ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Зорка святасці Яна Паўла Вялікага

З жыцця Касцёла

Кс. арцыбіскуп Тадэвуш КандрусевічКс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
1 мая 2011 г. застанецца ў гісторыі Каталіцкага Касцёла не толькі як дзень, у якім святы Касцёл вуснамі папы Бэнэдыкта XVI абвясціў блаславёным Вялікага Папу Яна Паўла II. На небе засвяціла яшчэ адна зорка Святога, якая ніколі не згасне.
   Калі 8 красавіка 2005 г., у дзень пахавання Яна Паўла II, у Рыме, нягледзячы на тое, што хрысціяне жывуць надзеяй на вечнае жыццё, панавала атмасфера пэўнай пустаты і прыгнечанасці, бо адышоў наш каханы Святы Айцец, то 1 мая 2011 г. горад над Тыбрам быў зусім іншы. У гэты дзень як мага лепш падыходзіла яму акрэсленне Вечнага Горада, калі беатыфікацыйныя ўрачыстасці пацвердзілі праўду пра тое, што хрысціянства - гэта рэлігія надзеі і што са смерцю чалавека не заканчваецца яго жыццё.
   Знаменным з’яўляецца тое, што Ян Павел II адышоў да дома Айца напярэдадні ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці і ў гэтае самае свята быў беатыфікаваны. Гэта знак, што давер Божай Міласэрнасці з’яўляецца гарантыяй святасці. Таму беатыфікацыя Яна Паўла II з’яўляецца яшчэ адным заахвочваннем да даверу Езусу Міласэрнаму, пра што мы асабліва павінны памятаць у гэтым душпастырскім годзе Божай Міласэрнасці, дэвізам якога з’яўляюцца словы “Божая Міласэрнасць – адзіная надзея сучаснага свету”.
Рым быў па-святочнаму аздоблены. Усюды віселі плакаты з выявай Яна Паўла II і Яго цытатамі. Беатыфікацыйныя ўрачыстасці былі ўзбагачаны змястоўнай малітоўнай і культурнай праграмамі. На “Circo Massimo” – месцы смяротнага пакарання першых хрысціян – адбылося малітоўнае чуванне пілігрымаў. У многіх месцах прайшлі прысвечаныя Яну Паўлу II канцэрты. На каланадзе плошчы св. Пятра былі змешчаны першыя словы пантыфікату Яна Паўла II: “Адчыніце дзверы Хрысту”, якія складаюць Яго праграму і адначасова запавет, таму што заўжды трэба адчыняць дзверы Збавіцелю, каб Ён “трансфармаваў” нас у новых людзей, здольных быць людзьмі свайго часу і адначасова жыць паводле прынцыпаў Евангелля. Да гэтага вёў нас блаславёны Ян Павел II, які вучыў, што шляхам Касцёла з’яўляецца чалавек, а шляхам чалавека – Хрыстус.
   Каля 400 пілігрымаў з нашага краю прыбыло ў горад над Тыбрам, каб стаць сведкамі гістарычнай падзеі. У дзень беатыфікацыі, пасля апоўдня, яны разам з паломнікамі з Калінінградскай вобласці і Польшчы прынялі ўдзел у св. Імшы падзякі ў базыліцы Маці Божай Вялікай, дзе знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай “Salus populi romani” – “Збавенне рымскага люду”. Копія гэтага абраза знаходзіцца ў гродзенскай катэдры і носіць назву Маці Божай Кангрэгацкай. Я ўзначаліў гэтую св. Імшу ў канцэлебры біскупаў Аляксандра Кашкевіча, Уладзіслава Бліна, Антонія Дзям’янкі, архімандрыта Сяргея Гайка і 17 святароў.
   Беатыфікацыя стала адным вялікім святам хрысціянскай надзеі. Гэта была пашана Божага Люду сведку надзеі – нават супраць надзеі, – якім быў і застанецца блаславёны Ян Павел II.
   Так любімы ў Беларусі Ян Павел II вельмі хацеў прыбыць да нас з пілігрымкай. І хоць не дадзена яму было ажыццявіць гэта ў дні яго зямнога жыцця, то сёння Ён з намі духам, бо нішто і ніхто не можа Яму ў гэтым перашкодзіць. Гэта было відаць на тварах тых, хто быў у дзень беатыфікацыі ў Рыме, і гэта павінна быць у нашых сэрцах. Нам трэба жыць праўдай Яго навучання, каб быць Яго духоўнымі дзецьмі і, давяраючыся Божай Міласэрнасці, крочыць за зоркай Яна Паўла II шляхам дасканаласці.

Кс. біскуп Аляксандр КашкевічКс. біскуп Аляксандр Кашкевіч
З групай святароў і вернікаў нашай дыяцэзіі я меў магчымасць удзельнічаць у незабыўнай падзеі – беатыфікацыі Яна Паўла II. Тады, гледзячы на 1,5- мільённы натоўп вернікаў, якія сабраліся з гэтай нагоды ў Рыме, я падумаў пра тое, што многія вернікі не сустракаліся ж асабіста з папам Янам Паўлам II, толькі чулі пра яго па тэлебачанні, радыё. Што іх прывяло, і чаму памяць пра Яна Паўла II з’яўляецца такой дарагой для многіх хрысціян, а нават для няверуючых?
   Не перашкаджае ім тое, што яны асабіста не ведалі Папу, што Ён не быў у іх краінах. Найважнейшым з’яўляецца тое, што ў Яне Паўле II яны бачаць узор паводзінаў і маральны аўтарытэт. Постаць Святога Айца Яна Паўла II і сёння захапляе многіх людзей. Кожны з нас – малады, старэйшы, свецкі, хрысціянін, духоўная асоба, пакутуючы – можа жыць па ўзоры Яна Паўла II.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.