ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Святар з вялікім сэрцам

Семінарыйная газета

“Бог бачыць: час уцякае – вечнасць чалавека чакае”, – сцвярджае старая прыказка. Усё мінае, адыходзяць у нябыт некалі вядомыя постаці. Аднак у памяці пакаленняў назаўсёды запісаны тыя, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню людзям. Я маю на ўвазе нязломных сведкаў нашай веры – святароў, якія служылі вернікам у савецкія часы. Яны адважна пайшлі за Хрыстом і, перажыўшы пераследаванні, захавалі і перадалі нам бясцэнны скарб веры. Да іх можна залічыць таксама і яркую постаць кс. Станіслава Кучыньскага, якога вернікі называлі “Святаром з вялікім сэрцам”, таму што ён заваяваў у іх непахісны аўтарытэт. Нам жа кс. Кучыньскі блізкі яшчэ і таму, што на працягу амаль 6-ці гадоў ён служыў маладому Гродзенскаму Касцёлу і памёр у Гродне 15 гадоў таму.
Дзяцінства і маладосць
    2 студзеня 1914 г. у набожнай сям’і Кучыньскіх, у якой было 10 дзяцей, нарадзіўся хлопчык. 14 студзеня бацькі Адам і Анэля (у дзявоцтве – Палянская) прынеслі дзіця ў парафіяльны касцёл у Альковічах каля Вілейкі (цяпер – Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), каб пахрысціць яго. Пры хросце яму далі імя Станіслаў.
Ужо з дзяцінства хлопец адрозніваўся асаблівай набожнасцю. Ён любіў Найсвяцейшую Панну Марыю ўсім сэрцам і даверыў Ёй сваё жыццё. Асабліва ў цяжкіх і вырашальных момантах ён з верай шаптаў Нябеснай Маці: “Накіруй Стася!”. Гэта менавіта Яна дапамагла яму мужна вытрываць усе пакуты і выпрабаванні, якіх хапала ў яго жыцці.
    Кучыньскія з маленства вучылі дзяцей працы. Аднак асаблівую ўвагу бацькі надавалі выхаванню дзяцей у хрысціянскім духу. У 1922 г., маючы 8 гадоў, Станіслаў упершыню прыняў у сваё сэрца Сапраўднага Бога з усёй Яго Усемагутнасцю. З гэтага часу ён стараўся быць усё больш лепшым.
    І так надышоў той перыяд яго жыцця, калі трэба было пачынаць вучыцца. У 1925 г. ён паступіў у гімназію ў Вілейцы, дзе сваёй стараннасцю і жаданнем атрымаць веды заражаў іншых вучняў. Менавіта яму ў апошні год было даручана выносіць Сцяг гімназіі.
    Перыяд семінарыі
    Пасля заканчэння гімназіі малады Станіслаў хацёў стаць ваенным афіцэрам, але, адчуваючы ў сабе дар паклікання да святарства, вырашыў супрацоўнічаць з Божай ласкай. У 1933 г. ён паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. Заўважыўшы здольнасці і ахвоту да навукі маладога алюмна, адзін з выкладчыкаў прапанаваў яму падаць дакументы ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні. Станіслаў пагадзіўся і стаў студэнтам гэтага ўніверсітета. У семінарыі ён як старанны клерык быў абраны на пасаду дзекана алюмнату.
    Час навучання ў семінарыі праляцеў для клерыка Станіслава вельмі хутка. Надышоў самы хвалюючы момант у яго жыцці – святарскае пасвячэнне. 18 чэрвеня 1939 г. у віленскай катэдры тагачасны арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў святарскія пасвячэнні 19-ці выхаванцам семінарыі, сярод якіх быў і дыякан Станіслаў Кучыньскі. У наступным годзе кс. Кучыньскі скончыў універсітэт Стэфана Баторыя з навуковай ступенню магістра тэалогіі.
    Першыя гады святарства: парафія Свір
    Першы для маладога святара дэкрэт арцыбіскупа Ялбжыкоўскага накіраваў яго ў парафію Свір у якасці вікарыя. У хуткім часе настаў цяжкі перыяд ІІ сусветнай вайны і савецкага нападу. З-за страху пераследавання пробашч і дзекан парафіі Свір кс. Казімір Шылэйка адмовіўся ад сваёй пасады і выехаў у Літву. Пробашчам стаў малады кс. Станіслаў Кучыньскі, які з запалам узяўся за арганізацыю парафіяльнага жыцця. Але савецкія ўлады вельмі хутка зацікавіліся дзейнасцю стараннага пробашча. Яго шукаў НКУС, і ён больш за два тыдні правёў у лодцы на возеры Свір, хаваючыся ў чароце. Тады вернікі акружылі кс. Станіслава апекай, прыносілі яму на возера ежу, ахоўвалі ноччу плябанію.
