ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Рэкалекцыі з айцом Рышардам з Эльблёнга

Семінарыйная газета

З 9 па 12 сакавіка семінарыйная супольнасць прымала ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія правёў айцец Рышард Пуўторак, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі з Эльблёнга ў Польшчы. Даведаўшыся, што яго бацькі паходзяць з нашых мясцін, я папрасіў яго аб інтэрв’ю.
– Як часта Вы прыязджаеце у Беларусь? Як ставіцеся да тых мясцін, з якіх паходзяць Вашы бацькі?
    Да гэтых мясцін я заўсёды адношуся з вялікай прыхільнасцю, якая ў мяне захавалася яшчэ з дзяцінства. Апавяданні аб тых часах выклікалі ў мяне вялікі смутак. Першы раз я быў у Беларусі ў 70-я гады, калі быў яшчэ дзіцём. Пачынаючы з 1987 года, калі мяне пасвяцілі ў ксяндзы, я прыязджаў сюды часцей: штогод або раз у некалькі год, амаль заўсёды да родных з Шылавіч.
Раскажу пра такую важную падзею, як першая святая Імша ў Шылавічах, якую я адправіў пасля таго, як на працягу 31 года касцёл быў зачынены. Аднойчы я расказваў у сям’і, як у нас у Польшчы паўстаюць новыя парафіі. Тады мой дзядзька, які быў у парафіяльным савеце, запытаў мяне, ці мог бы я адправіць святую Імшу ў касцёле. Гэта было праз год пасля вяртання касцёла парафіяльнаму савету, калі склад там ужо быў ліквідаваны. Але парафіяне не вельмі разумелі, што з ім рабіць: павыбіваныя вокны, няма даху – звыклыя руіны. Я сказаў: “Калі вы падрыхтуеце касцёл да святой Імшы, то я яе адпраўлю”. Са мной прыехалі яшчэ два мае калегі. Мы былі вельмі здзіўленыя, бо калі мы прыехалі ў нядзелю, шылавіцкія парафіяне нам сказалі: “Цяпер мы не пойдзем у касцёл, хадзем у сям’ю”. А потым нас прыводзяць… Усё было падрыхтавана наступным чынам: цэлае мноства людзей, над дзвярыма дошка з надпісам: “Адчыніце дзверы Хрысту!”, на пачатку Імшы гімн “Мы прагнем Бога”, верш “Вітаем ксяндзоў у гэтым касцёле, дзе апошняя святая Імша была 31 год назад”, кветкі для ўсіх святароў, палавік, выкладзены кветкамі аж да алтара, паўнюткі касцёл людзей. Людзі нават знайшлі фрагменты старога алтара і як маглі арганізавалі прэзбітэрый. Папрыязджалі таксама і людзі з ваколіц, што мяне вельмі ўзрушыла. Пад канец святой Імшы, перад бласлаўленнем, я сказаў так: “А цяпер – парафіяльныя аб’явы” і спытаўся прадстаўніка парафіяльнага савету, што можна было б аб’явіць. Ён сказаў, каб у сераду мужчыны прыйшлі рабіць дах, і даў яшчэ дзве аб’явы. Я абвясціў усё гэта, блаславіў, выйшаў у закрыстую… А потым было штосьці, чаго я не чуў, але мне аб гэтым расказала цёця. Яна сказала, што выйшаў кіраўнік парафіяльнага савету і сказаў: “Людзі, мы ўжо не будзем хадзіць у іншы касцёл, мы цяпер будзем маліцца тут”. Але так здарылася, што на працягу першых двух тыдняў не было святой Імшы. Людзі маліліся дзесьці перад арнатам, а потым папрасілі кс. дэкана Антонія накіраваць ім святара. І тады з розных бакоў пачалі прыязджаць ксяндзы, а праз нейкі час прыехаў ксёндз-міхаліт, які з’яўляецца там пробашчам да сённяшняга дня, і парафія пачала функцыянаваць. Я паўтару, што для мяне гэта было вялікім узрушэннем. Прыхільнасць, якую я меў да гэтых мясцін, прывяла да таго, што ў мяне заўсёды быў блізкі кантакт з Беларуссю.

