ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Блас­лаўлёны Ян Павел ІІ

З жыцця Касцёла

Блас­лаўлёны Ян Павел ІІ, ПапаБеатыфікацыя Папы-паляка
Міласэрны Божа, прымі нашу падзяку за дар апос­тальскага жыцця і паклікання­ блас­лаўлёнага Яна Паўла ІІ і праз яго заступніцтва дапамажы нам узрастаць у любові да Цябе і адважна абвяшчаць любоў Хрыста ўсім людзям. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Напэўна, сёлетні месяц май будзе выключным для кожнага з нас. Вясеннія краявіды, касцёлы і прыдарожныя каплічкі, расспяваныя Ларэтанскай літаніяй, карагоды першакамунійных дзяцей, святары-прыміцыянты, маёвыя касцёльныя і супольныя падзеі (хоць бы апошняя Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Воранаве), а таксама асабістыя – усё гэта будзе асветлена ўсмешкай блаславёнага Яна Паўла II – Папы Марыйнага даверу, Папы Эўхарыстыі, Папы місіянера, Папы сябра дзяцей і моладзі… Можна было б доўга так пералічваць. Ён гаварыў нам пра Бога, які любіць кожнага чалавека, а асабліва таго, хто згубіўся на шляху жыцця, вёў нас да святасці, заражаючы сваёй.
Мы глядзелі на Яго жыццё, чыталі, слухалі тое, што ён хацеў нам перадаць. Як шмат людзей атрымала тую вялікую ласку – асабістае спатканне з Блаславёным! Мы таксама можам сказаць, што ведалі Святога, які жыў сярод нас і меў вялікі ўплыў на наша жыццё. Гэта вельмі важна, таму што такі Святы з’яўляецца нібы больш сапраўдным, не спавітым заслонай агіяграфічных аповесцяў з далёкага мінулага.
   Гэта менавіта Ён – Ян Павел II – паказаў, што святасць не з’яўляецца абстрактным паняццем, якое належыць да мінулага і зарэзервавана толькі для выбраных і нешматлікіх. Ён паказаў, што святыя ёсць сярод нас. Ён рабіў гэта праз шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі, а таксама праз прыклад уласнага жыцця. Ён быў нязвыкла паслядоўным і адважным у імкненні да асабістай святасці. Гэтая адвага праявілася перш за ўсё ў Яго штодзённай паставе і вернасці каштоўнасцям, якія Ён сцвярджаў.
   1 мая 2011 г. застанецца для ўсіх нас тым памятным днём, калі на плошчы св. Пятра ў Рыме з вуснаў цяперашняга папы Бэнэдыкта XVI урачыста прагучалі словы: “Нашай апостальскай уладай дазваляем, каб Ян Павел II быў названы блаславёным”. Мы былі сведкамі нязвыклай падзеі. Тое, што адбывалася 1 мая ў Рыме, з’яўляецца для нас вялікай ласкай, якой Міласэрны Бог адарыў наш час, наша грамадаства і кожнага, хто жыве на зямлі. У асобе Блаславёнага Яна Паўла II мы атрымалі ад Бога вялікага, магутнага, нястомнага Заступніка, які будзе заносіць да трона Бога-Айца ў небе нашы пакорныя просьбы. Таму цяпер у нас ужо ёсць новы Заступнік у небе!
   Аднак я хацеў бы адзначыць, што мы, хрысціяне, не можам спыніцца, затрымацца толькі на этапе скіравання просьбаў да Яна Паўла II аб заступніцтве ў Бога, ані тым больш на этапе эмоцый, якія ажылі ў дні беатыфікацыі і будуць адра-джацца падчас розных папскіх гадавін. Мы павінны зрабіць крок наперад, яшчэ далей, і адказна выконваць усе просьбы, якія Вялікі Папа накіроўваў да ўсяго чалавецтва – хоць бы гэтыя, з дня інаўгурацыі пантыфікату: “Не бойцеся, адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту”.
