ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Я прашу Вас аб малітве

З жыцця Касцёла

Пытанні да Ксяндза-Біскупа
Я вельмі ўдзячны ксяндзу-рэдактару і ўсёй рэдакцыі за з'яўленне і рэалізацыю новага праекта ў нашай дыяцэзіяльнай газеце “Слова Жыцця”. Я дзякую таксама Вам, дарагія чытачы і дыяцэзіяне, за ўсе пытанні, якія накіроўвалі ў мой адрас. Выконваючы сваю пастырскую паслугу, хачу клапаціцца пра ўсіх вернікаў, давераных маёй апецы. Спадзяюся, што кожны з Вас атрымаў належны адказ на старонках нашай газеты. Ад усяго сэрца благаслаўляю кожнага з Вас і памятаю пра Вас у малітве.
Ваша Эксцэленцыя, у чым заключаецца праца біскупскай курыі? У якія гадзіны яна працуе і ў чым курыя дапамагае біскупу?
    Найстарэйшай і найважнейшай адзінкай Касцёла з’яўляецца біскупства (дыяцэзія), якое кіруецца біскупам. Курыя - гэта біскупская ўстанова для кіраўніцтва дыяцэзіяй. Па-лацінску курыя азначае двор. У дыяцэзіі курыя з’яўляецца касцёльнай службай, якая падтрымлівае біскупа. Найлепш сцісла расказвае пра дзейнасць курыі 469 канон: “Дыяцэзіяльная курыя складаецца з тых устаноў і асоб, якія дапамагаюць біскупу кіраваць усёй дыяцэзіяй, асабліва кіраваць пастырскай дзейнасцю, у адміністраванні дыцэзіяй і ў выкананні судовай ўлады”. Наша курыя ў Гродне працуе з панядзелка да пятніцы з 9.30 да 13.00 гадзінаў.

   Гэты год з’яўляецца асаблівым для нашай дыяцэзі - 20-гадавіна яе стварэння. Якія ўрачыстасці прадбачаны з нагоды 20-годдзя і як будуць выглядаць яго святкаванні?

    Казімір, Ліда
    У некалькіх пунктах я раскажу пра ўрачыстасці 20-годдзя дыяцэзіі:
    1. Абвяшчэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі года – 20-годдзя існавання пад дэвізам “Езу, давяраю Табе”. Ва ўсеагульным Касцёле праходзіць год св. Якуба, а ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі гэты год праходзіць пад дэвізам “Божая Міласэрнасць – адзінай надзеяй свету”.
    2. 13 красавіка 2011 г. ва ўсіх парафіяльных і рэктаральных касцёлах нашай дыяцэзіі пачнецца святкаванне. Аднак ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 21 красавіка 2011 г., у Вялікі чацвер, падчас св. Імшы асвячэння хрызмы і благаслаўлення алею а 10.00 у гродзенскай катэдры. 10 красавіка 2011 г. у касцёлах дыяцэзіі будзе прачытаны пастырскі ліст з нагоды святкавання 20-годдзя дыяцэзіі. Заканчэнне года адбудзецца ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, 15 красавіка 2012 г.
    3. Вырашана, што з гэтай нагоды выйдуць ў свет інфармацыйная кніга пра 20-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі, памятны альбом і плакаты.
    4. 14 – 15 кастрычніка адбудзецца тэалагічна-гістарычны сімпозіум “20 год Гродзенскай дыяцэзіі”.
    5. Таксама пройдуць пілігрынацыя абраза Міласэрнага Езуса і місіі ў парафіях нашай дыяцэзіі.
   У праграме святкаванняў яшчэ магчымы змены і дапаўненні.

    Ксёндз-біскуп з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі. Якія ёсць абавязкі ў старшыні?

    Пётр, Мінск
    Трэба перш за ўсё растлумачыць, што старшыня епіскапату не кіруе Касцёлам. Не з’яўляецца яго галавой, кіраўніком ці начальнікам іншых біскупаў. Кожны дыяцэзіяльны біскуп мае паўнату ўлады на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі. Гэта паўната ўлады паходзіць ад Папы, і толькі Святы Айцец з’яўляецца начальнікам дыяцэзіяльнага біскупа. Аднак, безумоўна, варта, каб усе біскупы з дадзенага краю сустракаліся разам праз якісьці час дзеля абмену вопытам і каардынацыі душпастырскай працы. Такая агульная сустрэча называецца пленарным сходам Канферэнцыі Епіскапату. Перш за ўсё канферэнцыя клапоціцца пра культываванне сярод біскупаў братняй любові і адзінства дзейнасці, дапамагае паасобным біскупам у іх душпастырскай місіі, утрымлівае пастаянную лучнасць з Апостальскай Сталіцай, вывучае душпастырскія праблемы для пошуку самых адпаведных метадаў евангелізацыі ва ўмовах працы Касцёла ў Беларусі, турбуецца пра рэлігійнае і маральнае жыццё католікаў ў краіне і па-за межамі Беларусі, стараецца правільна вырашыць грамадскія праблемы, якія злучаюцца з місіяй Касцёла, з захаваннем і развіццём хрысціянскай культуры. У канферэнцыі ёсць таксама свае камісіі, рады і групы, пастаянныя ці неадкладныя, якія займаюцца ўсебаковымі тэматычнымі сферамі.

