ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Аб цнотах

Задай пытанне

Кс. Антоній ГрэмзаСучасныя людзі любяць слухаць аповеды на сенсацыйныя тэмы, а апошняга хапае па тэлебачэнні і ў друку. Нас палохаюць навіны аб злачынствах. Можна сказаць, што сёння мы прызвычаіліся да зла, што нас акружае. Усё радзей можна пачуць “голас” дабра. На фоне ўсяго гэтага варта ўспомніць пра цноты, без чаго складана ўявіць сабе жыццё кожнага хрысціяніна. Пастаянная гатоўнасць хрысціяніна да дабра, што называюць цнотай, застаецца антыподам прызвычаення да зла. Цнота – гэта няспынная здольнасць рабіць дабро. Бог застаецца заўжды найвышэйшым дабром у кожным выпадку і ў праявах хрысціянскага жыцця. Працягваючы размову пра Яго ўздзеянні на чалавека, трэба сказаць, што Творца апярэджвае людскую істоту і надзяляе яе сваімі духоўнымі дарамі ў сакрамэнце Хросту. Перш чым хрысціянін усвядоміць, што ён верыць у Бога, любіць Яго і бязмежна Яму давярае, Творца сам першы запаўняе жыццё хрысціяніна верай, надзеяй і любоўю. Дзякуючы гэтаму кожны ахрышчаны носіць у сабе схаваныя духоўныя схільнасці будаваць сваё жыццё ў пастаяннай сувязі са сваім Творцам.
Прысутнасць Божай ласкі ў жыцці хрысціяніна не адмаўляе ўсіх натуральных здольнасцяў чалавека рабіць дабро. Бог жа сам надзяліў сваё стварэнне дарамі, што служаць яго самаўдасканаленню і рэалізацыі на зямлі. Тут ідзе размова пра цэлы шэраг унутраных гатоўнасцяў чалавека да маральнага дзеяння, што сведчыць аб ім і аб яго сапраўдных рысах чалавечнасці.Яны з’яўляюцца адлюстраваннем і адрозненнем людской істоты, як дасканалай асобы з ліку ўсіх зямных стварэнняў. Гэтыя здольнасці па прыродзе самога стварэння спалучаюцца з яго розумам і воляй.
    Апошнія назвы (розум і воля), якія самі мы можам удасканаліць уласнымі сіламі, сустракаем у Кнізе Мудрасці: “А калі хто любіць справядлівасць, - пладамі яе (мудрасці) з’яўляюцца цноты: яна вучыць устрыманасці і прадбачлівасці, справядлівасці і мужнасці” (Мдр 8, 7). Яшчэ старажытнагрэчаскі мысліцель Арыстоцель і старажытнарымскі мысліцель Сенека,кіруючыся ўнутранай інтуіцыяй, сцвярджалі, што маральны прагрэс – гэта той, што вядзе чалавека да сапраўднага шчасця. У Новым Запавеце дабрачыннасць (цнота) перастае быць самым шчаслівым ладам жыцця, але становіцца канкрэтным адлюстраваннем чалавечых паводзінаў згодна з новым правам, устаноўленым Хрыстом, што сёння ажыўляецца з дапамогай Святога Духа. Сфера дзейнасці Святога Духа ў нас садзейнічае таму, што дзякуючы супрацоўніцтву з Божай ласкай, мы здабываем “зародак” паводзіць сябе паводле натхненняў Святога Духа: “Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі. Калі жывём духам, дык духам і ходзім” (Гал 5, 24 – 25).
    Святы Тамаш з Аквіну ў сваёй працы “Тэалагічная сума” тлумачыў, што цнота дадзена чалавеку, каб той дасягнуў збавення. Аналагічна святы Аўгустын сцвярджаў, што Бог адарыў чалавека прыроднымі “інструментамі” уласнай святасці, каб здабыць вяршыні хрысціянскай святасці.
    Падсумоўваючы роздум пра цноты, што садзейнічаюць святасці, можна сказаць, як практыка робіць майстра, так клопат пра развіццё цнот робіць з нас людзей, маральна задаволеных уласным жыццём. Не можа быць ніякай адгаворкі, каб не захоўваць гэтыя цноты.З хвіліны пачатку зямнога жыцця чалавек прызваны “асаджваць” свае чалавечыя паводзіны на моцныя “завесы” прыроджаных цнотаў. Рэгуляванне жыцця паводле іх вырашае аб нашай чалавечнасці. Ад гэтага будзе залежаць дасягненне хрысціянінам святасці паводле думкі хрысціянскага містыка Тамаша а Кэмпіса: “Ты настолькі ўдасканалішся, наколькі здолееш сябе перамагчы”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.