ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пастырскі ліст ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды 20-годдзя дыяцэзіі і перэгрынацыі абраза Міласэрнага Езуса

Пастырскае Слова

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
   Дарагія дыяцэзіяне!
Набліжаецца гістарычная хвіліна, калі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паўнамоцтвам Наступніка Святога Пятра абвясціць усяму свету, што Божы Слуга Ян Павел II з’яўляецца Благаславёным. Гэта адбудзецца ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, 1 мая, на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Мы выкажам тады вялікую ўдзячнасць Пану Богу за дар для ўсяго Паўсюднага Касцёла – дар благаславёнага Яна Паўла II.
   Наша дыяцэзія мае асаблівую падставу для ўдзячнасці, бо яна была заснавана 13 красавіка 1991 года менавіта Божым Слугой Янам Паўлам II і неўзабаве адзначыць 20-ю гадавіну свайго існавання. Гэта дата з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Пану Богу за Яна Паўла II, Пастыра і Правадыра Касцёла пералому стагоддзяў. Дзякуем Пану Богу за тое, што ён, заўважыўшы пасля доўгіх гадоў ганення і атэістычнага пераследавання прыкметы наступлення “Вясны Касцёла”, утварыў структуры Касцёла на Беларусі. Таксама як адна дыяцэзіяльная сям’я мы выказваем Пану Богу падзяку за ўсе ласкі, якія спазналі праз яго на працягу 20 гадоў. Запрашаю вас, умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры, аказаць сёлета асаблівую ўдзячнасць Пану Богу за Яго Апеку над намі. І хаця 20 гадоў – гэта даволі кароткі перыяд, аднак мы вучымся выразна заўважаць доказы Божага клопату пра нас.

Дыяцэзія – гэта частка Паўсюднага Касцёла, і яе можна разглядаць толькі як супольнасць людзей з арганізаванай касцельнай іерархіяй і бачнымі структурамі: Курыяй і яе аддзеламі, Вышэйшай духоўнай семінарыяй, дэканатамі і парафіямі. Аднак дыяцэзія з’яўляецца не толькі адміністрацыйнай касцельнай адзінкай; у першую чаргу гэта жывая супольнасць Хрыста, у якой здзяйсняецца збаўчая задума асвячэння, навучання і з’яднання з Богам. Праз дзейнасць святароў і вернікаў у адзінстве з Пастырам Дыяцэзіі рэалізуецца справа, пачатак якой даў Хрыстус, калі абвяшчаў Божае Валадарства на зямлі. У кожнай ініцыятыве Касцёла на першым месцы застаецца чалавек і яго збаўленне.
   І тое, што для духоўнага дабра вернікаў, якія жывуць на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, Ян Павел II устанавіў асобную дыяцэзію, з’яўляецца для нас прычынай радасці. На працягу 20 гадоў пад кіраўніцтвам Найвышэйшага Пастыра і Наступніка св. Апостала Пятра і дзякуючы нашым сумесным дзеянням сярод нас здзяйсняліся чыны Божага Провіду. Плён гэтага мы бачым у шматгадовай паслузе біскупа, святароў і ў апостальстве вернікаў. У нас ёсць свае мясцовыя святары, парафіяльныя супольнасці, душпастырскія групы, адбудаваныя і асвячоныя святыні. Імклівы бег часу і грамадскія перамены зрабілі так, што мы хутка прызвычаіліся да гэтага.
   Я запрашаю ўсіх Вас – святароў, кансэкраваных асоб, вернікаў - да разважанняў над вялікімі Божымі справамі. Памяць пра іх будзе падставай нашай дзейнасці ў будучым. Псалміст у адказ на колькасць цудаў, якія Бог учыніў для ізраільскага народу, выводзячы яго з няволі і ратуючы ў часе нягод, заклікаў сваіх родзічаў: “Вялікіх спраў не забывайце!” (пар. Пс 104), бо “Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас” (пар. Пс 126). Таму давайце і мы вучыцца заўважаць удзеленыя нам Божыя дары! Браты і Сёстры! Не забывайма пра цяжкія для нашага Касцёла часы, калі мы не мелі сваёй дыяцэзіі і біскупа, калі ў нас не хапала святароў і святынь, калі націск атэізму ствараў пагрозу для веры. Памяць пра гэта дазволіць нам у будучым захаваць вернасць Евангеллю і перадаць яе наступным пакаленням. Трэба вяртацца ў памяці да рэлігійных ганенняў мінулых гадоў, каб цаніць тое, што аплачана коштам вялікіх пакут і выгнання, высылкай і рэлігійнай дыскрымінацыяй святароў і вернікаў нашай зямлі.
