ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Касцёл святых Пятра і Паўла ў Гожы

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
За доўгія пяць стагоддзяў у Гожы паўсталі тры каталіцкія святыні. Першы касцёл у Гожы пад вызваннем св. Апостала Пятра быў заснаваны з фундацыі караля Казіміра Ягелончыка (г.зн. да 1492 г.). Кароль Казімір выдаў прывілей, згодна з якім ахвяраваў на ўтрыманне парафіі 2 возеры і 2 млыны. У 1494 г. прывілей пацвердзіў вялікі князь ВКЛ Аляксандр. Падчас шведскага “патопу” 1654 – 1667 гг. мястэчка было цалкам спалена разам з касцёлам. Паселішча адбудавалі ўжо на новым месцы – на поўнач ад былога, далей па цячэнні Нёмана, на правым беразе Гажанкі. Аб гэтым існуе цікавае паданне. У 1655 г. шведскія войскі цалкам спалілі мястэчка разам з касцёлам. Вернікі, ратуючы цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшэння, схавалі яго ў лесе. Пасля Панна Марыя, з'явіўшыся вернікам, пажадала, каб новы касцёл пабудавалі менавіта ў тым месцы, дзе быў схаваны абраз, туды ж перамясцілася і само мястэчка. Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1662г. і асвечаны пад падвойным тытулам святых Пятра і Казіміра (па іншых дадзеных, касцёл у Гожы да пач. ХХ ст. меў тытул святых Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння, абраз якой быў змешчаны ў галоўным алтары). Ужо ў 1662 г. абраз Маці Божай Суцяшэння быў адзначаны шматлікімі вотамі, у 1879 г. гожскі кс. Браніслаў Струміла справіў залачоныя рамы. У 1913 г. на тых месцах, дзе раней стаялі драўляныя касцёлы, былі ўсталяваны помнікі.
У канцы XVIII ст. вялізная гожская рыма-каталіцкая парафія была падзелена на тры: уласна Гожа (правы бераг Нёмана), Гожка-Селіванаўцы (занёманская частка) і Тэалін-Сапоцкін.
    Будаўніцтва сённяшняга мураванага касцёла ў Гожы побач з месцам апошняга драўлянага касцёла пачалося ў 1862 г. намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Паўла Транчынскага. 30 красавіка 1862г. быў асвечаны краевугольны камень. Тэхнічным кіраўніком будаўніцтва стаў гродзенскі архітэктар Якуб Фардон, бацька будучага кандыдата на алтар – а. Мельхіёра Фардона OFM Conv. Першае набажэнства ў новапабудаваным “працаю і ахвярамі парафіянаў” касцёле адбылося 30 лістапада 1869 г. (па некаторых дадзеных, будаўніцтва скончылася ў 1865 г.), калі касцёл быў асвечаны гродзенскім дэканам кс. Аляксандрам Гінтаўтам пад вызваннем святых Апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння.
    26 кастрычніка 1847 г. тагачасны пробашч кс. Станіслаў Гірульскі заснаваў пры гожскім касцёле брацтва Найсвяцейшай Маці Суцяшэння, св. Аўгусціна і св. Монікі. У 1853 г. тут, як дзейны, згадваецца шпіталь. У 1866 г. у гожскую святыню былі перанесены абразы (а таксама метрычныя кнігі 1740 – 1866 гг.) з зачыненага касцёла ў Прывалцы. З 1909 г. намаганнямі кс. Канстанціна Цежыка ўрачыстасць Маці Божай Суцяшэння стала парафіяльным святам (святкавалася ў першую нядзелю пасля св. Аўгусціна). У XIX ст. да парафіі належалі касцёлы ў Пераломе і Друскеніках (з 1920-х гг. – самастойная парафія, цяпер Літва), да скасавання – таксама філіяла ў Прывалцы. У 1927 г. касцёл кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
    Касцёл уяўляе сабою дзвюхвежавую святыню ў неагатычным стылі, прамавугольную і безапсідную ў плане, фасады якой выкладзены з буту і атынкаванай цэглы. У трох’ярусных вежах да 1944 г. былі змешчаны 5 званоў: чатыры у адной і адзін, вялікі, з выяваю Маці Божай Гожскай і вагою ў 31 пуд, ахвяраваны ў 1907 г. Сэрафінам Галубінскім - у другой. У 1885 г. касцёл і бутавая агароджа касцёльнай тэрыторыі былі накрыты дахоўкай (цяпер на касцёле бляшаны дах). Падлога ў касцёле была драўлянай, толькі ў прэзбітэрыі – з цэменту. Інтэр’ер касцёла падзелены на тры навы шасцю квадратнымі слупамі. Унутры - тры алтары, выкананыя ў тэхніцы ілюзорнага неабарочнага жывапісу, і 4 алтарныя драўляныя кампазіцыі.
