ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пагроза cімвалаў… (частка 1)

На шляху да святасці

Многія сучасныя хрысціяне акружаюць сябе рознымі антыхрысціянскімі або проста сатанінскімі сімваламі, нават, не ведаючы пра гэта. Шматлікія вернікі не ўсведамляюць, што ідуць прымаць св. Камунію з сімвалам (напрыклад: “царквы сатаны”) на кашулі. Моладзь здзіўляецца, калі ім тлумачыш, што тыя ці іншыя модныя значкі з’яўляюцца сімвалам барацьбы з Хрыстом і Касцёлам, знакам пакланення д’яблу. Разумеючы абмежаванасць ведаў на гэтую тэму і адказваючы на шматлікія просьбы, мы пастараемся прыгадаць некаторыя найбольш распаўсюджаныя ў сучаснай поп-культуры сімвалы і разабрацца ў іх значэнні.
1. Пярсцёнак атлантаў
Гэта найчасцей металічны пярсцёнак з вылітымі выявамі прамавугольных геаметрычных фігур. Знак уяўляе сабой тры размешчаныя па цэнтры прамавугольнікі. На даўжэйшых баках гэтых фігур знаходзяцца адпаведна па тры меншыя прамавугольнікі, а таксама раўнабедраныя трохвугольнікі, якія завяршаюць усю кампазіцыю.
    Гісторыя гэтага пярсцёнка паходзіць з Егіпта. Каля 1860 г. французкі егіптолаг d’Agrain знайшоў пры раскопках пярсцёнак з падобнай выявай. Аднак гэты сімвал не адпавядаў егіпецкай традыцыі. Тады даследчыкі і пачалі адносіць яго да міфалагічнай цывілізацыі атлантаў, спадкаемцамі якіх яны лічылі старажытных егіпцянаў.
Паводле старажытнагрэчаскіх паданняў, міфічная Атлантыда знаходзілася на марскіх астравах і была поўнасцю затоплена ў выніку невядомай прыроднай катастрофы. Гэтае паданне заўсёды прыцягвала ўвагу аматараў магіі і шукальнікаў патаемных ведаў. Пярсцёнак атлантаў адразу стаў папулярны сярод эзатэрыкаў і экстрасэнсаў (Roger de Lafforest, A. de Belizal), якія пачалі яго даследаваць і “адкрываць” цудадзейныя ўласцівасці. Але каб гэты прадмет пачаў дзейнічаць, належыць выканаць спецыяльныя магічныя рытуалы. Пасля адпаведнага выканання ўсіх абрадаў асоба не можа перадаваць пярсцёнак іншым, яна нібы “прывязана” да яго.
    Сучасная мода на пярсцёнак атлантаў, звязаная з актыўнай дзейнасцю эзатэрыкаў у рэчышчы шырока прапагандаванай ідэалогіі New Age (Новая Эпоха), што імкнецца аб’яднаць усе вераванні, рэлігіі, магію, падпарадкаваўшы іх нейкаму пан-эзатэрызму, магізму, пакланенню сілам прыроды. Хрысціянін, які з’яўляецца прыхільнікам ідэалогіі New Age і бярэцца насіць гэты пярсцёнак, парушае першую Божую запаведзь, адкідваючы Хрыста як адзінага Збавіцеля і Ахоўніка чалавека. Магічная практыка і ідалапаклонства – гэта найцяжэйшыя формы богаадступніцтва. У такой сітуацыі чалавек перастае верыць у дастатковасць моцы і дзеяння Бога, а аддаецца моцы “таемных” сіл, знакам чаго з’яўляецца нашэнне адпаведнага сімвала. У выніку практычна чалавек адварочваецца ад Творцы, пакланяючыся стварэнню.