    – Раскажыце, калі ласка, пра сваё пакліканне да святарства.
    Цяжка сказаць, калі гэта пачалося. Спачатку я быў міністрантам, потым лектарам, але я ведаю, што на пачатку сярэдняй школы я неяк нават і не думаў аб тым, каб стаць святаром. Мне здавалася, што я для гэтага не падыходжу. Памятаю нават такую сітуацыю ў II класе сярэдняй школы: мы былі на аазе ў сальватарыян, і мой сябар, старэйшы за мяне на год, сказаў, што пойдзе да місіянераў Святой Сям’і. Мяне здзівіла не тое, што ён пойдзе ў семінарыю, а тое, што ён ужо ўвогуле ведае, што пойдзе туды. Тады я яму сказаў, што ніколі не рашыўся б туды пайсці. А ён кажа: “Перастань, у цябе яшчэ ёсць час, паглядзіш, што ўсё яшчэ зменіцца, ты яшчэ пераканаешся”. Я не ведаю, навошта ён тады так сказаў. Але я баяўся, што тое пакліканне, якое тады ва мне выспявала, з’яўляецца толькі звычкай, што мяне цягне да святарства толькі таму, што я заўсёды быў пры алтары. Так здарылася, што ў выпускным класе я пазнаёміўся з дзяўчынай, якую пакахаў. У пэўны момант я задумаўся, ці змог бы збудаваць з ёй жыццё. Я пераканаўся, што змог бы, аднак тады ж з’явілася ўпэўненасць, што не пайду гэтай дарогай. Мы, безумоўна, сябравалі з ёй, аднак гэтае сяброўства неяк не перарасло ў шлюб. Калі ж я паступіў у семінарыю, Бог даў мне такую ласку, што я ніколі не меў вялікіх сумненняў наконт майго паклікання. Жаданне быць святаром расло ва мне з кожным годам знаходжання ў семінарыі. І гэта, на маю думку, прывяло мяне да святарства.

    – Як бы Вы ацанілі рэкалекцыі, у якіх мы разам удзельнічалі ў нашай семінарыі?
    Скажу шчыра, што я ехаў у Гродна з нейкай няўпэўненасцю, бо гэта іншая краіна. Апрача таго, што я трохі ведаю Беларусь і маю да яе сімпатыю, тут я сустракаюся з іншай ментальнасцю. Едучы, я думаў, ці тое, з чым еду, чым хачу падзяліцца, будзе добра ўспрынята. Але ўжо з першай канферэнцыі я адчуваў, што ўсё ўспрымаецца добра і што семінарысты слухаюць і прымаюць мяне з прыхільнасцю. Як з боку клерыкаў, так і з боку ксяндзоў адчувалася добрая атмасфера, у якой я сапраўды нядрэнна сябе адчуваў. Я спакойна выходзіў да клерыкаў, бо быў перакананы, што тэма, якую я ўзняў – Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI да клерыкаў, – гэта добрая ідэя, добры змест, што яна падыходзіць.

    - Раскажыце, калі ласка, пра Эльблёнгскую дыяцэзію і пра семінарыю ў Эльблёнгу.
    Эльблёнгская дыяцэзія ўтварылася ў 1992 годзе, пасля рэарганізацыі Касцёла ў Польшчы, і таму з’яўляецца адносна маладой. Семінарыя таксама маладая. Першы год семінарысты яшчэ вучыліся ў Ольштыне, хаця былі ўжо прыпісаныя да Эльблёнга. З 1994 года яны пачалі вучобу ў Эльблёнгу ў вельмі складаных умовах. Горад аддаў будынкі, але яны знаходзіліся ў вельмі дрэнным стане. Гэта быў адзін касцёльны будынак, былая даваенная школа, а таксама былая фабрыка. Неабходны быў грунтоўны рамонт. Але паступова семінарыя пачала развівацца, рамантавацца, і з цягам часу гэтыя цяжкасці былі пераадолены.

