ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Аўтастопам да Яна Паўла ІІ

На шляху да святасці

Нас 6 чалавек. А менавіта: Алег Грубінаў, Яна Шостак, Арцём Ткачук, Марта Бекіш, Марта з Кракава і я – Тэрэза Грубінава.
    Усё распачалося ў сераду 27 красавіка. Пункт адпраўлення – Кракаў, у бок аўтатрасы, 7-я раніцы. Ідзём увесь час наперад, а з другога боку дарогі – касцёл, выява Яна Паўла ІІ і надпіс: “Адкажу на ўсе твае пытанні”. І адразу ўпэўненасць: у Ватыкане мы будзем, не ведаю як, але будзем! Мы вырушылі па двое. Яна з Мартай з Кракава, Арцём з Мартай Бекіш і я з братам. План у нас быў наступны. Кожны дзень мы павінны сустракацца ў акрэсленым месцы: 1 дзень – Вена, 2 дзень – Венецыя, 3 дзень – Рым. Так здарылася, што ўсе разам мы сустрэліся толькі ў Рыме, у Вечным Горадзе; усе дарогі вялі туды.
Каб зразумець, што, як і да чаго, трэба быць у дадзеным месцы, менавіта спаткацца з той сітуацыяй і толькі тады рабіць высновы. Першая наша таблічка з надпісам “Вена. Ян Павел ІІ”. Мы прастаялі можа з 2 – 3 гадзіны, пераходзячы з аднаго месца на другое, але ніводная машына не прыпынілася – першы блін комам. Хацелася адразу ў Вену. Потым зразуменне: лепей памалу, але ўпэўнена, не ўсё адразу. Таблічку змянілі. І вось першая доўгачаканая машына!!! Праехалі кіламетраў з 15. Энтузіязм: падарожжа распачалося.
    Па дарозе сустракаем такіх жа, з Польшчы. Радасць спаткання, супольная мэта аб’ядноўвае, напаўняе верай. І вось каля 17 – 18-й мы ў Славакіі. Горы, іншы край! Што далей? Мы “злавілі” TIR, кіроўца з Турцыі (часам добра ведаць турэцкую мову). Ён нас трошкі падвёз, і мы замест Вены ўжо каля Будапешта. Тым часам Яна і Марта начавалі ў Вене, а Арцём і Марта – у палатках разам з падарожнікамі-аўтастопаўцамі. Заўтра будзе новы дзень…
    Досвед Божай любові. Несамавітым чынам за ўвесь дзень мы праехалі праз Венгрыю, каб вечарам адпачыць у Славеніі. Аўтазапраўка, шмат TIRаў, прыемныя нацыянальныя напевы, аўтобусы, якія прыбываюць з Польшчы і Чэхіі і накіроўваюцца ў Рым. Люба глядзець. Дзень складаецца з надзей і прыгод, а вечар – з адпачынку.
    І вось ужо 29 красавіка, пятніца, 4-я раніцы. Мы едзем, едзем, едзем… З кіроўцам з Расіі на TIRы праехалі праз Славенію. Першы раз пайшоў дождж, а мы ўсё едзем. І вось яна – сонечная Італія. Каля Венецыі наш прыпынак. Нечаканая сустрэча з Мартай і Арцёмам – !!! – Радасць. “Спаткаемся ў Рыме”. Хто б мог падумаць, што мы сустрэнемся яшчэ да прыбыцця ў Рым! Але аб усім па парадку.
    Дарога, машыны, кіроўцы ўсміхаюцца, махаюць рукамі, жэстамі паказваюць, што салідарны з намі, падрымліваюць нас і сігналяць. А вось і маладыя эмацыянальныя італьянцы прыпыняюць ход сваёй машыны, прыемна ўсміхаючыся і запрашаючы пад’ехаць. Мы толькі “за”, бо нам па дарозе. Жартаўлівыя размовы, нацыянальны каларыт і неўзабаве – развітанне. Мы каля Балоніі. І вось зноў італьянец прыпыняецца, каб ра-зам з намі пад’ехаць да Фларэнцыі. Мы, радасныя, едзем, размовы ў спалучэнні з прыгажосцю навакольнага свету. Даехалі хутка. І на гэтым прыпынку, на аўтастанцыі адбылася несамавітая сустрэча. Мы развіталіся з вадзіцелем, выйшлі з машыны. І … гляджу – ідзе Арцём і з некім размаўляе. Радасць сустрэчы. Арцёма і Марту ўзяла да сябе ў аўтобус польская пілігрымка з Гданьска. І нас з братам таксама, бо ў іх было 4 вольных месцы, а людзі, якія павінны былі ехаць, паляцелі самалётам. І яшчэ цікавая рэч: аўтобус не павінен быў прыпыняцца на той станцыі, дзе мы сустрэліся. Божы Провід – няйначай.
    Славяне, цеплыня, малітва, прыемная атмасфера і ўдзячнасць за гэты час.
