ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Важныя ўспаміны з мінулых год

На шляху да святасці

Фара Вітаўта, разбураная ў 1961 г.Фрыдэрыка з Гродна Мой бацька быў вельмі веруючым чалавекам, дзяжурыў у касцёле. Нават у савецкі час ён хацеў, каб яго дзеці хадзілі ў касцёл. Часам нават нашы знаёмыя вернікі з касцёла айцоў францішканаў казалі яму, што з-за нас (дзяцей) касцёл зачыняць, бо ўлады не дазвалялі нам туды хадзіць. Да першай камуніі мы падрыхтоўваліся ў адной бабулі, а пазней, таемна ўваходзячы па адным праз закрыстую, прыступалі да св. сакрамэнту. У школе ўсе ведалі, што мы каталікі, таму мы былі “чужымі” для дзяцей і настаўнікаў. Настаўнікі рабілі нам вымовы, калі бачылі каля касцёла. Шлюб з маім мужам мы бралі ў касцёле, але запісу не рабілі. Камсамольцы правяралі касцёльныя кнігі і пераследавалі вернікаў. Мая сястра звольнілася з працы і перайшла на іншую, таму што супрацоўнікі ўвесь час папікалі яе тым, што яна ахрысціла дзіця ў касцёле. Я памятаю, як мы паехалі ў Чанстахову на сустрэчу з Папам Янам Паўлам II. Мы начавалі ў палатках, ежу нам прывозілі ў палявой кухні. А калі мы ішлі на Ясную Гару, мясцовыя жыхары паставілі ўздоўж дарогі сталы і частавалі нас садавінай, давалі напіцца. Яны былі вельмі мілымі. Я ўспамінаю гэты выезд з вялікай цеплынёй у сэрцы.
    Цяпер наша моладзь мае шмат магчымасцяў, каб пілігрымаваць, удзельнічаць у малітве і вызнаваць сваю веру. Тыя часы мінулі, і я спадзяюся, што назаўсёды.
Генрыха з Воранава Савецкі час быў для нас цяжкім перыядам. Я разам з мужам і дзецьмі малілася дома, хадзіла з іншымі вернікамі на месца, дзе некалі стаяў крыж. Там мы разам маліліся. Моладзі і дзецям удзел у гэтых малітвах быў забаронены камуністычнымі ўладамі. Мы збіраліся разам на маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы. У нас не было “Жывога Ружанца”, мы маліліся індывідуальна. У нядзелю я на веласіпедзе ездзіла ў Восава на св. Імшу. Дзеці заставаліся дома з мужам, які быў інвалідам. Часам я на веласіпедзе дабіралася на св. Імшу ў Салечнікі ці Вільню. Іншыя касцёлы былі зачынены. Я сама навучыла дзяцей маліцца, першую камунію яны прынялі патаемна. У тыя часы толькі малітва дапамагала захаваць веру.
    Ядзвіга з Гродна Мне 84 гады. Спачатку я жыла ў вёсцы, у Вялікай Бераставіцы, потым у Гродне. Жыццё да вайны было спакойным, ніхто не перашкаджаў хадзіць у святыню. Я памятаю, як званы нашага касцёла білі ў гонар нявесты, якая ехала на шлюб у царкву. Былі таксама і непрыемныя моманты, але мы жылі ва ўзаемнай згодзе. Калі я жыла па вуліцы Свярдлова ў Гродне, я хадзіла на св. Імшу ў Фарны касцёл. Пасля вайны касцёл быў зачынены. Там доўга не было ксяндзоў, але вернікі прыходзілі і маліліся. Мы плацілі за святло ў касцёле і ахоўвалі яго, каб не зачынілі. Шлюб нам даваў кс. дзекан Міхал Арановіч. А ў савецкі час, хто хацеў, той і хадзіў у касцёл, не звяртаючы ўвагі на перашкоды. Ніколі не было так, што “канец”, “нельга”.
    Сястра Агнешка з Гродна Пабернардынскі касцёл працаваў на працягу ўсяго перыяду існавання Савецкага Саюза. Тут працаваў кс. Курыловіч, пазней – кс. дзекан Міхал Арановіч. У час вайны была спалена вежа, знішчаны арган, капліца. Вежа была адноўлена, а аднаўленне капліцы цягнецца да сённяшняга дня.
    Калі кс. Міхал хварэў, ён адпраўляў св. Імшу дома, а вернікі злучаліся ў малітве ў святыні. Так было некалькі разоў. Тады вернікі былі вельмі шчырымі. Яны збіраліся для прыватнай малітвы, маліліся перад св. Імшой і пасля яе, трывалі ў малітве пры Гробе Панскім падчас усяночнай, спявалі рэлігійныя песні, літаніі і малітвы. Верны люд быў шчыры і мужны, ён вытрымаў у веры, хаця быў пераследаваны.
    Улады часта дакучалі кс. Арановічу. Яны не хацелі, каб у касцёл прыходзіла моладзь і дзеці. За гэта яму выпісвалі штрафы і запалохвалі, што адбяруць дазвол на душпастырскую працу. Але кс. Міхал не баяўся пераследаванняў. Улады яго паважалі. Часта яны ішлі на ўступкі, але толькі не ў тым, што датычыцца ўдзелу ў св. Імшы дзяцей. Ксёндз меў шмат працы, бо ва ўсім горадзе было толькі два святара. Асабліва перад Вялікаднем і Божым Нараджэннем ён спавядаў на працягу ўсяго дня. Ён нікога не пакідаў без паяднання з Богам. Фізічна ён быў вельмі стомлены, але ніколі не было відаць расчаравання кс. Міхала ў душпастырскай працы. Ён радаваўся, што можа дапамагчы вернікам.
    Сёння вера нанава паўстае ў сярэднім пакаленні. Старэйшае захавала сваю веру, “вымаліла” гэты час. Прыходзіць вельмі шмат маладых сем’яў з дзецьмі. Цяпер касцёлы перапоўнены.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.