    – Колькі на сённняшні дзень клерыкаў у семінарыі ў Эльблёнгу?
    На дадзены момант мы маем 46 семінарыстаў, акрамя таго, адзін знаходзіцца ў акадэмічным адпачынку, а адзін цяжка хворы.

    – Якія практыкі Вы ўвялі на працягу 6-ці гадоў служэння духоўным айцом? Якія рухі ці групы існуюць у семінарыі?
    Каб яшчэ больш адкрыць клерыкаў для формаў новай евангелізацыі, для супрацоўніцтва са свецкімі асобамі розных пакаленняў, кіраўніцтва семінарыі ўвяло распараджэнне, што кожны клерык падчас адпачынку павінен прыняць удзел у двух відах рэкалекцый: адны могуць быць для служэння, а другія – для сябе. У сувязі з гэтым на працягу 6-ці гадоў вучобы клерык адбывае некалькі такіх рэкалекцый. Формай рэкалекцый можа, між іншым, быць пілігрымка.
    Часта яны выбіраюць ігнацыянскія рэкалекцыі. Бывае таксама, што некаторыя з клерыкаў, найбольш адважныя, робяць сабе рэкалекцыі ў адзіноце, у цішыні, з адарацыяй, напрыклад, едуць на 3 - 5 дзён да камедулаў, кармэлітак ці кларысак. Але тады яны павінны загадзя дамовіцца з прадстаўнікамі супольнасці. Яны кажуць, што гэта вельмі цяжка, аднак для іх гэта вялікі і выдатны вопыт. Такія рэкалекцыі пакідаюць адбітак на тым, што адбываецца ў семінарыі. Некалькі такіх супольнасцей ёсць і ў нашай семінарыі. З рухаў я магу згадаць “Аднаўленне Святым Духам”, “Аазу”, “Рух Назарэтанскіх Сем’яў”, “Карытас”, музычны гурт, “Місіянерскае кола”, “Кола Пакліканых”. Апрача гэтага, у нашай семінарыі ёсць філіял КТМу і малітоўная група, што моліцца за асоб, якія маюць залежнасць. Нядаўна па ініцыятыве клерыкаў было ўтворана Ружанцовае брацтва, у якім браты штовечар перад Нешпарамі моляцца на ружанцы за кожны курс. Такім чынам, ёсць шмат такіх груп. Там семінарысты вучацца адчуваць яднанне.

    – Як клерыку Вышэйшай духоўнай семінарыі належыць перажыць Вялікі пост? Якія абрады пакаяння ці пакуты лепш за ўсё прымяніць у гэты час?
    Я не хацеў бы даваць якісьці рэцэпт. Мне здаецца, што немагчыма даць клерыку нейкі гатовы рэцэпт як найлепш перажыць гэты перыяд. Кожны сам, у сваім сумленні, павінен знайсці дарогу, якая вядзе да яднання з Богам. Безумоўна, важна прымаць нейкі аскетызм. Трэба працаваць над сабой, вучыцца самаахвярнасці. Сваіх семінарыстаў, калі яны вырашаць, які абрад пакаяння выкарыстаюць і прыходзяць для духоўнага кіраўніцтва, я прашу, каб яны паведамілі пра гэтае рашэнне свайму кіраўніку. Гэта ўсё для таго, каб такое рашэнне было звязана з блаславеннем. Часам, калі я бачу, што хтосьці мае высокія амбіцыі ці не вельмі добры намер, я стрымліваю яго ад прыняцця гэтага рашэння, каб яно не стала пажывай для гонару. Заўсёды ж можна пажадаць клерыкам, каб яны ўслухоўваліся ў Божае слова.

    – Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.