ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дазволіць сабе быць шчаслівым

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю Вас у чарговай моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”. Чамусьці хочацца спадзявацца, што матэрыялы гэтай рубрыкі чытае не толькі моладзь (або хоць яна), але і старэйшыя людзі, якія хочуць развівацца духоўна.
    Калі Вы гатовы, дык давайце з бадзёрасцю працягнем свой шлях па дарозе Жыцця. Няхай ён будзе часам нялёгкім, але разам мы зможам пераадолець многія цяжкасці.
    Калі я аднойчы паскардзілася брату, што “ўсё дрэнна, невыносна дрэнна, так, што нават не магу…”, ён спакойна спытаў ў мяне: “Усё не так, як ты хочаш?”. У гэтым ёсць свая філасофія.
    Мажліва, трэба спыніцца і засяродзіць на чымсьці сваю ўвагу. Над чым паразважаць і з чым папрацаваць у гэтым месяцы?
    Пра ўсё гэта – у майскім нумары рубрыкі “На скрыжаванні”.

   ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Ойча!.. не мая воля, але Твая будзе” (Лк 22, 42).

    Вось кажуць, што калі ажэнішся ў маі, будзеш усё жыццё “маяцца”. Што за пустыя словы! Я была яшчэ зусім малой, калі пачула гэта ад людзей. Але ўжо тады я вырашыла, як бы неверагодна гэта ні гучала, што замуж пайду (калі давядзецца) менавіта ў маі. І буду самай шчаслівай, каб аспрэчыць прымаўку.
    Усё гэта, канешне, па Божай волі. Бо кожнае імгненне жыцця, развага, учынак – усё ад Бога. Мы ўсяго толькі прылада дзеля звяршэння чалавечага лёсу. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэтая прылада “прыдатная” для справы.
   Мэта месяца: узрадавацца ўсім сэрцам!
    Скончыўся Вялікі пост, час чакання, смутку і пакаяння. Настаў Вялікдзень, і зноў прыйшла будзённасць. Лёгкая, вясёлая. Калі Хрыстос уваскрос у сэрцы, душа адарвалася ад зямлі і паляцела. Столькі ў ёй назапасілася радасці і міласэрнасці!
    І гэтае пачуццё не кароткачасовае. Чым асцярожней ты будзеш ставіцца да яго і карыстацца ім, тым даўжэй яно будзе асвячаць цябе знутры.
    Калі ў тваім сэрцы жыве Хрыстос, сэрца проста прагне “падсілкавацца” добрымі ўчынкамі. Выкарыстай гэта.
   
   Прадмет разважанняў месяца: мае магчымасці

    Што я сёння маю? Дзеля чаго? Ці выкарыстоўваю гэта належным чынам?
    Рукі – каб пісаць, працаваць альбо майстраваць. Але ніяк не трымацца за бутэльку.
    Ногі – каб хадзіць, перамяшчацца. Але боль у нагах яшчэ не такі страшны ў параўнанні з тым, калі ты сапраўды маеш вялікія праблемы.
    Галоўнае, што ёсць ва ўсіх – гэта галава. І дадзена яна для таго, каб думаць. Таму задумайся.
    Навошта талент ад Бога – спяваць/танцаваць/рашаць задачы? Навошта мая пасада? Навошта ўменне хутка наладжваць кантакты з людзьмі?
   
