невялікага летняга прыпынку мы зноў сустракаемся з Вамі “На скрыжаванні”. Напэўна, і я, і Вы гатовы да новых адкрыццяў. Пасля адпачынку, які, спадзяюся, не прайшоў марна ў духоўным сэнсе, з’явілася бадзёрасць, расправіліся плечы. Аб цёплых днях яшчэ напамінаюць яркія фотаздымкі, а аб надыходзе восені - сённяшняя рубрыка.
   На гэты раз паразважаем аб падарунку Богу – ахвяры – і паспрабуем нанава нарадзіцца. Паслухаем, як некаторыя называюць свайго любага чалавека. А таксама згодзімся з сэнсам кахання, якім прасякнута песня месяца.
   З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле кожнаму стварэнню”
(Мк 16,15).
    Сваім словам, сваімі ўчынкамі…
   Адзін абвяшчае Евангелле праз Божае слова, другі – калі чыніць дабро іншым. А трэці проста любіць Бога і лічыць, што гэтага дастаткова. Але калі ў касцёле мы робім знак крыжа на ілбе, вуснах і сэрцы – тым самым абяцаем абвяшчаць Евангелле, прапусціўшы словы Божыя праз сэрца. Пасля чаго мы павінны падзяліцца “добрай навіной” з іншымі.
  
  Мэта месяца: забыць пра сваю карысць

    Калі мы нешта ахвяруем, сам-насам застаюцца толькі ахвяра і Бог. Калі ахвяра шчырая і адданая, мы нібы перастаём існаваць, злучаемся з Богам. Таму Госпад заўсёды з радасцю і ўдзячнасцю прымае нашыя ахвяры і ўзнагароджвае сваіх дзяцей, даўшы напіцца з гарлача Божай Міласэрнасці.
   А калі Вы гатовы ахвяраваць сябе за бліжняга, Бог адорыць ласкамі і таго, за каго Вы просіце, і Вас. Бо Вы выконваеце Яго наказ: «Любі бліжняга свайго, як самаго сябе». Усім вядома жанчына, якая шмат гадоў малілася за свайго сына. Забыўшыся пра сябе, яна ахвяравала малітвы за навяртанне адзінага дзіцяці. І Бог выслухаў маці. І яны ўдваіх узрадаваліся ў Божым Валадарстве.
   Мажліва, і вораг патрабуе Вашай увагі. Калі Вы звернецеся з малітвай за яго да Марыі, праз Вас ён можа атрымаць матчыну любоў. А яго гнеў сыдзе з першым восеньскім громам і маланкамі.

   Асоба месяца: Святы айцец Піо

    Айцец Піо нарадзіўся 25 мая 1887 года ў Італіі ў сям’і пастуха. Калі яму было 15 гадоў, ён паступіў у навіцыят да манахаў-капуцынаў у Марконе. Членам гэтага ордэна ён стаў у 19 гадоў. У 22 гады стаў святаром і пачаў абвяшчаць Божае слова.
    Пазней, 20 верасня 1917 года, падчас малітвы ён атрымаў стыгматы – знакі крывавых ран Хрыста. Да яго ішлі паломнікі. Айцец Піо мог спавядаць гадзінамі. Яго асаблівасцю быў дар падказваць на споведзі людзям тое, што яны ўтойвалі. Некаторыя вернікі сцвярджалі, што святар мог вылячыць, ледзь дакрануўшыся да хворага. Айцец Піо пры жыцці пабудаваў Дом суцяшэння пакутуючых (шпіталь). Ён памёр 23 верасня 1968 года. Быў беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 1999 годзе.
    У гэты Дом суцяшэння ў 2000 годзе трапіў сямігадовы хлопец Матэа, хворы на менінгіт. Урачы страцілі надзею, бо дзевяць унутраных органаў хлопца перасталі функцыянаваць. Але маці і адзін манах з кляштара капуцынаў айца Піо не пераставалі маліцца. І здарыўся цуд: Матэа выйшаў з комы. Хлопец расказваў, што бачыў старога дзядулю з белай барадой у карычневай вопратцы. Той сказаў яму, каб не хваляваўся, бо хутка будзе здаровы.
    Гэты цуд быў прыняты Кангрэгацыяй і Янам Паўлам ІІ у 2001 годзе. Без сумнення, хлопец убачыў самога Святога айца Піо.
   
