ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Вось я… Пашлі мяне, Пане

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж16 лістапада б.г. ва ўрачыстасць Вастрабрамскай Божай Маці, галоўнай заступніцы нашай дыяцэзіі, у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне два дыяканы Павел Барысевіч і Алег Канановіч атрымалі святарскія пасвячэнні. Пастыр дыяцэзіі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч ажыццявіў іх. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел бацькі і сваякі новых святароў, ксяндзы пробашчы і вернікі з родных парафій, святары і сёстры з манаскіх ордэнаў, а таксама вернікі з г. Гродна.
Я бачыў слёзы ў вачах маці кс. Алега – слёзы радасці і смутку. Я не магу апісаць усе эмоцыі, што напоўнілі сэрцы сабраных у святыні: бацькоў, дзядуляў і бабуляў, сваякоў, знаёмых, настаўнікаў і душпастыраў новых святароў. Я адчуваў радасць, што асяроддзе святароў павялічылася яшчэ на двух працаўнікоў на Божай ніве. Радасць выпраменьвалася з твараў ксяндзоў, калі яны паціскалі рукі кс. Паўла і кс. Алега. Яны таксама цешыліся новымі братамі ў Хрысце.
Чым для нас, свецкіх асоб, з’яўляецца служба святара? Мы зможам толькі акрэсліць сферу абавязкаў ксяндза, а таксама нашыя спадзяванні: рэлігійная паслуга вернікам, спалучаная з асабістай малітвай, цэлебрацыя св. Імшы, удзялення святых сакрамэнтаў (шлюбаў, хростаў і г.д.), абвяшчэнне казанняў, дзяжурствы ў канфесіянале, адгаворванне Брэвіярыя (літургічнай малітвы Касцёла). Апрача гэтага ксяндзы абавязаны дзяжурыць ў парафіяльнай канцылярыі, слухаць рэкалекцыйныя споведзі і праводзіць тыя ж рэкалекцыі, арганізоўваць спатканні ў малітоўных групах.
   Святар з’яўляецца адначасова настаўнікам (напр. катэхетычная праца, абвяшчэнне казанняў, рэкалекцыі), лекарам душаў (споведзь, душпастырскія размовы), часам таксама апякуецца хворымі, суддзёй (дапамога ў зразуменні, што ёсць дабро, а што зло, вызначэнне пакуты), псіхолагам (парада і апека над супольнасцю), ахоўнікам парадку ў парафіі. Ёсць ксяндзы, якія ажыццяўляюць спецыяльныя функцыі, як напр. капеланы ў бальніцах, турмах, воінскіх падраздзяленнях, у дамах сёстраў з манаскіх ордэнаў, ці ксяндзы прэфекты з асаблівымі педагагічнымі здольнасцямі.
    Святары павінны быць здольнымі, таленавітымі, адкрытымі на новае, умець адказваць на праблемы сучаснага свету. Толькі такія ксяндзы змогуць зразумець людзей, асабліва моладзь, якая звыкла не любіць т. зв. “устарэлых поглядаў”.
    Ксёндз павінен умець слухаць праблемы, з якімі прыйдуць да яго людзі, даць мудрыя парады. Толькі тады ён здабудзе павагу і давер, а парафіяне будуць прымаць навучанні Хрыста, што пераказваюцца ў казаннях. Для святара з’яўляецца вялікай радасцю тое, калі ён убачыць плён сваёй працы!
    Крыху інакш выглядае прызванне да манаскага жыцця. Маладая асоба вырашае цалкам прысвяціць сябе службе Богу і ўступае ў закрытую супольнасць. Члены ордэну складаюць публічныя вечныя ці часовыя шлюбы (чысціні, паслухмянасці і ўбоства). Агульнай мэтай кожнага ордэну з’яўляецца дасягненне евангелічнай дасканаласці. Кожны ордэн мае сваю асаблівую харызму. Напрыклад, манахі Ордэну Братоў Меншых дапамагаюць убогім, праводзяць місіі і навуковую дзейнасць, абвяшчаюць Божае слова, кіруюць парафіяй і санктуарыем. Аднак малітва мае знешняе першынство перад дзейнасцю. Гэта супольнасць - кантэмпляцыйна-актыўная. Дамінікане прысвячаюць сябе спецыяльнаму душпастырству: працуюць з моладдзю, інтэлігенцыяй і людзьмі навукі.
    Святары знаходзяцца таксама ў спецыяльнай супольнасці. Напрыклад, мэтай дзейнасці супольнасці ксяндзоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса з’яўляецца місіянерская дзейнасць у Касцёле, якая бярэ свае вытокі з духоўнасці ці малітвы і кантэмпляцыі Езусовага Сэрца. Да яе належаць эўхарыстычная адарацыя як служба Касцёлу, а таксама паслуга для людзей у патрэбе. Супольнасць місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі (OMI) прысвячае сябе перш за ўсё маральнаму аднаўленню людзей цераз абвяшчэнне рэкалекцый і святых місій. Праца місіянера не абмяжоўваецца толькі распаўсюджаннем веры, ахоплівае таксама такія заданні, як навучанне асноўным школьным прадметам, дапамога ў арганізацыі штодзённага жыцця, медыцынскі догляд, напр. пракажоных асоб. Штодзённая св. Імша, урокі рэлігіі для дзяцей і моладзі, прыбліжэнне ім прынцыпаў веры, апека і кансультацыі для вернікаў, для якіх ксёндз часта з’яўляецца найвышэйшым аўтарытэтам.