   Aсоба месяца: Найсвяцейшая Панна Марыя

    Менавіта Маці Хрыста прысвечаны майскія набажэнствы. Яшчэ са старажытнасці хрысціяне на працягу ўсяго мая славілі Марыю ў песнях. Адбывалася гэта ў V стагоддзі ў Егіпце. А ўпершыню месяцам Марыі май быў названы ў 1549 годзе ў Германіі.
    Нарадзілася Марыя ад простых людзей – Іакіма і Ганны. Католікі ўпэўнены, што на працягу ўсяго жыцця Марыя не грашыла, бо не мела першароднага граху (гэта догмат веры Каталіцкага Касцёла). Яе вылучала чысціня намераў і ўчынкаў, сіла волі.
    8 снежня Каталіцкі Касцёл святкуе Бязгрэшнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі. 15 жніўня вернікі адзначаюць свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое яшчэ называюць “шляхам Марыі дадому” – дзень памяці таго, калі Маці Хрыста пайшла на неба разам з душой і целам.
    Да Марыі звяртаюцца ў Ларэтанскай Літаніі, ва “Узрадуйся, Марыя…”, Ружанцы, які складаецца з чатырох частак. Дарэчы, апошняя малітва была любімай Яна Паўла ІІ, Марыя была яго заступніцай.
    Многія памятаюць з дзяцінства, як хадзілі з бабуляй “на май” да крыжа або ў нечыю хату. Там, дзе касцёл знаходзіцца далёка ад вёскі, гэтая традыцыя захавалася і сёння. Часам прыязджаў і ксёндз.
    А можа, сабрацца з моладдзю каля крыжа ў старой вёсцы з гітарай, запаліць свечкі і наладзіць прысвечаны Марыі вечар? На мой погляд, нядрэнная ідэя. Поспехаў натхнёным!    

   Справа месяца: падзякаваць

    Менавіта падзяка­ваць. Пачынаючы з Бога, дзякуючы якому ты прачнуўся раніцай, і заканчваючы бліжнім, які сёння добра выглядае і які прамаўчаў, дзе трэба, каб ты не злаваўся.
    Калі задумацца, кожны вакол нас заслугоўвае падзякі. Вось, напрыклад, тата. Сёння ён зрабіў за цябе нешта, на што ў цябе не хапіла часу. Ты гэта, канешне ж, заўважыў. Выказаў падзяку. А яшчэ падзякаваў за тое, што ён даў табе жыццё.
    Прадавец усміхнуўся табе сёння. Кандуктар пажадаў “доб­рага шляху”. А старая настаўніца патэлефанавала і спытала, як справы. Усе яны заслугоўваюць увагі з твайго боку.
    А ўменне дзякаваць і ёсць, на мой погляд, шчасцем. Зірні глыбей – і ты ў гэтым упэўнішся.

   Фільм месяца: “Святы Павел” (2000г), CATHOLIC MEDIA-CENTRE.

    Кінастужка доўжыцца 220 хвілін.
    На пачатку фільма св. Пётр і св. Ян ідуць па вуліцы і спрачаюцца, ці трэба ім сведчыць аб Хрыстовым Уваскрашэнні. У той час нават імя Хрыста нельга было казаць услых. За гэта маглі схапіць і пакараць, як улада зрабіла гэта са Стэфанам. Ён быў закіданы камянямі.
    Святы Пётр вельмі баіцца, але хоча дапамагчы людзям. Яны спрабуюць выступіць перад народам і настаяць на тым, што Хрыстус жывы! Што ў іх атрымліваецца?
    Яны атрымалі ад Езуса дар вылечваць людзей. Як на гэта рэагуе народ? Што будзе далей?
    Хто такі Савл? Як Павел стаў апосталам Хрыста?
    Аб гэтым Ты даведашся, калі паглядзіш фільм “Святы Павел”.
   
   Песня месяца: “Увесь свет – любоў”, Ігар Круты.

     Вядомы кампазітар напісаў даволі пранікнёную песню. Я магу быць упэўнена, што калі Ты пачуеш яе на вуліцы, то спынішся, каб паслухаць. Ніякіх слоў – адна музыка, якая напоўнена сэнсам. Дастаткова толькі “прапусціць яе праз сябе”.
    Калі заплюшчыць вочы – адчуеш узнёсласць, з’явіцца добры настрой і захочацца ўсміхацца. Як яе не паслухаць, калі мэта месяца – узрадавацца ўсім сэрцам? Адным стрэлам – двух зайцоў.

   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.