ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Уваскрэсенне: ад “ведаць” да “разумець”

На шляху да святасці

Сярод шматлікіх Радасных Навін, з якімі Бог прыходзіць да людзей, ёсць адна найважнейшая: Езус Жыве! “Ён уваскрос, як абяцаў!” (Мц 28, 6). Ён не проста нешта казаў і чыніў у мінулым, Ён жыве і дзейнічае цяпер, бо смерць не мае над Ім улады. Хрыстус перамог грэх і смерць. І доказ гэтаму – Яго Уваскрэсенне, Жыццё і дзеянне на працягу гісторыі. Факт паўстання Езуса з мёрвых мае настолькі важнае значэнне, што Апостал Павел сцвярджаў: “Калі б Хрыстус не ўваскрос, дарэмнай была б наша вера” (1 Кар 15, 14). Вера пацвердзілася фактам. Аднак ці жадаюць разумець гэты факт хрысціяне XXI ст.?
    Евангельскай Добрай Навіне не так проста прабіцца праз разнастайныя патокі інфармацыі, у якіх патанае сучасны чалавек. Сучасны хрысціянін настолькі перанасычаны ўсялякімі навінамі і сенсацыямі, што можа інертна “спажыць” Навіну пра Уваскрэсенне Езуса і перайсці да “смакавання” чарговага “news’а”. Тым больш, што вестка аб Змёртвыхпаўстанні гучыць штогод ужо каля дзвюх тысяч гадоў. Чым можа зацікавіць тое, пра што ўжо столькі было сказана? На жаль, для многіх машынальнае прыняцце і паўтарэнне нейкай інфармацыі не азначае яе разумення. Тое, што ў нашым грамадстве ўсе ведаюць пра Уваскрэсенне Хрыста, не азначае, што ўсе яго хоць неяк разумеюць.
Парадокс сучаснага “інфармаванага” чалавека заключаецца ў тым, што ён шмат ведае, але мала разумее. Адсутнасць асэнсавання прыводзіць да машынальнага паўтарэння шаблонаў, якія чалавек не можа перакласці на практыку ўласнага жыцця. І пасля атрымліваецца, што на Пасху ўсе прыгожа вітаюць адзін аднаго: “Хрыстус Уваскрос!” А перакласці гэтае вызнанне на асабістую веру і практыку становіцца амаль немагчыма.
    Здаецца, у справе разумення Хрыстовага Уваскрэсення ў свядомасць многіх вернікаў закралася адно небяспечнае непаразуменне. Пад уплывам масавай культуры Уваскрэсенне Езуса многія пачалі ўспрымаць проста як вяртанне да жыцця ў звычайным сэнсе, як адмысловую форму рэанімацыі. Пры павярхоўным падыходзе можа здавацца, што не было ніякай розніцы паміж, напрыклад, уваскрашэннем Хрыстовага сябра Лазара і паўстаннем з мёртвых самога Езуса. Параўнанне хаця б гэтых двух евангельскіх фактаў можа праліць святло на глыбейшае разуменне таго, што сталася ў Вялікую Ноч Уваскрэсення. Магчыма, для некаторых гэты момант засяроджання стане пачаткам адкрыцця велічы Радаснай Весткі аб Змёртвыхпаўстанні Хрыста.
    Уваскрашэнне Лазара было цудам вяртання чалавека да зямнога жыцця. Езус ажывіў мёртвага некалькі дзён чалавека. Лазар, які паўстаў да звычайнага, па зямных мерках, жыцця, праз некаторы час усё роўна памёр натуральнай смерцю (па тых жа мерках гэтага свету). Варта пры гэтым успомніць, што смяротнасць, паводле Бібліі, для чалавека не натуральна. Смерць прыйшла як наступства першароднага граху. Бог стварыў чалавека, каб ён жыў, і жыў вечна. Таму і ўваскрашэнні людзей да зямнога жыцця, якія здзяйсняў Езус, навучаючы ў Палестыне, былі патрэбны як знакі надыходу Месіі, які мае Боскую ўладу над жыццём і смерцю, літуецца над драмай смерці грэшнага чалавека. Аднак мэта Божага плана Збаўлення сягала намнога далей. Хрыстус прыйшоў адкрыць людзям шлях не да зямнога (недасканалага) уваскрашэння, але да вечнага жыцця (дасканалае ўваскрашэнне). Паўстанне з мёртвых Езуса стала канчатковай перамогай над смерцю і грахом, адкрыла для чалавецтва магчымасць якасна новай формы жыцця ў Ім.
    На фоне біблійнага разумення праўды пра Хрыстовае Уваскрэсенне фізіка-біялагічныя спробы высвятлення гэтага феномена выглядаюць крыху недарэчнымі. Езус паўстаў з мёртвых не да вядомай нам смяротнай формы чалавечага жыцця, але да несмяротнага (невядомага нам) жыцця, якое Бог ад пачатку задумаў для чалавека. Разуменне гэтай простай праўды раскрывае перад кожным, хто свядома вызнае веру ў Змёртвыхпаўсталага Хрыста, рэальную перспектыву вечнага жыцця з Богам. Для сапраўднага хрысціяніна смерць перастае быць трагедыяй распаду. Яна застаецца толькі драматычным наступствам граху. Гэтае наступства ўжо не страшнае для таго, хто падрыхтаваны і з радасцю чакае ўваскрашэння да паўнаты жыцця – дару Уваскрослага Езуса.
    Наколькі важна, каб хрысціяне ніколі не забывалі пра пасхальны фундамент сваёй веры! Змёртвыхпаўстанне Езуса адкрыла людзям шлях да якасна новай формы існавання – Жыцця, непадуладнага граху і паміранню. Людзі часта чакаюць ад Бога уваскрашэння Лазара – рэанімацыі скажонага грахом зямнога жыцця. А Змёртвыхпаўсталы Хрыстус прапануе ім перспектыву ўваскрашэння да Жыцця, годнага сыноў і дачок Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.