ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Чаму людзі перастаюць маліцца?

На шляху да святасці

Той, хто не моліцца, губляе скарб веры і замыкаецца ў сваім эгаізме. Недахоп штодзённага кантакту з Богам становіцца галоўнай прычынай усіх жыццёвых драм, няшчасцяў і людскіх трагедый. На жаль, колькасць людзей, якія адмаўляюцца ад малітвы, пастаянна ўзрастае. Якія апраўданні часцей за ўсё прыдумваюць тыя, хто збочыў з хрысціянскай дарогі?
Я занадта заняты, каб маліцца.
    Тэмп жыцця настолькі інтэнсіўны, што і падчас працы, і падчас адпачынку людзі спяшаюцца, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца вакол іх. Калі ж нарэшце з'яўляецца вольная хвіліна, многія з іх прыпадаюць да экранаў тэлевізараў альбо патанаюць у нерэальным камп'ютарным свеце. Як вынік – часу на роздум і паглыбленне ў малітву зусім не застаецца.
Насамрэч большасць з гэтых «бясконца занятых людзей» недзе ў глыбіні душы адчувае і ведае, што размова з Богам – рэч важная, аднак напружаны графік і, у першую чаргу, слабасць не дазваляюць ім прысвяціць малітве дастатковую колькасць часу.
    Тут варта звярнуць увагу і на той факт, што калі чалавек траціць патрэбу ў асабістай малітве, то неабходнасць сустрэчы з Богам у таварыстве вернікаў падчас Эўхарыстыі і іншых набажэнстваў таксама адыходзіць на другі план. А калі група людзей – сям'я ці хрысціянская супольнасць – не моліцца ані разам, ані асобна, вера слабне, а разам з ёю траціць свае жыццёвыя сілы ўвесь Касцёл. Таму варта пачаць маліцца, бо гэта – пачатак зменаў да лепшага.
   Я не атрымаў таго, аб чым прасіў
    Звяртаючыся да Бога з малітвай, чалавек часцей за ўсё просіць аб нечым, і гэта цалкам нармальна. Вера ў моц і апеку Найвышэшайшага, адчуванне Яго бацькоўскай рукі, што заўсёды побач, дазваляе з надзеяй крочыць па жыцці. Аднак не ўсім пажаданням і планам наканавана збыцца. Менавіта ў такія моманты выпрабавання некаторыя спрабуюць абвінаваціць ва ўсім Бога. «Чаму гэта здарылася са мной?», «За што мне такое пакаранне?», «Чаму Ты не выслухаў мяне?» – з роспаччу і жалем паўтараюць «пакрыўджаныя». Ці не падобны яны ў гэтыя хвіліны да малых дзяцей, якім бацькі адмовіліся купляць цукеркі?
    Трэба памятаць, што моманты выпрабавання робяць чалавека больш моцным. Езус казаў: «Трываласцю ўратуеце жыццё вашае». Таму не варта паддавацца і губляць надзею, трэба працаваць і фарміраваць у першую чаргу самога сябе, свае жаданні, спосаб жыцця, бо гэта і ёсць падстава для здзяйснення альбо правалу нашых жаданняў.
    Мне не хапае веры, надзеі, любові
    Усё больш і больш людзей не моліцца з-за таго, што не верыць у малітву як у сапраўдную сустрэчу з Богам. У іх няма надзеі, што Бог праз малітву можа ім дапамагчы, бо яны не могуць любіць усім сваім сэрцам Бога, а таксама тых, з кім працуюць або жывуць пад адным дахам. Гэта праўда, што малітва не зменіць свет, аднак яна можа змяніць кожнага чалавека, які, у сваю чаргу, будзе здольны змяніць жыццё ў сваім куточку планеты.
    Падсумоўваючы вышэй сказанае, трэба адзначыць, што прычын, каб адмовіцца ад малітвы, можна прыдумаць бясконцае мноства, аднак важна знайсці хаця б адну на карысць дыялогу з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.