ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

“Будзьце апосталамі Божай міласэрнасці”

На шляху да святасці

13 красавіка 1991 г. Кансэкрацыя біскупа ў ГроднеПаводле парафіяльных спісаў, на тэрыторыі дыяцэзіі пражывае каля 500 тысяч вернікаў рымска-каталіцкага вызнання.
    Сярод Божага люду ўзрасла рэлігійная і сакрамэнтальная свядомасць, што пацвярджае сённяшняя колькасць парафій, якая дасягае 187.
    Па ўсёй Беларусі пад канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя заставалася ўсяго толькі каля 50 святароў. Сёння ў дыяцэзіі працуе 207 святароў, якія прымаюць удзел у душпастырстве і дыдактычна-выхаваўчай працы.
– Ваша Эксцэленцыя, усе мы перажываем вялікую радасць з нагоды 20-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Ксёндз біскуп служыць у дыяцэзіі ад пачатку яе ўтварэння. Якім быў той асаблівы дзень 13 красавіка 1991 г.?
    Калі я ўспамінаю дзень 13 красавіка 1991 г., калі Святы Айцец сваёй апостальскай уладай заснаваў Гродзенскую дыяцэзію і прызначыў мяне яе біскупам, я разумею, што гэта быў Яго прарочы адказ на выклікі часу ў адносінах да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Наш Святы Айцец дакладна зразумеў знакі надыходзячай “вясны Касцёла”, які вельмі пацярпеў у выніку нішчэння веры ў людскіх сэрцах і разбурэння сакральных будынкаў. Пасля столькіх гадоў прыгнёту настаў перыяд адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Я быў сведкам тых падзей.
– Ваша Эксцэленцыя, Гродзенская дыяцэзія з’яўляецца пераемніцай традыцый Віленскай архідыяцэзіі і Ломжынскай дыяцэзіі. Якімі былі пачаткі працы новай дыяцэзіі?
    Пачаткі азначалі шматлікія цяжкасці. Аднак становішча новай дыяцэзіі было лепшым, чым у іншых дыяцэзіях у Беларусі, таму што ў Гродне крыху раней, у верасні 1990 г., ксяндзом біскупам Тадэвушам Кандрусевічам была адчынена Вышэйшая духоўная семінарыя. Калі я прыбыў у Гродна, у маім сэрцы нарадзілася надзея, што праз некалькі гадоў з гэтай навучальнай установы выйдуць першыя святары, каб папоўніць шэрагі душпастыраў, якіх так не хапала ў асобных парафіях нашай дыяцэзіі. Першых выпускнікоў гэтай духоўнай навучальнай установы я пасвяціў у святары ў 1995 г. Сёння Духоўная семінарыя ў Гродне можа ганарыцца тым, што да гэтага часу яна выпусціла 176 святароў для ўсёй Беларусі, а таксама для Украіны і Казахстана. Семінарыя ў Гродне выканала патрабаванні часу, папаўняючы шэрагі ксяндзоў, якіх па ўсёй Беларусі пад канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя заставалася ўсяго толькі каля 50. Цяпер яе выхаванцы служаць у большасці парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама самі навучаюць будучых кандыдатаў да святарства. У параўнанні з 80-мі гадамі XX ст. сёння ў дыяцэзіі працуе 207 святароў, якія прымаюць удзел у душпастырстве і дыдактычна-выхаваўчай працы.

    – Ці Ваша Эксцэленцыя быў у Гродне да свайго назначэння? Ці ксёндз пробашч Аляксандр Кашкевіч з Вільна ведаў Гродзеншчыну?
    Прадвызначэннем Божай волі сталася так, што тэрыторыя ўтворанай дыяцэзіі была для мяне вельмі блізкай. Я наведваў Гродна некалькі разоў перад тым, як мяне прызначылі біскупам. Большая частка тэрыторыі дыяцэзіі ўваходзіла ў склад Віленскай архідыяцэзіі. Паміж Віленшчынай, адкуль я родам, і Гродзеншчынай існуюць пэўныя рысы падабенства. Еднасць у працы з біскупам, простая набожнасць, культываванне сямейных традыцый і непахісная вера – гэта толькі некаторыя важныя рысы, якія спадарожнічалі святарам і вернікам падчас утварэння новай дыяцэзіі. Дзякуючы гэтаму мы сёння можам з надзеяй глядзець у будучыню Касцёла на Гродзеншчыне.