    У 1942 г., калі абп Рамуальд Ялбжыкоўскі быў арыштаваны і вывезены немцамі, новы Адміністратар Віленскай архідыяцэзіі вярнуў пробашчам і дзеканам у Свір кс. Шылэйку, накіроўваючы кс. Кучыньскага ў бліжэйшую парафію Шэмятоўшчына ў якасці вікарыя. Калі кс. Станіслаў, падпарадкоўваючыся касцёльнай уладзе, пакідаў сваё першае месца працы, парафіяне развітваліся з ім з вялікім болем у сэрцы.
    Шматгадовы душпастыр з парафіі Шэмятоўшчына
    Кс. Станіслаў, будучы вікарыем у Шэмятоўшчыне, на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаў з кс. Сцяпанам Раманоўскім, пажылым пробашчам, які трагічна загінуў у 1943 г. падчас раптоўнага нападу савецкіх партызанаў. Калі кс. Кучыньскі стаў пробашчам гэтай парафіі, ён не баяўся цяжкасцяў, бо даверыў сваё жыццё Маці Божай Няспыннай Дапамогі, заступніцы парафіі Шэмятоўшчына. Калі пасля вайны яго выгналі з плябаніі, ён жыў у вернікаў. Вымушаны “туляцца”, на працягу пэўнага часу ён павінен быў пераадольваць адлегласць каля 6-ці кіламетраў да касцёла – туды і назад. Як душпастыр ён заахвочваў дзяцей і моладзь хадзіць у касцёл. Змагаючыся за іх правы, быў пераследаваны савецкімі ўладамі. Яго часта выклікалі ў Мядзель і Мінск на “размову” з уладамі і пераконвалі, каб ён дабравольна выехаў у Польшчу. Але бясстрашны пастыр застаўся са сваімі авечкамі, не пакінуў парафію. За катэхізацыю дзяцей яго чатыры разы пазбаўлялі дазволу (т.зв. “спраўкі”) адпраўляць набажэнствы ў касцёле.
    У парафіі Шэмятоўшчына кс. Кучыньскі арганізаваў хор на чатыры галасы, якім сам кіраваў. Сам ён таксама любіў спяваць марыйныя песні. Акрамя св. Імшы, кс. Станіслаў адпраўляў у нядзелю нешпары і іншыя набажэнствы, якія не адштурхоўвалі, а, наадварот, прыцягвалі моладзь і моцна звязвалі яе з Касцёлам. Ён ездзіў з душпастырскай паслугай у бліжэйшыя парафіі, Канстанцінаў і Кабыльнік (сёння – Нарач), якія тады засталіся без святароў. Не шкадуючы сіл для справы збаўлення душ, ён быў для вернікаў прыкладам сапраўднага слугі Хрыста.
    У 1961 г., пасля смерці свірскага дзекана кс. Шылэйкі, кс. Кучыньскі стаў яго наступнікам на гэтай паса-дзе, а праз 12 гадоў быў прызначаны генеральным вікарыем усходняй часткі Віленскай архідыяцэзіі. Да гэтых годнасцей было далучана таксама наданне яму ў 1979 г. бласлаўлёным Янам Паўлам ІІ звання пралата.
    Падчас душпастырскай працы кс. Станіслава закранулі маральныя пакуты і фізічнае калецтва. У 1989 г. яму з-за гангрэны ампутавалі левую нагу вышэй калена. Аднак гэты цяжкі вопыт мужны святар ахвяраваў вяртанню свірскага касцёла, якое адбылося ў хуткім часе. У гэтым жа годзе адбылася ўрачыстасць 50-годдзя святарства кс. Станіслава Кучыньскага, падчас якой вернікі і святары супольна дзякавалі Богу за дар вялікага святара.
    Апошні перыяд святарскага служэння: горад Гродна
    У 1990 г. кс. Кучыньскі быў пры-значаны рэктарам новаўтворанай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта было для яго сапраўднай нечаканасцю, але заўсёды паслухмяны касцёльнай уладзе святар згадзіўся. Пасля года працы ён быў прызначаны генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Спіс яго годнасцей быў увенчаны наданнем яму ў 1991 г. Святым Айцом звання інфулата. З’яўляючыся ў гэты час яшчэ і спаведнікам клерыкаў, ён хутка атрымаў іх прызнанне, аб чым сведчылі доўгія чэргі перад яго канфесіяналам. Нягледзячы на інваліднасць, ён прымаў актыўны ўдзел у дыяцэзіяльным душпастырстве, быў дырэктарам двух свецкіх таварыстваў.
    Кс. Станіслаў Кучыньскі адышоў да Бога па вечную ўзнагароду 8 мая 1996 г. у Гродне. Ён застаўся для нас прыкладам нязломнай веры, непахіснай надзеі ў магутнасць Бога і гарачай любові да Найсвяцейшай Маці. Сёння вернікам патрэбны менавіта такія святары. Таму давайце прасіць аб іх Бога. Нам неабходны новыя сведкі веры, якія нанава распаляць сэрцы вернікаў для любові і веры ў Бога. Няхай новыя зерні, трапіўшы на ўраджайную глебу людскіх сэрцаў, прынясуць у іх шчодры плён.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.