2. Пацыфік (крыж Нерона, Курыная лапа, Зламаны крыж)
Адзін з найбольш папулярных знакаў у сучасным свеце. Ён уяўляе сабой акружнасць, падзеленую лініяй, якая праходзіць праз сярэдзіну да цэнтра круга, дзе разгаліноўваецца на дзве лініі, якія адыходзяць у бакі і ўтвараюць прамы вугал. Даследчыкі сцвярджаюць, што пацыфік прыйшоў да нас са старажытнай Індыі. Крыж, разарваны ў выглядзе перавернутай літары “Y” (Ом, Аум), мае глыбокае эзатэрычнае значэнне. Гэты сакральны для індуізму, буддызму і браманізму знак сімвалізуе Брахму, Вішну і Шыву як боскае ўвасабленне творчага, захаваўчага і знішчаючага прапачаткаў. Менавіта з Ома пачынаюцца многія маленні і закляцці. Shandor LaVley, творца сучаснай сатанінскай царквы (Church of Satan), пачаў выкарыстоўваць гэты сімвал у абрадах чорнай імшы, оргій, а таксама для дэкарацыі алтара д’ябла. Ён сцвярджаў, што “знак міру” заўсёды быў любімым знакам сатаністаў. Рытуал прыняцця новых членаў у гэтую супольнасць прадугледжвае публічнае зламанне крыжа на знак разарвання ўсіх повязяў з хрысціянствам. Пасля гэтага паламаны крыж вешаюць на шыю навабранца на знак паяднання з сатаною.
    У гісторыі Еўропы падобны знак можна знайсці сярод сімвалаў старажытных кельтаў і сімвалаў рунічнага пісьма. Знак крыжа, заламанага ўверх, сімвалізаваў чалавека, а заламанага ўніз – быў знакам перакрэслення людской істоты. У сярэдневяковых крыніцах гэты сімвал называўся курынай лапай або ступнёй ведзьмы. Гэты знак аздабляў таксама мусульманскія харугвы падчас іх нападу на Іспанію ў 711 г.
    Увогуле ж распаўсюджанне пацыфіка ў сучасным свеце звязана з імем філосафа Б. Рассела (B. Russel), актывіста “Communist Teachers League of England” і масонскай ложы “Fabian Society”. Па яго просьбе ў 1950-я гады адвакат Геральд Гольтам (Gerald Holtom) павінен быў вынайсці знак, які стаў бы сімвалам усіх амерыканскіх левых (сацыялістычных) змагароў за мір. Гольтам выкарыстаў менавіта крыж Нерона. Пасля гэтага амерыканскі рух хіпі, шчодра фінансаваны Савецкім Саюзам, пачаў прапаганду гэтага сімвала пад лозунгам - “make love, not war!” (“здзяйсняй любоў, а не вайну”). Асабліва гэты знак пачаў атаясамлівацца з пацыфістамі пасля гучнай дэманстрацыі каля брытанскага цэнтра развіцця атамнай энергетыкі ў Aldermaston у 1958 г. Пацыфісты кажуць, што гэты сімвал азначае кампазіцыю літар “N” і “D” як лозунг барацьбы за нуклеарнае раззбраенне (nuclear disarmament), а круг сімвалізуе свет. Хіпі бачылі ў гэтым знаку ружу або кулак, які ламае зброю. Цікава, што актывізацыя пацыфісцкага руху, развіццё субкультуры хіппі суправаджалася захапленнем сатанізмам. LaVey быў гуру для многіх хіпі як змагар за сексуальную свабоду, крайні геданізм і анархізм.
    Прыклад пацыфіка паказвае, як эзатэрычны або сатанінскі знак можа быць закамуфляваны пад сімвал барацьбы за мір. Некаторыя сцвярджаюць, што менавіта такі крыж выкарыстоўваўся Неронам як знак ганенняў на хрысціян (адсюль адна з назваў гэтага сімвала), аднак гэтаму няма гістарычных пацвярджэнняў. Наогул, кожнаму хрысціяніну варта ведаць, што перавернуты і зламаны крыж лічыцца сімвалам веры ў паражэнне хрысціянства. Гэта знак крайняй пагарды і адкідвання Хрыста.