 Няхай словы “Езу, давяраю Табе”, якія я таксама ў свой час абраў дэвізам сваёй біскупскай паслугі, і словы заах- вочвання Яна Паўла IIІ “Будзьце апос- таламі Божай Міласэрнасці” стануць для вас праграмай жыцця.   – Як бы Ксёндз Біскуп ахарактарызаваў тэрыторыю нашай дыяцэзіі і людзей, якія тут жывуць?
    Тэрыторыя сучаснай Заходняй Беларусі, якую ахоплівае Гродзенская дыяцэзія, характарызуецца традыцыйнай рэлігійнасцю. Шмат старэйшых людзей было выхавана яшчэ да 1939 г. Менавіта яны падчас атэістычных пераследаў перадавалі асновы веры, вучылі малітвам, пераважна на польскай мове, і вадзілі сваіх дзяцей і ўнукаў у касцёл. Сёння паступова адбываецца працэс перадачы эстафеты маладому пакаленню. Касцёл зноў і зноў заклікае да евангелізацыі ў тых асяроддзях, дзе мала гаворыцца пра Бога, не выконваюцца запаветы ці існуе паталагічная сітуацыя. На працягу 20 гадоў, нягледзячы на тое, што можна гаварыць пра спад рэлігійнасці ў Заходняй Еўропе, у нас, дзякуючы разнастайнай душпастырскай дзейнасці, паўстаў цэлы шэраг ініцыятыў, якія сёння даюць блаславёны плён. З’езды моладзі, фестывалі музычных гуртоў і хораў, рэкалекцыі для сем’яў – гэта толькі некаторыя ініцыятывы, паспяхова рэалізаваныя за час існавання дыяцэзіі.
 
    – Якія планы і надзеі меў малады біскуп новапаўсталай дыяцэзіі?
    Пасля доўгіх гадоў атэістычнага прыгнёту для ажыўлення рэлігійнага жыцця Божага люду я марыў аб утварэнні дыяцэзіяльнага санктуарыя, куды б маглі пілігрымаваць вернікі з розных мясцовасцей Гродзенскай вобласці, таму што на пачатку існавання дыяцэзіі чагосьці такога не было. Таму я вырашыў, што такім цэнтральным месцам пілігрымак стануць размешчаныя пасярэдзіне дыяцэзіі Тракелі каля Ліды, дзе здаўна ўшаноўваюць Маці Божую ў сваім цудатворным абразе. Цікава, што на гэтым абразе, які паходзіць з XVII ст., трохі пазней, у сувязі з вялікім культам, быў дамаляваны вобраз св. Казіміра, заступніка нашай дыяцэзіі. Дзякуючы гераічнай паставе вернікаў касцёл у гэтай мясцовасці быў абаронены ад знішчэння. Мясцовыя жыхары ўдзячныя за гэта заступніцтву Маці Божай. У 1995 г. я афіцыйна абвясціў аб стварэнні тут першага санктуарыя на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Сёння Тракелі з’яўляюцца месцам пілігрымак з усёй дыяцэзіі. Вернікі пешшу ці асабістым транспартам дабіраюцца на галоўныя ўрачыстасці ў першую суботу ліпеня. Колькасць удзельнікаў дыяцэзіяльнага свята вагаецца ад 12 да 15 тысяч. У 2009 г., пасля каранацыі цудатворнага абраза Тракельскай Маці Божай, у клопаце пра ўсе сем’і дыяцэзіі я надаў санктуарыю Маці Божай у Тракелях званне “Каралевы нашых Сем’яў”. Акрамя таго, цэнтральнымі месцамі Марыйнага ўшанавання ў дыяцэзіі з’яўляюцца катэдральны касцёл у Гродне і касцёл у Гудагаі, дзе таксама адбыліся каранацыі абразоў папскімі каронамі. Сёння яны з’яўляюцца месцам частых пілігрымак і наведванняў вялікай колькасці вернікаў.