   Блаславёны Ян Павел II, наш Каханы Папа, пакінуў пасля сябе вельмі шмат твораў, кніг, адгартацый, энцыклік, разважанняў, канферэнцый і г.д. Таму цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб мы ўсё гэтае багацце, якое Ён пакінуў нам, захацелі рэалізаваць і штодзённа ажыццяўлялі. Каб гэтае Яго навучанне не пайшло ў нябыт, каб не было толькі хвілінным парывам сэрца, але каб мы штодзённа жылі Яго мудрасцю і цераз гэта рэалізавалі найбольшую запаведзь любові Бога і чалавека.
   Наш Блаславёны вельмі шмат часу прысвяціў малітве. Незалежна ад таго, дзе быў, нават падчас сваіх апостальскіх падарожжаў, Ён неаднойчы паглыбляўся ў ціхую доўгую малітву. Яму не перашкаджалі ані фотарэпарцёры, ані бляскі лямп-успышак апаратаў, ані пільна назіраючыя камеры, ані рассеяная па ўсім свеце безліч вернікаў перад тэлеэкранамі. Проста ён штодзённа “карміўся” Хрыстом і Яго Евангеллем. Сваё ж навучанне Папа асноўваў на Евангеллі – Кнізе Жыцця. І менавіта Евангеллем ён зацікавіў увесь свет, захапіў мільёны, асабліва маладых, сэрцаў. Падчас шматлікіх сустрэч з маладымі Ён не расказваў анекдотаў (праўда, пачуццё гумару заўжды яго суправаджала) – з усімі людзьмі, з якімі сустракаўся, Ён дзяліўся Божым словам, нібы, можна сказаць, лустай свежага хлеба.
   Папа вучыў людзей, асабліва тых маладых, якіх, становячыся іх сябрам, так вельмі любіў, такімі, напрыклад, словамі: “Куды б я ні адправіўся, заклікаю маладых людзей – як іх сябар, – каб яны жылі ў святле і праўдзе Езуса Хрыста”. Ён заахвочваў маладых, каб свае гады маладосці яны перажывалі з энтузіязмам, у лучнасці з Настаўнікам, так, каб Ён стаў цэнтрам усяго іх жыцця і заняў цэнтральнае месца ў іх сэрцах. Ён жыў, паглыблены ў Божую рэчаіснасць.
   Рэалізуючы запаведзь любові бліжняга, Папа імкнуўся заўважыць кожнага чалавека. Пра гэта сведчылі хоць бы тыя поўныя зычлівасці і цяпла моманты падчас Яго сустрэч з вернікамі: працягнутая рука, дотык, знак крыжа, прытуленне да сябе, пацалунак. Для Яго быў важны кожны чалавек.
   Вельмі многаму можам мы – людзі XXI ст. – навучыцца ад Яна Паўла II, прыўносячы гэта ў сваё жыццё. І асабліва цяпер, калі Касцёл афіцыйна абвясціў Яго Блаславёным, мы павінны рэалізаваць гэты Яго духоўны запавет сваім штодзённым жыццём.
   Давайце падзякуем Богу, адзінаму ў Тройцы, за тое, што Ён даў нам яшчэ аднаго Заступніка, які так вельмі блізкі нашай беларускай зямлі, нават нягледзячы на тое, што Яго нага ніколі на яе не ступала.
   Цяперашні Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, заканчваючы гамілію падчас беатыфікацыйнай св. Імшы на плошчы св. Пятра ў Рыме, сказаў такія словы: “Ты Блаславёны, дарагі Папа Яне Паўле II, таму што паверыў. Просім, каб Ты надалей умацоўваў з неба веру Божага Люду”.
   Давайце да гэтых слоў дададзім яшчэ наш заклік, звяртаючыся да Блаславёнага Яна Паўла II: “Мы просім Цябе: надалей умацоўвай з неба веру Люду нашай Гродзенскай дыяцэзіі, якая была створана дзякуючы Табе, а таксама ў гэтым годзе перажывае 20-ю гадавіну паўстання!”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.