3. Крыж з какардай (Анк, Онк)
Гэты знак настолькі падобны да хрысціянскага крыжа, што многія памылкова прымаюць яго за знак Хрыста-Збавіцеля. На самой справе Анк бярэ свой пачатак у старажытным Егіпце, дзе гэты іерогліф лічыўся сімвалам жыцця, пладароднасці і рэінкарнацыі. Гэта сімвал бога Ра (бога Сонца), пакланенне якому выражалася ў сексуальных оргіях, гэта - знак плоднасці (сонца як крыніца плоднасці). Пагэтаму часта Анк называецца “крыжам жыцця”. Гарызантальная лінія сімвала, якая ўтварае пятлю, азначае ўзыходзячае сонца, а вертыкальная – промні. Гэтыя лініі таксама інтэрпрэтуюцца як сімвал элементаў - мужчынскага (вертыкальная лінія – фаллічны знак) і жаночага (гарызантальная лінія-пятля – знак жаночай плоднасці). Спалучэнне гэтых двух элементаў тлумачыцца як знак рэгенерацыі жыцця праз зачацце, нараджэнне і рэінкарнацыю.
    Анк таксама з’яўляецца сімвалам сексуальнай разбэшчанасці і пагарды да цнатлівасці. Многія сучасныя акультныя групы выкарыстоўваюць яго як талісман. Анк распаўсюджваецца картамі Тарота, модай на выявы з егіпецкіх пірамідаў і мумій, у якасці сімвалу на вокладках альбомаў некаторых рок-музыкантаў.
    Для хрысціянаў гэты знак - непрымальны, бо азначае пакланенне язычніцкім ідалам, веру ў рэінкарнацыю, распусту, пагарду да чысціні і цнатлівасці. Гэтая сімволіка - несумяшчальная з хрысціянскай верай і мараллю.
4. Жук-скарабей (святы жук, khepеr).
У старажытнаегіпецкай містыцы жук-гнойнік быў сімвалам рэінкарнацыі. “Хэпер” азначае “быць”, “здзяйсняцца”. Сама графічная форма жука лічылася ў егіпцянаў боскай. Яны верылі, што ён размнажаецца сам па сабе. Адсюль бярэ выток вера ў яго боскасць – самастварэнне. Паводле вераванняў, амулет са скарабеем дапамагае чалавеку адрадзіцца да вечнага жыцця.
    У акультызме скарабей стаў сімвалам вельзевула (сатаны) – валадара мух. Насіць скарабея - азначае мець сілы, быць абароненым ад іншых дрэнных акультных моцаў.
    Для хрысціяніна гэты сімвал - непрымальны, бо парушае першую Божую запаведзь (грэх ідалапаклонства), бо прапагандуе веру ў рэінкарнацыю, акультызм, пакланенне злому духу (сатанізм).
5. Крыж хаосу (крыж непарадку, д’ябальскі крыж, крыж Канфуцыя)
Сімвал уяўляе сабой крыж, вертыкальная лінія якога ўнізе закругляецца ў выглядзе крука (незакончанага кола). Яго інтэрпрэтацыя не адназначная. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта старажытнарымскі антыхрысціянскі знак, запазычаны сучаснымі сатаністамі. Лічыцца, што незакончанасць акружнасці сімвала азначае недасканаласць хрысціянства (круг – знак дасканаласці, завершанасці), якое заканчваецца падзеламі і супярэчнасцямі. Некаторыя бачаць у знаку пытальнік, які сімвалізуе фразу: “Ці Езус сапраўды памёр за нашыя грахі?”. Гэтае пытанне звязана з біблейскай аповесцю пра спакушэнне д’ябла (першародны грэх), які паставіў пад сумненні распараджэнні Бога (Быц 3, 1).
    Для хрысціянаў гэты знак - непрымальны з-за свайго язычніцкага і антыхрысціянскага (сатанінскага) сімвалізма.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.