    – Як развівалася парафіяльнае жыццё ў дыяцэзіі? Колькі парафій існуе на сённяшні дзень на тэрыторыі дыяцэзіі?
    Безумоўна, за 20 гадоў сярод Божага люду ўзрасла рэлігійная і сакрамэнтальная свядомасць, што пацвярджае сённяшняя колькасць парафій, якая дасягае 187. На час паўстання дыяцэзіі ўсіх зарэгістраваных парафій было каля 60-ці. На жаль, да асноўных праблемаў усяго грамадства можна залічыць хвалю перасялення моладзі ў гарады і паступовае выміранне вёсак. У выніку гэтага працэсу, які пачаўся з II паловы 90-х гадоў XX стагоддзя, сёння шэраг вясковых парафій – гэта малыя супольнасці людзей старэйшага ўзросту. Найбольшыя ж групы вернікаў знаходзяцца ў гарадах і мястэчках, што асабліва відаць на прыкладзе Гродна, Ліды, Ашмян і Смаргоні. Уcяго, паводле парафіяльных спісаў, на тэрыторыі дыяцэзіі пражывае каля 500 тысяч вернікаў рымска-каталіцкага вызнання. Радасць дыяцэзіяльнага Касцёла – дзеці і моладзь, якія, дзякуючы рэгулярнай катэхізацыі, атрымліваюць веды і паглыбляюць веру. Мы ж увесь час арганізоўваем для іх дыяцэзіяльныя сустрэчы.

    – Ваша Эксцэленцыя, як выглядала рэлігійнасць людзей у першыя гады Вашай біскупскай паслугі і цяпер? Параўнайце, калі ласка.
    Сёння прысутнасць Каталіцкага Касцёла ў дыяцэзіі і яго роля ў фарміраванні маральнай паставы з’яўляецца незамянімай. Рэлігійнасць, напэўна, прымае больш свядомыя і адказныя формы. Нягледзячы на тое, што ўжо няма такога мноства вернікаў, як гэта было на пачатку “перабудовы”, цяпер тыя, каго збіраюць касцёлы, ведаюць, чаму яны вераць і моляцца. Найлепшым доказам гэтага з’яўляецца ўтварэнне і дзейнасць у парафіях рознага тыпу рэлігійных рухаў і апостальскіх спраў. Аднак самымі шматлікімі касцёльнымі групамі застаюцца Ружанцовыя Ружы. У адной з гродзенскіх парафій у новым мікрараёне іх налічваецца ажно звыш 30-ці. У гэтых адносінах мы заўсёды імкнемся выходзіць насустрач патрэбам вернікаў. Іх малітва і прыклад веры ўзмацнялі і надалей узмацняюць Гродзенскі Касцёл.

    – Як выглядае сакрамэнтальнае жыццё вернікаў дыяцэзіі Ксяндза Біскупа?
    Увогуле, калі гаварыць пра сакрамэнтальнае жыццё вернікаў, іх рэлігійная сітуацыя з’яўляецца добрай. Прыняцце святых сакрамэнтаў патрабуе падрыхтоўкі, напрыклад, у выпадку сакрамэнтаў св. споведзі і канфірмацыі (бежмавання). Дзеці і школьная моладзь рыхтуюцца да іх на двухгадовых занятках, якія праводзяцца пры касцёле. Радуе мяне таксама і тое, што за 20 гадоў маёй паслугі як біскупа не змяншаецца колькасць вернікаў, якія прымаюць сакрамэнт бежмавання. Усё радзей сёння чуваць пра тых, хто прыступае да святых сакрамэнтаў раз у год або ў некалькі гадоў. Частымі сталі споведзі парафіян на працягу ўсяго літургічнага года, а асабліва ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту.