Будынак біскупскай  курыі   Ксёндз-біскуп праводзіць біскупскія візітацыі ў парафіях дыяцэзіі. Якая іх мэта і для каго яны патрэбны?
   Пётр, Шчучын
   Перш за ўсё візітацыя – гэта рух. У парафію прыязджае біскуп. Абвяшчае Божае слова, сустракаецца з вернікамі, знаёміцца з сітуацыяй у парафіі, са станам святыні і ўсёй парафіяльнай маёмасці. Ужо замацаваная практыка пастырскай візітацыі можа ахопліваць наступныя літургічныя і паралітургічныя дзеянні біскупа, а менавіта: выслухаць справаздачу пробашча пра стан парафіяльнай супольнасці. Пробашч павінен указаць на актуальны стан парафіі, стан веры і маральнасці, поспехі і недамаганні супольнасці, цэлебрацыя св. Імшы і абвяшчэнне Божага слова. Эўхарыстычная цэлебрацыя можа быць спалучана з урачыстым удзяленнем сакрамэнта Канфірмацыі, спецыяльнай гаміліяй для моладзі ці таксама сустрэчай з моладдзю парафіі, сустрэча з катэхізаванымі ў парафіі: дашкольнікамі і школьнікамі, ³ індывідуальныя сустрэчы біскупа з пробашчам, вікарыямі ці таксама з духоўнымі і кансэкраванымі асобамі, якія працуюць у парафіі, сустрэчы з радамі парафіі, парафіяльнымі групамі і таварыствамі, групамі парафіян (напр. з настаўнікамі і г.д.) ці таксама з душпастырскімі супольнасцямі, наведванне хворых у дамах, бальніцы ці ажыццяўленне ў якасці галоўнага цэлебранта св. Імшы з урачыстай цэлебрацыяй сакрамэнта хворых і сустрэча з членамі парафіяльнай Карытас, сустрэча біскупа (індывідуальна) са свецкімі вернікамі, якія хочуць асабістага кантакту з пастырам дыяцэзіі.

    Як выглядае звыклы дзень ксяндза-біскупа?
    Павел, Смаргонь
    Мой звыклы дзень выглядае наступным чынам: а 7.00 гадзіне ў сваёй капліцы я цэлебрую св. Імшу і адгаворваю ранішнія малітвы. Пасля снедання да полудня працую ў біскупскай курыі. Пасля абеду ў мяне ёсць крыху часу для адпачынку, потым выконваю працу біскупа. Апрача гэтага чытаю кнігі, вывучаю дакументы Касцёла. Пасля вячэры адпраўляюся ў капліцу для вячэрняй малітвы.

    Ці прыедзе ў Беларусь (у Гродна) папа Бэнэдыкт XVI?
    Галіна, Гродна
    Кожны з нас хоча, каб Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў Беларусь. Мы молімся штодзённа за гэта і напэўна гэта з’яўляецца адным з нашых найбольшых жаданняў. Падчас апошняга візіту ad limina біскупаў Беларусі, мы запрасілі Святога Айца ў Беларусь. Я заахвочваю Вас да малітвы і няхай у вашым сэрцы хопіць надзеі.
Біскупская капліца    Ці ў нашай дыяцэзіі запланаваны каранацыі абразоў? Ці плануюцца каранацыі абразоў у Барунах і Навагрудку?
    Каранацыі абразоў ці фігур Божай Маці з’яўляюцца аднымі са шматлікіх праяўленняў ўшанавання Найсвяцейшай Маці і Дзіцяткі Езуса. Яны “выраслі” з глыбокай веры і пабожнасці людзей, якія хочуць такім спосабам адлюстраваць праўду, што Марыя, будучы злучана са сваім Сынам у справе адкуплення, удзельнічае ў Яго славе. У апошнія гады у нас прайшлі прыгожыя ўрачыстасці каранацыі абразоў ў Гродне (катэдра), Гудагаі і Тракелях. Сучасныя правілы, якія адносяцца да каранацыі выяваў Найсвяцейшай Маці, падкрэсліваюць, што каранаванымі могуць быць толькі абразы, якія адзначаюцца старажытнасцю і цудатворным характарам, г.зн. абразы, да якіх вернікі звяртаюцца з такой вялікай верай у дапамогу Божай Маці, якіх акружае іх слава, а месцы, дзе яны ўшаноўваюцца, сталі цэнтрам сапраўднага літургічнага культу, школай сапраўднай пабожнасці і хрысціянскай шчырасці.
Напэўна нічога не перашкаджае, каб адбыліся наступныя каранацыі, але перш за ўсё я прашу Вас аб духоўнай падрыхтоўцы да гэтага.

