ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Католік і палітыка: пазіцыя Касцёла

Задай пытанне

У часы бурлівых грамадскіх падзей вернікі часта падзяляюцца на два лагеры. Адны чакаюць ад ксяндзоў, каб тыя выказваліся і дзейнічалі як нейкія палітычныя лідэры. Другія ж наадварот – жадаюць, каб духавенства трымалася як мага далей ад “брудаў” палітыкі. Першыя любяць падкрэсліваць, што святар – гэта пастыр. Другія – што ён толькі духоўнік. А праўда, як гэта часта бывае, знаходзіцца пасярэдзіне. Святар – гэта пастыр, але пастыр духоўны.
    Ускладняе сітуацыю ксяндза і тое, што ён адначасова з’яўляецца і грамадзянінам сваёй краіны, і прадстаўніком Касцёла. Як прыватная асоба ён тэарэтычна мае права свабодна выказвацца на кожную грамадскую тэму. Але на практыцы нават прыватнае меркаванне нейкага святара людзі адразу ўспрымаюць (або спецыяльна выкарыстоўваюць у СМІ) як афіцыйнае «меркаванне Касцёла». На самой жа справе, афіцыйна ў грамадскіх справах ад імя Паўсюднага Касцёла выказваецца Папа, ад імя Касцёла лакальнага – біскуп або святар, якога ён афіцыйна ўпаўнаважыў. Таму і святарам, і вернікам важна вучыцца адрозніваць прыватнае меркаванне ад афіцыйнага.
Паводле Кананічнага права (каноны 285 - 287), святарам забараняецца быць членамі, а тым больш кіраўнікамі палітычных партый ці іншых падобных арганізацый, а таксама займаць свецкія пасады. Інакш кажучы, касцёльнае права заклікае духавенства займаць, наколькі гэта магчыма, нейтралітэт у палітычных справах. Тое ж права пакідае біскупам магчымасць акрэсліваць, як практычна дзейнічаць святарам у той ці іншай спрэчнай сітуацыі.
    Калі ж гаварыць пра адносіны католік-палітыка, то, на маю думку, у беларускім грамадстве існуе прынамсі дзве няправільныя ўстаноўкі.
    Па-першае, свецкія католікі або не ведаюць, або не разумеюць, што палітыкай не павінна займацца толькі адна нязначная частка Касцёла - духавенства. Свецкія католікі нават абавязаны займацца палітыкай, каб прапагандаваць у грамадстве хрысціянскія прынцыпы і законы. Гэта адна з формаў евангелізацыі.
    Па-другое, мне здаецца, што Беларусі пагражае нездаровая клерыкалізацыя. Многія свецкія католікі глядзяць на ксяндза як на прыклад паводзінаў і эксперта ва ўсіх без выключэння справах. Гэта ў чымсьці зручная, але вельмі небяспечная для Касцёла сітуацыя. У палітыцы святар не можа быць прыкладам для верніка, бо яму нельга дзейнічаць у гэтай сферы. Святар можа толькі гаварыць пра маральныя асновы палітычнай дзейнасці. А вернікі часта слепа наследуюць пасіўную (нейтральную) палітычную паставу духавенства, непрымальную для свецкага католіка. Свецкія вернікі, наадварот, павінны паводзіць сябе вельмі актыўна. Роля святара мае дарадчы характар, а верніка – практычны і дзейсны.
    Акрамя таго я лічу, што карані грамадскай пасіўнасці нашых людзей звязаны не столькі з няправільнымі хрысціянскімі ўстаноўкамі, колькі з гістарычнай трагічнай спадчынай. Шматвяковыя знішчэнні грамадска актыўных людзей прывялі да фарміравання нейкага комплексу прыстасавальніцтва, фальшывай талерантнасці, раздваення паміж тым, што чалавек думае, а як сябе паводзіць. Здаецца, нашаму грамадству трэба будзе доўга лячыцца ад гэтых сацыяльных хваробаў. Але каб быць здаровымі заўтра, варта ўзяцца за тэрапію ўжо сёння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.