ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Блаславёны Яне Паўле II, маліся за нас

Слова рэдактара

10-326_by Многія з нас глыбока схіляюцца перад блаславёным Янам Паўлам II. Мы адчуваем глыбокую лучнасць з Ім. Таму дзень беатыфікацыі Вялікага Папы назаўжды застанецца ў нашай памяці. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваіх велікодных пажаданнях падкрэсліў, што беатыфікацыя Божага слугі Яна Паўла II будзе другім велікодным ранкам, які Касцёл нашай дыяцэзіі перажыве асаблівым чынам. Ранкам, які для кожнага з нас стане абуджэннем да новага, лепшага жыцця. Менавіта пра гэта мы павінны памятаць.
   Беатыфікацыя Яна Паўла II - гэта не толькі ўспамін аб Яго жыцці, але пасланне для кожнага з нас на далейшы жыццёвы шлях. Тое, што мы ўбачылі ў нядзелю на плошчы св. Пятра і ва ўсім Рыме: безліч людзей, воклічы: “Santo, subito” – усё гэта павінна прамовіць да нас. Гэтая беатыфікацыя павінна вярнуць кожнаму з нас моц веры ў Хрыста. Не баяцца адчыніць дзверы Хрысту – да гэтага заклікаў нас Блаславёны. Не толькі заклікаў – Ён сам так жыў. І гэтага ж хацеў ад нас. Менавіта пра гэта ўспамінаў у сваёй гаміліі папа Бэнэдыкт XVI: “Ён зрабіў тое, да чаго заклікаў: дапамог хрысціянам ва ўсім свеце не баяцца, дапамог знайсці Бога. Дапамог нам не баяцца праўды, таму што праўда - гарантыя любові”.
Цяжка некалькімі сказамі напісаць пра Вялікага Папу. Але давайце хоць бы прыгадаем, кім Ён быў. Папам Супакою, бо ўсюды заклікаў да дыялога і імкнуўся да прымірэння. Папам Малітвы, бо мог паглыбіцца ў глыбокую малітву. Папам Хворых, таму што схіляўся над пакутуючым чалавекам і блаславіў яго, бо сам ведаў, што такое хвароба і боль. Папам Моладзі, бо як ніхто іншы мог наладзіць дасканалы кантакт з моладдзю, а за Ім ішло мноства маладых людзей. Папам Надзеі, бо ўсюды, дзе знаходзіўся, Ён прыносіў хрысціянскую надзею і заклік: “Не бойцеся”. Папам Дзяцей, бо ведаў, як важна дзіця ў вачах Езуса. Папам Даверу, таму што ўвесь аддаўся Найсвяцейшай Маці і цераз Яе выпрошваў ласкі для Касцёла. Папам Місіянерам, Папам Эўхарыстыі - гэтак можна было б доўжыць бясконца.
   Так склалася, што Ён не наведаў нас. Быў блізка: у Польшчы, на Украіне і ў Літве; мы чулі Яго голас. Нягледзячы на тое, што Ён не гасціў у Беларусі, мы можам смела сказаць, што ведалі Святога, што Ён меў уплыў на наша жыццё. Многія з нас знойдуць у сваім доме рэліквіі, што нагадваюць пра Вялікага Папу: ружанцы, якія атрымалі з Рыма, медалікі ці іншыя блаславёныя Ім рэчы сакральнага характару. Можа, у каго-небудзь ёсць фотаздымак з Ім. Давайце асвяжым усё гэта - і ўбачым, што побач з намі стаіць Блаславёны. Гэта абавязвае. Да сапраўднай шчырай веры, памяці аб Ім і жыцця паводле Яго слоў. Ян Павел II заўжды так гаварыў вернікам з Беларусі: “Калі Бог дазволіць, то прыеду да Вас”. Ён стрымаў слова. Ён прыходзіць да нас як Блаславёны. Для маладога Касцёла, які ўжо вельмі моцна стаіць на нагах, блаславенне Блаславёнага Папы вельмі патрэбна. І напэўна Ён блаславіць нас з дома Айца. “Умацоўвай надалей з неба веру Божага Люду,” – прасіў бл. Яна Паўла II напрыканцы сваёй беатыфікацыйнай гаміліі Бэнэдыкт XVI. Тое, што цяпер Блаславёны Папа будзе нас слухаць - несумненна, але ці будзем слухаць Яго мы?..

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.