ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Значнасць духоўнага росту

На шляху да святасці

Кажуць, што вера прыходзіць да чалавека з гадамі. Таму не трэба яго прымушаць да малітвы, наведвання касцёла...… Але святары прытрымліваюцца другога погляду. Ёсць такое паняцце, як рэлігійнае выхаванне. Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, асновы рэлігійнага выхавання патрэбна закладваць у дзяцінстве, калі з дзіцяці яшчэ магчыма нешта “вылепіць”.
    Да таго ж, так прыемна бачыць, як бабуля вучыць трохгадовае дзіцятка рабіць знак крыжа або тата трымае на руках у касцёле сыночка. Ён яшчэ маленькі, але з цікавасцю глядзіць па баках і ўжо пачынае адчуваць духоўную атмасферу...
    У Бібліі ж падкрэслена: “Будзьце, як дзеці”. Гэта гаворыць аб тым, што менавіта ў маленстве сэрца дзіцяці найбольш чыстае, шчырае, адкрытае. Здзіўленне выклікае тое, што яно здольна пачуццёва адрозніваць дабро ад зла, гатова ўспрымаць свет.
    Таму зразумела, што пачынаць выхоўваць дзяцей па-каталіцку патрэбна як мага раней. Сэрца, якое знаходзіцца ў ласцы Божай, сузірае свет даверлівымі і поўнымі адданасці вачыма і ніколі не адмовіцца ад сваёй веры, што б там ні было... Людзі, выхаваныя па-каталіцку з маленства, больш устойлівыя да цяжкасцей жыцця, здольныя захоўваць і берагчы сваю веру.
І дарослы чалавек, які ў маленстве атрымаў рэлігійнае выхаванне, знойдзе адказ на хвалюючыя пытанні. Правільны адказ.
    Дарослыя - як дзеці
    Часта людзі азадачваюцца, чаму ў іх жыцці так многа бедаў і няшчасцяў. Чаму Бог так пакараў іх? Чалавек, які спасцігаў Бога па катэхізісе, ведае, што кожны пры жыцці нясе свой крыж і павінен рабіць гэта мужна, ні на што не наракаючы. Мы павінны выцерпець усё з пакорнасцю, так, як некалі цярпеў Езус.
    Яшчэ людзей цікавіць, чаму існуе несправядлівасць? Чаму хтосьці горшы за мяне, але жыве лепш, чым я? Чаму так? На гэтыя пытанні - той жа адказ: крыжовы шлях чалавека... Ды і не нам судзіць, хто лепшы. А чаму Бог не дапамагае мне, калі я прашу Яго аб нечым у малітве? Таму што Бог лепш ведае, як патрэбна зрабіць.
    Вернік знойдзе адказ на кожнае пытанне, якое задае сабе чалавек. І не пахіснецца ў сваёй веры, як гэта зробяць людзі ў роспачы.
    Роспач параджае сумненні
    Такі сённяшні чалавек. Ён не будзе шукаць выйсця з цяжкай сітуацыі - ён будзе шукаць вінаватага. Так прасцей за ўсё.
    Так і робяць некаторыя католікі, якія апынуліся ў назразумелым становішчы. Пасля чаго ўзнікаюць сумненні ў веры, якія чалавек спачатку гоніць з думак і не гаворыць услых. Затым пачынае разважаць. І менавіта роспач прымушае яго задумацца аб тым, ці Бог сапраўды ёсць.
    Сумна, калі чалавек пачынае пераконвацца ў тым, што Бога няма. Гэты чалавек ужо страціў веру. Яго фундамент падарваны. Але і тут Бог паклапаціўся аб нас. У кожнага ёсць хросныя бацькі, сведкі Канфірмацыі, якія абавязаліся падтрымліваць нас у цяжкі час, у духоўным крызісе. Дзе яны?
    Трэба помніць, што той, хто шукае адказу на пытанне “Ці Бога няма?” знойдзе адмоўны адказ. А той, хто ставіць пытанне “Ці Бог ёсць?” - станоўчы.
    А час ідзе…
    Магчыма, хтосьці знойдзе Бога і ў сталым узросце. Але частка жыцця ўжо за плячыма. Навошта губляць час? Трэба толькі мець вялікае жаданне спасцігнуць Бога, і Ён абавязкова пачуе цябе і возьме за руку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.