   Дваццацігадовы перыяд існавання дыяцэзіі – гэта час падвядзення супольнага балансу і рахунку сумлення. Мы заўважаем людскія недахопы і цяжкасці, з якімі сёння змагаецца Касцёл. Яны з’яўляюцца доказам таго, што Касцёл утвараюць людзі, якія патрабуюць духоўнага адраджэння і безупыннага навяртання паводле патрабаванняў Божага Валадарства.
   У 1999 годзе, калі Слуга Божы папа Ян Павел II планаваў прыехаць у сваю пілігрымку ў Кракаў, да яго звярнуліся з просьбай, каб ён напісаў нейкія словы, якія можна было б скіраваць да амаль мільённай групы ўдзельнікаў святой Імшы. Святы Айцец на адваротным баку абразка, на якім быў прадстаўлены Міласэрны Пан Езус з надпісам “Езу, давяраю табе”, уласнаручна напісаў словы заахвочвання: “Будзьце апосталамі Божай Міласэрнасці!” і паставіў свой подпіс. Гэтыя словы Святога Айца былі прыняты ў якасці духоўнай праграмы, каб паправіць сваё жыццё, адказна прыняць Божую Міласэрнасць і дзяліцца ёй з іншымі людзьмі.
   Найбольшай драмай многіх людзей з’яўляецца тое, што яны не могуць вярнуцца да Бога. І што горш, не вераць у Божае прабачэнне – у тое, што Бог можа іх прыняць і дараваць ім правіны. Таму сёння нават сярод нас ёсць шмат ахрышчаных людзей, якія жывуць без Бога. Такі чалавек знаходзіцца ў стане граху і не моліцца, не ўдзельнічае ў святой Імшы, не чэрпае ласкі з сакрамэнту Божай міласэрнасці, гэта значыць споведзі, не ўмее шанаваць ні сябе, ні іншых, нават сваіх родных. Прыклад дарослых прыводзіць да таго, што вельмі хутка затухае рэлігійная рупнасць дзяцей і моладзі. І таму, дарагія ў Хрысце, мы ўсе маем вялікае заданне: паказаць людзям Міласэрнага Збавіцеля, таму што толькі Ён можа вырваць чалавека з няволі зла.
   Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры! Я запрашаю кожнага з Вас, каб у гэты час, калі мы перажываем 20-годдзе заснавання нашай дыяцэзіі і адраджэння структур Касцёла ў Беларусі, вы таксама прынялі праграму, на якую ўказаў Слуга Божы Ян Павел II. Няхай словы “Езу, давяраю Табе”, якія я таксама ў свой час абраў дэвізам сваёй біскупскай паслугі, і словы заахвочвання Яна Паўла IIІ “Будзьце апосталамі Божай Міласэрнасці” стануць для вас праграмай жыцця.
   Таму 21 красавіка гэтага года падчас святой Імшы Хрызмы а 10-й гадзіне раніцы ў катэдральнай базіліцы ў Гродне мной у прысутнасці святароў і вернікаў дыяцэзіі будзе асвячоны абраз Міласэрнага Езуса, а ў дзень беатыфікацыі Яна Паўла II – 1 мая – як словы ўдзячнасці Богу за яго асобу і з мэтай выпрошвання праз яго заступніцтва патрэбных ласкаў для нашай дыяцэзіі пачнецца перэгрынацыя абраза па нашай дыяцэзіі. Падчас гэтай перэгрынацыі ў кожным касцёле дыяцэзіі мы ўключымся таксама ў дзейснае перажыванне бягучага душпастырскага года, які ў Касцёле Беларусі праходзіць пад дэвізам “Божая Міласэрнасць – адзіная надзея свету”. Гэтым мы выканаем таксама пажаданне Святога Айца Яна Паўла II, які ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках пад Кракавам, даручаючы свет Божай Міласэрнасці, сказаў: “Я раблю гэта з гарачым жаданнем, каб пасланне пра міласэрную любоў Бога, якое было тут абвешчана праз святую Фаустыну, дайшло да ўсіх народаў зямлі і напоўніла іх сэрцы надзеяй. Няхай гэтае пасланне расходзіцца з гэтага месца па ўсім свеце. Няхай здзейсніцца абяцанне Пана Езуса адносна таго, што адгэтуль павінна выйсці, “іскра, якая падрыхтуе свет да яго канчатковага прыходу” (гл. Дзённік, 1733).