    І вось мы ў Рыме! Неўзабаве прыехалі Яна і Марта. Мы спаткаліся ўсе разам!
    30 красавіка – дзень напярэдадні беатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Экскурсія па Рыме, базылікі, Калізей і дождж, які прывёў нас на св. Імшу ў мясцовы касцёл у гадзіну Божай Міласэрнасці.
    Каля 21-й мы накіраваліся ў бок плошчы св. Пятра. Незлічоная колькасць людзей. У гэтыя дні Ватыкан стаў сталіцай Свету. Чуванне. Побач сядзяць вясёлыя сёстры-назарэтанкі. Малітоўны спеў французаў далучаецца да ўзрушанасці надыходзячага змроку. Прыцемку вечара далікатна кранаецца і беларускі спеў. І куды ні глянь – розныя нацыі. Француз частуе нас слодычамі, мы яго – гарачым супам і гарбатай. Разам з сябрамі з Польшчы мы чакаем, калі адчыняць уваход на плошчу св. Пятра. Каля 2.30 яго адчынілі. Усюды малітоўны настрой, цішыня чакання, якая пераўзыходзіць чалавечае разуменне падзеі як дару міласэрнага Збаўцы, пранізаная спевам хвалы і бадзёрым настроем. А 10-й мы на плошчы св. Пятра!!! Людзі стаяць блізка-блізка. Пачынаецца святая Імша…
    І вось тут і настаў той самы момант: наш Ян Павел ІІ – БЛАСЛАЎЛЁНЫ. Адкрыццё абраза з выявай Бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ. Усведамленне таго, што мы прысутнічаем падчас вялікай і важкай для Дзеяў і ўсяго Касцёла падзеі ў свята Божай Міласэрнасці. Гэта пераканаўча ўплывае на чалавека, адкідваючы тое, што перашкаджае ў дзейсным быцці сабой без страху, у рэалізацыі таго, што да-дзена нам як дар ад Бога цяпер і заўсёды. Сапраўднае шчасце, каб запомніць на ўсё жыццё тое адчуванне сапраўднасці, атрымаць тое зразуменне, каб апісаць, што было ў сэрцы ў тым святым месцы: слёзы радасці, “брава”, якое ўздымаецца да нябёсаў, а словы “Езу, давяраю Табе” абраць кірункам свайго жыцця. Мы ўвайшлі ў тую новую, жаданую і чаканую рэчаіснасць Божай прысутнасці, калі ўжо Бласлаўлёны Ян Павел ІІ апякуецца намі, заступаецца за нас перад Богам. Словы “Deo Gratias” падымаюцца ў неба. Увечары мы на плошчы св. Пятра, каб увайсці ў базыліку і там памаліцца пры рэліквіях Бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ. Чакаем каля дзвюх гадзін. На тэлебімах – новы Бласлаўлёны падчас розных пілігрымак і сустрэч.
    Адна жанчына, стоячы ў чарзе, паказала свайму сыну акно, у якім гарэла святло. Яна сказала, што гэта акно Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI.
    І вось мы ўжо ў базыліцы, усё бліжэй да гроба Бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ. Падыходзім, каб пабыць побач, укленчыць і глядзець так доўга, каб убачыць.
    Наступны дзень – 2 мая. Святая Імша. Падзяка. Запоўненая вернікамі плошча. Вершы, напісаныя Бласлаўлёным Янам Паўлам ІІ, якія чытаюць па-польску і па-італьянску. Здабытак мыслі Чалавека, асвечанага Божым святлом. Святая Імша… Не баяцца жадаць большага, а жаданні ўкараняць у дзеянні і заўсёды дзякаваць – вось добрая інтэнцыя падарожжа. Мы былі ў Рыме 3 дні! Гайда дадому-дахаты.
    Без яшчэ адной порцыі добрых уражанняў не абышлося. Мы спазналі італьянскую гасціннасць, людскую спагаду і адкрытасць.
    З Італіі – у Аўстрыю, адтуль на TIRы праз Чэхію даязджаем да Польшчы з цікавым вадзіцелем-суразмоўцам з Беларусі. І вось мы амаль што дома.
    Зноўку адчуваем Божую любоў і апеку ўжо на польскай зямлі, зусім нечакана. Разам з Янам з Варшавы (ён неаднойчы ўжо ездзіў аўтастопам) едзем да Маці Божай Чанстахоўскай. Углядаючыся ў твар Мадонны, мы паўтараем за Бласлаўлёным Янам Паўлам ІІ словы: “Totus Tuus”.
    Варшава – Беласток, Беласток – цягнік – Гродна. Спатканне з дарагімі людзьмі, з мамай, татам, з роднымі і сябрамі. Дзякуем Пану Богу за бацькоўскую апеку, а нашым дарагім Бацькам, Сябрам і Блізкім – за малітоўную падтрымку!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.