ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Ці існуе духоўнае прытворства?

Слова рэдактара

Нумар 5 (321), 6 сакавіка 2011 Многія “мудрыя” людзі ўвесь час падкрэсліваюць, што ў сённяшнім свеце нельга пражыць без прытворства, таму што цяжка стварыць такія грамадска-культурныя рэаліі, у якіх бы яго не было. Ці гэтаксама ў рэлігійным жыцці? На жаль, часам так. Рэлігійнае жыццё многіх з нас моцна прасякнута прытворствам. Часам такую прытворную пабожнасць ці канцэпцыю жыцця можна заўважыць адразу. А можа, гэтае прытворства з’яўляецца для нас добрай манетай, якая дазваляе нам функцыянаваць духоўна? Ці сапраўды мы павінны ў касцёле ці дома прытварацца, што з’яўляемся пабожнымі або – наадварот – што мы атэісты, грэшнікі, якіх Бог не слухае? Каб выклікаць пажаданае ўражанне, мы гатовы зрабіць даслоўна ўсё: рабіць кампліменты і гадзінамі кленчыць альбо не хадзіць у кожную нядзелю ў касцёл, шукаць адгаворкі ад штомесячнай споведзі і г.д. Трывожным з’яўляецца таксама тое, што мы не заўжды імкнёмся да таго, каб акружэнне думала пра нас найлепшым чынам. Часам мы хочам здавацца горшымі, чым ёсць. Рэха першароднага граху засела ў нашым сэрцы настолькі моцна, што гэта пачынае нам падыходзіць. Мы робім так, таму што нам не хочацца ўваходзіць у кантакт з Богам або мы баімся ажыццявіць большыя змены ў сваім жыцці, бо гэта патрабуе нягодаў, пэўнай ахвяры або вучобы. Напрыклад, жонка папракае свайго мужа, што ён не ходзіць у касцёл, а той апраўдваецца, што ў касцёле найбольш жанчын і ён - не для мужчын.
Давайце не будзем прытварацца горшымі. Божае падабенства, якое ёсць у кожным з нас, трэба абнавіць, памятаючы пра тое, што Бог з’яўляецца нашым любячым Айцом. Бывае так, што, выконваючы Божыя і касцёльныя запаведзі, наказы і забароны духоўных, мы вучымся хаваць свае эмоцыі, імкненні і рысы, якія не адпавядаюць спадзяванням іншых. Чалавек баіцца прызнацца ў граху, бо, напрыклад, ніхто яго ў сям’і не зразумее або ксёндз будзе дакараць… Аднак трэба проста паслухаць голас сумлення,: яно з’яўляецца для нас такім вокам, якое дазваляе заўважыць тое, што робіцца вакол нас. Давайце паспрабуем шырока расплюшчыць вочы на Божую мудрасць, а адначасова адчыніць дзверы нашага сэрца на сталую рэлігійнасць. Калі хтосьці лічыць, што адным толькі прытворствам выклікае як найлепшае ўражанне ў Бога ці іншых, то памыляецца.
    Калі ў грамадстве існуе пэўны ўзровень маны для ў меру правільнага і бесканфліктнага функцыянавання гэтага грамадства, то ў духоўным жыцці няма месца крывадушнасці і прытворству. У святле Божай праўды будзе выкрыта кожная форма фарысейства. Раскрыюцца ўчынкі ўяўна добрыя, аднак зробленыя не з любові, але напаказ, для здабыцця людской пахвалы ці па іншай прычыне. Езусовы адказ фарысеям і сёння нясецца ва ўсе краі: “Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога – агіда” (Лк 16, 15).
    Хто мы? Фарысеі ці апосталы? Давайце адкажам сабе на гэтае пытанне як мага хутчэй, не губляючы каштоўнага часу. Давайце не будзем прытварацца кімсьці, кім не з’яўляемся. Бог прагне ад нас шчырага позірку на Яго. Ён чакае не адамавага хавання пад маскай сучаснага свету, але чыстага позірку на Творцу. Вялікі пост, які мы пачнём неўзабаве, няхай дапаможа нам быць шчырымі і сапраўднымі ў адносінах да іншага чалавека і Бога, а таксама знайсці сапраўднае месца пры Ім.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.