    Да пажару 1944 г. у касцёле было пяць двух’ярусных алтароў. Абраз МБ Суцяшэння ў галоўным барочным алтары засланяўся абразом святых Пятра і Паўла (да 1907 г. - абразом св. Дамініка), вакол першага яруса алтара былі фігуры святых Аўгусціна і Язафата, у другім ярусе быў змешчаны абраз Перамянення Пана (да 1907 г. – разьбяное Укрыжаванне).
    У левым бакавым алтары над абразом св. Антонія Падуанскага (да 1907 г. тут быў абраз святых Пятра і Паўла) знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцовай, вакол першага яруса былі змешчаны фігуры святых Евангелістаў Яна і Лукі, другога – 5 разьбяных анёлаў. У правым бакавым алтары над абразом МБ Лурдскай (да 1907 г. – абраз св. Антонія), які засланяўся абразом св. Казіміра, быў абраз св. Аўгусціна (да 1907 г. – абраз св. Марыі Магдалены), на першым ярусе былі змешчаны фігуры святых Евангелістаў Марка і Мацвея, на другім – таксама 5 разьбяных анёлаў.
    Яшчэ два алтары былі ўсталяваны ў 1883 г. пры сярэдніх апорах і перабудаваны ў 1907 г. У левым алтары над абразом Маці Божай Шкаплернай знаходзіўся абраз св. Тэрэзы (да 1907 г. – над Укрыжаваннем абраз МБ Шкаплернай), на першым ярусе былі фігуры святых Апосталаў Андрэя і Якуба, на другім – 7 разьбяных анёлкаў. У правым алтары над абразом Бічавання Пана быў змешчаны абраз св. Марыі Магдалены (да 1907 г. – абраз св. Тэрэзы), на першым ярусе былі фігуры святых Апосталаў Фамы і Сымона, на другім – 4 разьбяныя анёлкі. У 1944 г., пры адыходзе нямецкіх акупацыйных войскаў, гожскі касцёл быў спалены. Аднак дзякуючы настаяцелю кс. Баляславу Гаўрыхоўскаму (+1996) і капуцынам з Пералома, ён быў адбудаваны ўжо ў пасляваенны час (рэдкі выпадак пры савецкай уладзе). У 1950 г. сюды з зачыненага Пабрыгіцкага касцёла былі перавезены лаўкі, зробленыя ў 1646 г. майстрам Георгам Зэхлем. У 1970-я гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры з рысамі неаготыкі.
    Сёння абраз Маці Божай Суцяшэння ў галоўным алтары засланяецца тытульным абразом святых Апосталаў Пятра і Паўла. Бакавыя алтары – двух’ярусныя, у левым змешчаны абраз св. Казіміра (у нішы пад абразом усталявана фігура Маці Божай), а над ім – абраз Маці Божай Ружанцовай, у правым алтары – абраз св. Антонія з абразом Перамянення Пана наверсе. Алтарная кампазіцыя пры правай апоры, бліжэйшай да алтара, прысвечана Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (пры левай – амбона). У кампазіцыях пры сярэдніх апорах змешчаны абразы: Бічавання Пана Езуса (злева) і Маці Божай Пераломскай (са знішчанага касцёла ў Пераломе). На хорах ёсць арганы на 12 галасоў. На сцяне святыні знаходзіцца мемарыяльная дошка з імёнамі парафіянаў, загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны.
    Да гожскай парафіі святых Пятра і Паўла належыць касцёл у Пераломе. Шмат дзе ў гожскай парафіі, напрыклад, у вёсках Гумбачы і Цыдавічы, захаваліся прыдарожныя гранітныя помнікі з крыжамі і надпісам па-польску «Ад голаду, хваробы, агню і вайны барані нас, Божа», якія ставіліся на пачатку ХХ ст. Сучасны помнік вернікі ўсталявалі ў 1989 г. і ў самой Гожы, пры выездзе на Прывалку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.