   Справа месяца: ахвяраваць пост

    Пост падмацоўвае малітву вялікай сілай. Таму хрысціянін посціцца, каб пасіліць яе ў шмат разоў. Адмаўляючыся ад чаго-небудзь, вернік робіцца толькі мацнейшым у сваёй веры. Ён адчувае гармонію свайго духоўнага стану, блізкасць да Бога.
    Існуе меркаванне, што пост абмяжоўвае свабоду чалавека. Але ўсё ў дакладнасці наадварот! Калі чалавек стрымлівае свае жаданні і мужна змагаецца са спакусамі – гэта сапраўдны хрысціянін.
    Раней пад постам разумелі адказ ад ежы на некаторы час. А менавіта – да трэцяй гадзіны дня (гэта біблейская дзявятая гадзіна). Але зараз чалавек можа адмовіцца не толькі ад ежы, але, напрыклад, і ад забаў. Ад таго, што найцяжэй выкрэсліць са свайго звыклага жыцця. Напрыклад, дзеці падчас Адвэнту часта адмаўляюцца ад салодкіх пачастункаў.
    Дык ці па сілах не глядзець тэлевізар цэлы месяц толькі для таго, каб сябру, быць можа, стала непрыемна гаварыць дрэнныя словы? Але не трэба забывацца, што цялесны пост не прыносіць ніякай карысці без духоўнага посту, працы над сабой і ўзмоцненай малітвы.
   
   Прадмет разважанняў месяца: ахвяра

    Як часта мы ахвяруем? Навошта? І ці можна існаваць без ахвяры зусім?
    Ці можна ахвяраваць сябе або дзеля сябе, свайго збаўлення? І ці праўда, што Езус усміхаецца, калі мы гатовы прынесці на алтар сваё жыццё?
   
   Kніга месяца: “Вылячэнне да новага жыцця”, а. Джэймс Манджакал

    Не так даўно, 28-31 ліпеня 2011 года, у роскай парафіі Гродзенскай дыяцэзіі прайшлі рэкалекцыі айца Джэймса, святара-харызматыка з Індыі (аўтара кнігі). На іх прысутнічала каля 2,5-3 тысяч чалавек. І многія з іх атрымалі не толькі духоўнае, але і фізічнае ацаленне. Пасля гэтага некаторыя адразу напрыканцы ракалекцый сталі сведчыць пра Божыя цуды. У сваёй кнізе айцец Джэймс дапамагае падрыхтавацца да малітвы, да сустрэчы з Богам. Тлумачыць на жыццёвых прыкладах, што можа перашкаджаць атрыманню Божай ласкі. Пірсінг перашкаджаў дзяўчыне мець дзіця? А на астму хварэў чалавек, які крычаў пракляцці? Менавіта так. Каб зразумець, адкуль “расколіны” ў чалавека, а. Джэймс Манджакал дапамагае зірнуць унутр сябе, знайсці корань праблемы праз шчырую малітву.
    Ацаленне – гэта новае духоўнае жыццё. А Божая воля для ўсіх нас – гэта наша святасць. Што і павінна быць дэвізам жыцця кожнага хрысціяніна.
    “Я малюся аб тым, каб усе, хто прачытаў гэтую кнігу, атрымалі ўнутранае ацаленне і новае жыццё. Я абяцаю маліцца за ўсіх тых, хто чытае гэтую кнігу…”, – такімі словамі айца Джэймса заканчваецца кніга. Трэба ўявіць, колькі Божай ласкі сыходзіць на кожнага, хто пачынае гартаць старонкі кнігі! І нішто не замінае скарыстацца ёю!
   
    Песня месяца: “Беражы Вас Бог”, Ігар Нікалаеў

      Вядомы кампазітар і выканаўца Ігар Нікалаеў крануў радкамі адной са сваіх песень. У ёй вельмі дакладна і далікатна апісваецца вялікае пачуццё, якое прыцягвае людзей. Пачуццё, назва якому – каханне. Сваю абранніцу спявак называе анёлам, падараваным яму Богам. А галоўнае, гаворыць, што ён у адказе за яе перад Богам.
    Спявак так тонка і пранікнёна аб гэтым спявае. Час задумацца. Задумацца, якія слухаць песні і якія рабіць высновы. “Не судзіце, і не будзеце судзімы; суд будзе строгі… Беражы Вас Бог”.

  Жадаю ўсім Вам трапіць пад цёплы дождж Божай Міласэрнасці…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  53

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.