    Так коратка можна ахарактарызаваць святарства. Ксёндз выступае ў нашым уяўленні як ідэальны ўзор чалавека, які верыць у Бога. Мы можам прывесці мноства прыкладаў святасці ксяндзоў і біскупаў. Адным з іх з’яўляецца святы Францішак Ксавэрый, заступнік нашай гродзенскай катэдры, называны апосталам Індыі, таму што вёў там місіянерскую дзейнасць. У 1541 г. падчас 13-месячнага падарожжа ў Індыю Францішак Ксавэрый ахвярна аддаваўся апостальству і паслузе хворым. Нягледзячы на многія перашкоды і цяжкую хваробу ён даехаў да Гоа, дзе заснаваў семінарыю. Працаваў таксама ў Малакка, на Малуцкіх астравах, на мысе Камарын. У Кочыне і Басэйне заснаваў езуіцкія калегіумы. Як першы місіянер з Еўропы ён ступіў на японскую зямлю. У 1549 – 1551 гг. пачаў яе евангелізацыю. Ад уладара вострава Ямагухі атрымаў поўную свабоду для апастольскай дзейнасці. Святы Францішак з гераічнай самаадданасцю дайшоў таксама да вострава Санцян, недалёка ад Кітая. Там, пасля цяжкай хваробы, памёр ноччу з 2 на 3 снежня 1552 г. Яго цела засталося некранутым гніеннем на працягу некалькіх месяцаў, нягледзячы на спёкі і вільгаць, потым перавязлі яго ў касцёл езуітаў у Гоа. 26 кастрычніка 1619 г. папа Павел V ажыццявіў беатыфікацыю Францішка Ксавэрыя , а кананізацыю – Грыгорый XV 12 сакавіка 1622 г. У 1927 г. Пій XI абвясціў св. Францішка галоўным заступнікам каталіцкіх місій. Нашая дыяцэзія ведае прыклады святых ксяндзоў – св. а. Максімільяна Марыю Кольбэ, бл. кс. Міхала Сапоцьку, бл. кс. Генрыха Глябовіча і іншых.
    На заканчэнне св. Імшы кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў у пастырскім слове, што “святар павінен быць адважны”. Гэтае заахвочванне, указанне напрамку працы над сабой з’яўляецца вельмі актуальным. Сучасны свет патрабуе вялізнай адвагі ад кожнага хрысціяніна. У сённяшні час святарская паслуга нялёгкая. Касцёл забыты і крытыкуецца. Многія людзі бачаць хрысціянскую рэлігію ў непрыязным святле. А нямногія з нас гатовы абараняць сваю веру. Свет патрабуе адважных людзей. У іх ёсць надзея на лепшае будучае Касцёла, членамі якога мы з’яўляемся. Святар, як пастыр супольнасці вернікаў, стаіць у першых радах абароны ідэалаў, запісаных у Святым Пісанні. Ксёндз павінен забыць пра страх у барацьбе са злом, раўнадушшам, пагардай. Езус Хрыстус так навучаў сваіх вучняў: “Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной. Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе” (Мц 16, 24 – 25).
    Езус Хрыстус жадае поўнай самаадданасці службе Богу. На працягу цэлага жыцця кожны чалавек здае экзамен са сваёй святасці. Чалавек, які адважна вытрымае ўсе спакусы свету і будзе стойкі ў веры ў Бога і любові да бліжняга, атрымае ўзнагароду. На яе не могуць разлічваць тыя, якія жывуць толькі для ўласнай выгады. Апошні Суд не з’яўляецца экзаменам у ВНУ ці падатковай інспекцыяй. Мы не зможам сказаць, што не зразумелі, не дачулі, не маглі ці не здолелі. Бог і так усё ведае. Улічваецца штодзённая праца над сабой, служба Богу, дапамога людзям у патрэбе.    Мы хочам, каб душпастыр дапамагаў сваім парафіянам словам і чынам, каб умеў даваць цэнныя ўказанні для вырашэння клопатаў. Адважны святар з’яўляецца фундаментам, на якім ствараецца парафіяльная супольнасць. На ім ляжыць вялікая адказнасць, таму што яго памылкі абцяжарваюць воблік усяго Касцёла. Святар, якія спяшаецца на дапамогу да кожнага ў патрэбе, з’яўляецца найлепшым прыкладам святасці. Дастаткова адзін раз расчараваць чалавека, а згубіцца давер. Таму святарская служба – вельмі складаная і цяжэйшая, чым праца доктара, таму што урач з’яўляецца спецыялістам у дачыненні да цела, а святар лечыць чалавечую душу і павінен праводзіць супольнасць вернікаў да святасці ўласным прыкладам, а да таго ж ён павінен быць гатовы пайсці па волі Хрыста ў кожнае месца і да кожнага чалавека. Прыгожым прыкладам такой паставы з’яўляецца вышэйзгаданы св. Францішак Ксавэрый, які абвяшчаў Божае слова і выконваў святарскую паслугу ў краінах Азіі.
    Ад усяго сэрца я жадаю ўсім умець пераймаць мужных святароў. Іх прыклад жыцця паводле Божых запаведзяў зробіць нашую душу святой. Пачаткам гэтага шляху з’яўляюцца святарскія пасвячэнні і радасць, якая выплывае з сэрцаў вернікаў. Антон Шыдлоўскі

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.