    – Як будзе выглядаць святкаванне 20-годдзя ўтварэння дыяцэзіі?
    Штогод у дыяцэзіі мы перажываем канкрэтную душпастырскую праграму. Гэты год, у сувязі з яе 20-годдзем, прысвечаны асаблівай пашане Божай міласэрнасці. Нам хацелася б, каб касцёлы і капліцы дыяцэзіі наведала копія абраза Езуса Міласэрнага. Гэтага асабліва прагне маё сэрца, таму што я здаўна злучаны духоўнымі сувязямі з культам гэтага абраза ў Вільна, калі яшчэ быў пробашчам у касцёле Святога Духа. Я часта з узрушанасцю ўспамінаю той момант, калі да мяне падышла генеральная сястра Інстытута Маці Божай Міласэрнасці і ўручыла мне скручаны ў рулон цудоўны абраз Езуса Міласэрнага, які я адрэстаўраваў і з пашанай змясціў у алтары насупраць амбоны-канфесіяналу ў касцёле Святога Духа ў Вільне, дзе быў пробашчам. Менавіта таму ў сваім гербе біскупа як дэвіз паслугі я змясціў словы: “Езу, давяраю Табе”.
    Яшчэ я запрашаю нашых вернікаў у Тракелі, а таксама аддаць гонар заступнікам нашай дыяцэзіі, успамінаючы іх падчас літургічных святаў і ўрачыстасцяў. Мы будзем сведкамі адкрыцця алтара ў нашай катэдральнай базыліцы, а таксама можам прыняць удзел у навуковай канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю нашай дыяцэзіі, якая адбудзецца ў будынку нашай ВДС. І, вядома, шмат іншых розных падзей і малітоўных спатканняў адбудзецца ў нашай дыяцэзіі ў гэтым 20-м годзе яе жыцця.

   – Як свецкі чалавек можа далучыцца да святкавання 20-годдзя дыяцэзіі?
    Перш за ўсё, я хачу, каб кожны з нас мог прыняць праграму, якую нам даў Слуга Божы Ян Павел II. Няхай словы малітвы “Езу, давяраю Табе”, якія і мной былі абраны дэвізам біскупскай паслугі, а таксама словы заахвочвання Яна Паўла II “Будзьце апосталамі Божай міласэрнасці” будуць для кожнага праграмай яго жыцця. Я вельмі прашу вас аб малітве за мяне і за ўсю нашу дыяцэзію ва ўсіх тых справах, якія мы разам перажываем.


    – Ваша Эксцэленцыя, якія яшчэ перэгрынацыі абразоў былі ў гісторыі нашай дыяцэзіі?
    За ўвесь час майго кіравання дыяцэзіяй былі арганізаваны наведванні парафій дыяцэзіі рознымі цудатворнымі абразамі: Будслаўскай Маці Божай (1993 г.), Фігуры Фацімскай Маці Божай (1997 г.), а ў апошнім дзесяцігоддзі адбыліся перэгрынацыі абразоў Кангрэгацкай Маці Божай з гродзенскай катэдры і Маці Божай з Тракеляў. Мяне таксама вельмі ўразіла, калі падчас перэгрынацыі копіі Турынскай плашчаніцы ў 2006 годзе для яе прывітання прыбывалі таксама вернікі Праваслаўнай Царквы. У гэтай сферы мы бачым неабходнасць пошуку глыбейшага дыялогу паміж вернікамі Касцёла і Царквы. Да гэтага нас прымушае штодзённае жыццё вернікаў. Католікі і праваслаўныя часта ствараюць сем’і, разам адзначаюць рэлігійныя святы, выхоўваюць дзяцей. Безумоўна, тэрыторыя Гродзенскай дыяцэзіі з гэтага пункту гледжання з’яўляецца вельмі спецыфічнай і патрабуе шмат разважлівасці і прадбачлівасці з боку традыцыйных для гэтай зямлі вызнанняў.
 