   Абраз Божай Міласэрнасці з’яўляецца адным з самых вядомых і шанаваных у сучасным Каталіцкім Касцёле, і яго гісторыя з моманту напісання ў 1934 годзе суправаджаецца цудоўнымі знакамі Божай Міласэрнасці. Паходжанне абраза звязана з аб’яўленнямі Пана Езуса для сястры Фаустыны Кавальскай. Пазней, праз некалькі дзесяткаў гадоў, папа Ян Павел II афіцыйна зацвердзіў культ Божай Міласэрнасці для ўсяго Каталіцкага Касцёла. А тое, што гісторыя абраза звязана з нашай зямлёй, і асабліва з парафіяльным касцёлам у Новай Рудзе каля Гродна, дзе абраз знаходзіўся і быў выратаваны ў перыяд атэізму, дадае нам гонару і радасці.
   Я часта з глыбокім хваляваннем успамінаю той момант, калі ў часе ажыццяўлення мной сакрамэнту Пакаяння да мяне падышла настаяцельніца інстытута Маці Божай Міласэрнасці і ўручыла мне скрутак цудатворнага абраза Міласэрнага Езуса, які затым быў адрэстаўраваны і з пашанай змешчаны ў адным з алтароў касцёла Святога Духа ў Вільні, дзе я быў пробашчам. Паважаныя дыяцэзіяне! Якой жа глыбокай і красамоўнай з’яўляецца праўда пра Божую Міласэрнасць у гэтым абразе! Хрыстус звярнуўся да святой Фаўстыны з пасланнем: “Я даю людзям начынне, з якім яны павінны прыходзіць па ласкі да крыніцы міласэрнасці. Гэтым начыннем з’яўляецца (Мой) абраз з подпісам “Езу, давяраю табе” (...) Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шматлікія ласкі, а таму няхай да яго мае доступ кожная душа” (пар. Дз 327, 570). Сёння правільны культ абраза Божай Міласэрнасці можа абудзіць ласку любові да Бога і бліжняга і даць спазнаць Божую міласэрнасць, якая не толькі спачувае пакутам і аказвае чалавеку літасць, але і прыходзіць да яго на дапамогу ў любых абставінах і выпрабаваннях жыцця.
   Няхай перэгрынацыя абраза Міласэрнага Езуса ў 20-ю гадавіну дыяцэзіі дапаможа нам нанова адкрыць бясцэнны дар сакрамэнту Пакаяння і Прымірэння, якім ёсць споведзь. Няхай стане нагодай да рахунку сумлення з нашага ўдзелу ў нядзельных святых Імшах. Няхай паглыбіць нашу пашану да Божай Міласэрнасці ў нашых касцёлах і сем’ях. Для таго, каб падзякаваць за 20 гадоў нашай дыяцэзіі, я заклікаю Вас у год перэгрынацыі ў кожную 1-ю пятніцу месяца прыняць удзел у набажэнстве ў гонар Міласэрнага Езуса, якое належыць арганізаваць у кожнай парафіі. Няхай Вяночак да Божай Міласэрнасці стане малітвай кожнага верніка і ўсіх нашых сем’яў. Няхай час перэгрынацыі абраза будзе святым часам для нашых сем’яў. Давайце прабачаць адзін аднаго і аказваць узаемную любоў, асабліва да людзей, паяднацца з якімі нам найбольш складана. Давайце першымі працягнем ім руку для прымірэння! Будзем жа ўсе апосталамі Божай Міласэрнасці!
   Я прашу шаноўных святароў, каб з дапамогай місій і рэкалекцый яны падрыхтавалі вернікаў парафіі да перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага. Няхай клопат пра збаўленне даручаных Вам вернікаў заўсёды знаходзіцца на першым месцы ў Вашай святарскай паслузе.
   Я прашу вялебных сясцёр-законніц маліцца ў намеры нашай дыяцэзіі і выпрошваць духоўныя і трывалыя плады перэгрынацыі абраза Міласэрнага Езуса, а таксама заахвочваю да руплівага выканання спраў міласэрнасці ў адносінах да ўсіх тых, каму патрэбна Ваша дапамога.
   Вас, дарагія дыяцэзіяне – дарослых, моладзь і дзяцей – я прашу, каб кожны з вас сваім жыццём дзейсна выказаў веру ў Міласэрнага Пана Езуса, Які праз свой абраз хоча кожнаму даць радасць прабачэння і свае шчодрыя ласкі. Шчыра клапаціцеся пра святасць і ўзаемную любоў у вашых сем’ях. І ўсе разам дбайце пра развіццё Касцёла ў нашай дыяцэзіі!
   Трываючы ў духоўнай лучнасці з Вамі, я даручаю Вас Марыі, Маці Міласэрнасці, а таксама Апекунам дыяцэзіі – святому Казіміру і святому Максімільяну Марыі Кольбэ - і на гэты блаславёны час перэгрынацыі з усяго сэрца бласлаўляю

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.