ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

У пошуках Бога

З жыцця Касцёла

Чым для вас з’яўляецца Касцёл? Будынкам, рэлігійнай структурай або супольнасцю вернікаў?
Калі пытаешся ў чалавека, што азначае для яго Касцёл, то чуеш у адказ: гэта месца, куды прыходзяць, каб памаліцца, папрасіць у Бога прабачэння, звярнуцца з просьбай. Таксама ў Касцёле можна знайсці супакой для душы, маральную і псіхалагічную падтрымкі. Касцёл - гэта месца для малітвы да Бога, – так адкажуць вам.
    Звернемся да этымалогіі слоў “Касцёл”, “царква”. Яны паходзяць ад тэрмінаў ekklesia (урачыстая супольнасць людзей, выбранных Богам) і kyriake (тая, што належыць Пану). Як бачым, касцёл – гэта людзі, якія належаць Богу, вераць у Яго і праслаўляюць Ягонае імя. Таму, калі мы сёння гаворым аб Касцёле, трэба мець на ўвазе перш за ўсе менавіта такі сэнс гэтага паняцця.
    Жывы Касцёл – гэта вернікі, якія нясуць у сэрцы веру ў Бога, надзею на вечнае жыццё і любоў да людзей. Здаецца, нічога цяжкага для зразумення ў гэтай формуле няма – Вера, Надзея і Любоў. Аднак разуменне гэтых трох духоўных каштоўнасцяўдаецца нам вельмі цяжка. І яшчэ складаней – жыццё паводле іх.
Сучасным людзям не хапае веры ў Бога. Часта нашая вера слабее з гадамі і не вытрымлівае выпрабаванне часам, цяжкасцямі і лёсам. Таму чалавецтву патрэбны людзі з чыстымі сэрцамі, якія горача моляцца за ўвесь свет і выпрошваюць для ўсіх нас прабачэнне ў Бога. Калі прыходзіш ў касцёл, то можаш убачыць людзей, якія адаруюць Найсвяцейшы Сакрамэнт або ціха моляцца перад алтаром. Ёсць вернікі, якія наведваюць святыню штодзённа, клапоцяцца аб тым, каб Бог не заставаўся адзін у сваім доме. Звычайна гэтыя людзі валодаюць вялікім дарам веры. Яны вераць у існаванне Усемагутнага Бога, Створцы сусвету, і схіляюцца перад Ім. Гэтыя людзі вераць адкрыта, з цэлага сэрца. Гэта простыя, шчырыя людзі, адкрытыя для ўсіх, гатовыя дапамагчы у бядзе і няшчасці. Што іх робіць такімі? Вера. Вера мяняе іх жыццё. Ранішняя і вячэрняя малітва, штодзённы ўдзел у Святой Імшы, прыняцце камуніі, споведзь і пакута за грахі, малітва на ружанцы – вось што робіць людзей іншымі. Бог змяняе іх. Яны і ёсць Касцёл.
    Мы – людзі трэцяга тысячагоддзя. Развіццё тэхналогій паступова аддаляе нас адзін ад аднаго. Моладзь знаёміцца ў чатах, блогах або форумах інтэрнэту, размаўляе па тэлефоне, праводзіць час у віртуальным свеце камп’ютарных забаў. Дарослыя таксама знаходзяцца ў палоне тэхналогій: сучасныя аўтамабілі, разлік з дапамогай карт-рахункаў, праектаванне з дапамогай камп’ютара, інтэрнэт-грошы і інш. Сучасныя людзі больш упэўнены у тэхніцы, чым у іншых людзях. Штодзённыя праблемы пакідаюць ўсё менш месца для Бога, для сям’і, для людзей. Людзям лягчэй паразмаўляць па тэлефоне, папрасіць дапамогі праз форум у інтэрнэце, даведацца з інтэрнэту аб эканамічным крызісе і пагрозах для нашай эканомікі, чым звярнуцца напрамую да Бога з просьбай, падзякай, ушанаваць Яго. Чалавек шукае заступнікаў сярод заможных знаёмых, але забывае аб патрэбе звярнуцца да Нябесных Заступнікаў.
    Вось да такіх магутных заступнікаў варта звярнуцца з малітвай, з просьбай аб апецы. Але такое пад сілу толькі таму, хто верыць усім сэрцам, хто прымае навуку Езуса Хрыста ў тэкстах Святога Пісання. Часцей мы абапіраемся на грошы, аўтарытэт, веды, кваліфікацыю, сілу. І вельмі рэдка спадзяёмся на дабрыню, удзячнасць, адкрытасць. Недахоп веры арыентуе нас на матэрыяльны свет. І мы часта не хочам задумацца, куды ідзем, навошта купляем, мітусімся. Але давайце спынімся сярод штодзённай кругаверці хоць на хвіліну і ўспомнім Нагорную пропаведзь Хрыста, дзе Божы Сын называе людзей, якія мілыя Творцу (Лк 6, 20-39). Прачытайце гэты фрагмент Святога Пісання і падумайце, колькі з нас выконвае ўсе гэтыя патрабаванні Божага Сына? Колькі з нас на самай справе належыць да Божага люду. І падумайце, што цяжэй – зарабіць мільёны ці стаць добрым чалавекам...

Хутка Касцёл будзе адзначаць успамін пра святых арханёлаў – Міхала, Габрыэля і Рафала. Святы арханёл Міхал з’яўляецца апекуном каталіцкага касцёла на Беларусі. Вось ён – магутны заступнік для нас. Урачыстасць святога Міхала каталіцкі Касцёл святкуе 29 верасня. Культ арханёла Міхала звязаны з перамогай дабра над злом. Ён з’яўляецца воінам-абаронцам, заступнікам Божага народу ў яго барацьбе за свабоду. Згодна са Святым Пісаннем, арханёл Міхал перамог д’ябла і скінуў яго з неба на зямлю. Лічыцца, што менавіта св. Міхал вартуе вароты раю, што гэта ён кіраваў выхадам яўрэяў з Егіпту, што з дапамогай яго Бог дараваў на Сінаі 10 Божых запаведзяў. У Старым Запавеце арханёл Міхал выступае як ваенны заступнік яўрэйскага народа. У хрысціянстве святому арханёлу Міхалу надаецца іншая якасць. Ён успрымаецца як пераможца злых духаў, якія лічыліся крыніцамі хвароб. У Фрыгіі Святога Міхала ўспрымалі як арханёла-збавіцеля. У многіх мясцінах Малой Азіі існуюць лячэбныя крыніцы, прысвечаныя святому Міхалу. Найбольш вядомая крыніца знаходзіцца ў мястэчку Хератопа, непадалёк ад Калоса. Там з зямлі б’е крыніца, якую стварыў сам арханёл Міхал. Кожны нядужы можа атрымаць вылячэнне ад сваіх хвароб, калі пакупаецца ў гэтай крыніцы і памоліцца да Святой Тройцы і Святога Міхала. У нашай гродзенскай дыяцэзіі культ святога арханёла таксама вельмі моцны: аб гэтым красамоўна сведчыць колькасць святынь, прысвечаных святому арханёлу Міхалу – 10 касцёлаў і адна капліца.
    Святога Міхала шануюць як свайго нябеснага заступніка хворыя, паміраючыя, таксама медыкі і вадзіцелі “хуткай дапамогі”. Ён з’яўляецца апякуном маракоў, ваенных, паліцэйскіх і рыцараў Царквы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.