    Ці плануецца будаўніцтва новых касцёлаў? Асабліва не хапае іх у вялікіх гарадах. Калі так, то дзе?
    Валерый, Ваўкавыск
    На самай справе, сёння ў нашай дыяцэзіі не хапае святыняў, але давайце будзем памятаць, што ўвесь час таксама не хапае ксяндзоў. Трэба маліцца за новыя святыні ў нашай дыяцэзіі. Памятайце, што будаўніцтва касцёла – гэта не толькі праца і рашэнне біскупа ці ксяндза, ва ўсім гэтым павінен быць бачны ўдзел вернікаў. Вельмі важны ваш удзел. Напэўна ў кожным вялікім горадзе нашай дыяцэзіі ёсць замала святыняў і трэба яшчэ будаваць новыя. У будучым запланавана будаўніцтва касцёлаў ў Гродне і Лідзе, Шчучыне і Ваўкавыску, Ашмянах і Смаргоні. Заахвочваю Вас да малітвы і дапамогі ў гэтай справе. Калісьці ў магазінчыку па вул. К. Маркса размяшчалася бібліятэка, куды мы з ахвотай наведваліся. Цяпер яе там няма. Дзе можна ўзяць каталіцкія кнігі? Ядвіга, Гродна
Мяне вельмі радуе факт, што ўсё больш людзей хоча чытаць каталіцкія кнігі і дбае пра сваё духоўнае развіццё. Я заахвочваю ўсіх часцей чытаць каталіцкую літаратуру, а асабліва Святое Пісанне. У нас ёсць цудоўная семінарыйная бібліятэка, якая размяшчаецца ў будынку нашай семінарыі па вул. Парыжскай Камуны, 1. Кожны жадаючы можа запісацца ў бібліятэку і браць кнігі.

    Ці ў Беларусі плануецца ўвесці паслугу пастаяннага дыяканату ў якасці дапамогі для ксяндзоў? Калі так, то калі?
    Антоній, Гродна
    Хрыстус устанавіў у Касцёле розныя паслугі дзеля дабра ўсяго Цела. Гэта менавіта ў сакрамэнце пасвячэнняў пасланне, даверанае Хрыстом апосталам, і далей выконваецца ў Касцёле. Таму гэта ёсць сакрамэнт апостальскай паслугі. Ён ахоплівае тры ступені: епіскапат, прэзбітэрат і дыяканат. Па гэтай прычыне дыякан з’яўляецца асобай, якая ўзмоцненая ласкай сакрамэнта, выконвае паслугу, давераную Хрыстом апосталам, а цераз апосталаў выбраным “мужам з добрым імем і поўных Духа і мудрасці” (Дз 6, 3).
На Другім Ватыканскім Саборы саборныя айцы загадалі напісаць у дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле “Lumen Gentium”, каб захаваць дыяканат як правільную і трывалую іерархічную ступень. Паслуга пастаяннага дыяканату з’яўляецца ў Беларусі навізной. Да гэтага трэба шмат падрыхтовак і, безумоўна, рашэння Канферэнцыі Епіскапату.

    Чаму ў святынях нашай дыяцэзіі ажыццяўляецца вельмі мала малітваў на беларускай мове?
    Парафіянка з Навагрудка
    Перш за ўсё кожны з нас добра ведае спецыфічную і выключную гісторыю нашай краіны, а асабліва – нашай Гродзенскай дыяцэзіі. Трэба аднесціся да гісторыі з пашанай і памятаць аб ёй. У святынях нашай дыяцэзіі, а асабліва ў вялікіх гарадах, ажыццяўляюцца св. Імшы і іншыя малітвы на беларускай мове. Кожны жадаючы можа прыняць у іх удзел.

Семінарыйная бібліятэка   Мы не ведаем польскай мовы, а хочам маліцца і разумець словы малітвы. Мы паходзім з вялікіх гарадоў. Што трэба зрабіць, каб у нашых парафіяльных святынях хоць бы адна св. Імша была цэлебравана на беларускай мове?
    Зычлівая парафіянка
    Калі на самай справе ёсць такая неабходнасць, то вельмі прашу звярнуцца да вашага ксяндза-пробашча, які найлепш ведае сітуацыю ў сваёй парафіі. Безумоўна, ён зверне ўвагу на патрэбы вернікаў, іх духоўнае развіццё і прыме правільнае рашэнне. Кожны святар добра ведае, што перш за ўсё ён павінен кіравацца дабром людскіх душаў. Таму, калі гэта ёсць для дабра людзей, то напэўна людская мудрасць і прадбачлівасць будуць у гэтым дапамогай.

   Ці ксёндз-пробашч можа быць старшынёй касцёльнага камітэта?

    Зычлівая парафіянка
    Так, ксёндз-пробашч можа быць старшынёй.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.