    – Ксёндз Біскуп прыгадаў пра спецыфіку нашай зямлі, а якія мы маем клопаты і праблемы?
    Я, Дарагія Чытачы, безумоўна, не хачу ствараць уражанне ідэальнай сітуацыі ў дыяцэзіі. Мы ўсе ўсведамляем тое, што праблемы існуюць увесь час, а асабліва там, дзе знаходзіцца чалавек з яго маральнымі захворваннямі і патрэбай дзейсных лекаў ад сучасных хвароб. Гэта праблемы як маральнай, так і грамадскай прыроды. Касцёл вучыцца выходзіць насустрач чалавеку, каб вырашыць нават самыя глыбокія з іх. Тут улічваецца сумесная зацікаўленасць усіх – як духоўных, так і свецкіх – у пастаяннай маральнай адбудове нашага грамадства. Ужо на працягу 10 гадоў у дыяцэзіі развіваецца рух за цвярозасць, які ўзнік на аснове арганізацыі ананімных алкаголікаў. Мы стараемся спадарожнічаць гэтым людзям падчас спецыяльных рэкалекцый за цвярозасць, а таксама дапамагаць іх сем’ям. Дзякуючы працы і апостальству вернікаў у многіх з іх сёння выразна відаць прагрэс у пераадольванні алкагалізму і наркаманіі.
    Падзеі 20 гадоў навучылі мяне разам са святарамі і вернікамі адкрываць новыя выклікі часу і ўмела на іх адказваць. Несумненна, пагоню за дабрабытам, усё часцейшую ананімнасць грамадства і звычку да рэлігійнасці, як і ўсюды, можна залічыць да вялікіх пагроз нашага часу. За гэтым ідзе таксама крызіс сям’і, а менавіта – міжсямейных сувязяў. Я рады, калі ў парафіях дыяцэзіі ўзнікаюць асобныя апостальскія справы, якія падтрымліваюць хрысціянскія каштоўнасці ў сем’ях. Апрача гэтага, у дыяцэзіі ёсць адказныя за духоўную фармацыю сужэнстваў.
    Новымі формамі працы з’яўляюцца душпастырствы – акадэміцкай моладзі, урачоў, настаўнікаў, працаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі – у цэнтралізаванай форме. Мы таксама спадзяемся, што з цягам часу пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і ўрадам у Мінску аб прававым статусе Каталіцкага Касцёла ў Беларусі дазволіць шырэй праводзіць душпастырскую дзейнасць, асабліва ў шпіталях і войску. Гэта павінна вырашыць ўзаемная дамова, якая зараз знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі.
Колькасць удзельнікаў дыяцэзіяльнага свята вагаецца ад 12 да 15 тысяч    – Ксёндз Біскуп прыгадаў аб адносінах Касцёл – дзяржава. Якія яны?
    Супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай адбываецца на акрэсленай прававымі нормамі падставе. Гэта супрацоўніцтва ў форме дыялогу ў выглядзе ўдзелу ў канферэнцыях і абмену думкамі. Ясна адно: нас звязвае мноства маральных і сацыяльных праблем, якія патрабуюць сумеснага вырашэння. Ва ўсім гэтым з боку свецкай улады хацелася б бачыць больш разумення ў адносінах рашэнняў касцёльных улад у справе запрашэння для душпастырскай працы святароў з Польшчы і іншых дзяржаў, а таксама рэгістрацыі парафіяльных супольнасцяў і будаўніцтва каталіцкіх касцёлаў, асабліва ў гарадах, дзе іх не хапае.

    – Што б Ксёндз Біскуп пажадаў чытачам газеты “Слова Жыцця”?
    Я хацеў бы падзякаваць усім Чытачам “Слова Жыцця” за ўсялякую духоўную і матэрыяльную падтрымку Гродзенскага Касцёла. З нагоды велікодных святаў жадаю Вам, Дарагія Чытачы “Слова Жыцця”, супакою сэрца, які перадаў нам Змёртвыхпаўсталы Хрыстус. Няхай пасыл Езуса Міласэрнага будзе для кожнага з Вас прыгадваннем пра пошук ратунку ў Божай Міласэрнасці, а на жыццёвым шляху няхай Вас суправаджае Маці Божая, якую ў нас ушаноўваюць як Маці Міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.