ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Памяць аб Катыні ў Лідзе

На шляху да святасці

Загадкавыя шляхі Божага Провіду. Кожны з нас ставіць сабе мэты на гэтых шляхах, стараецца іх ажыццявіць. Але раптам аказваецца так, што ўжо перад гэтым Бог зрабіў усё па-своему. Чым жа з’яўляюцца ў такім выпадку нашыя воля і свабода? Гэтае пытанне задаюць сабе і дзяржаўны дзеяч, і гаспадыня, як і мы, сведкі падзеі, якая ўзрушыла свет 10 красавіка.
На 13 красавіка б.г. была запланавана ўрачыстасць асвячэння катынскага крыжа на старых каталіцкіх могілках пры вуліцы Энгельса. Такім спосабам актывісты таварыства польскай культуры з Лідскай зямлі вырашылі ўшанаваць 70-ую гадавіну катынскага злачынства. Аднак раніцай 10 красавіка ўсіх уразіла навіна: пад Смаленскам – авіякатастрофа, ніхто не выжыў. Шок... Толькі праз некаторы час прыйшло ўсведамленне, што ўрачыстасць, якую мы падрыхтоўвалі на 13 красавіка, становіцца да болю актуальнай. Крыж, які павінен быць сімвалам памяці, ізноў акроплены крывёй. Стала ясна, што дзень 13 красавіка будзе асаблівым днём для нас і для ўсіх удзельнікаў запланаванай урачыстасці.
Было вызначана, што св. Імша будзе цэлебравацца ў 15.00 гадзінаў. Ужо пасля 14 .00 пры капліцы імя св. Барбары пачалі збірацца людзі, якім ля ўваходу раздавалі жалобныя банты. Было падрыхтавана звыш 80 такіх бантоў, але іх не хапіла, таму што на могілкі прыйшло звыш 300 асобаў. Пробашч з лідскай Фары кс. Уладзімір Гуляй, пробашч лідскіх піяраў кс. Ян Асіповіч і іншыя святары канцэлебравлі св. Імшу.
    На алтары быў пастаўлены посуд з катынскай зямлёй, аздоблены ў нацыянальныя колеры. Па адным баку алтара стаялі маладыя людзі з польскім сцягам з чорнай стужкай, па другім – дзяўчына, якая трымала партрэт Прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага з жонкай, аздобленага чорным сукном, і хлопец, які трымаў канфедэратку.
    Ансамбль “Kresowiacy”, які падрыхтаваў музычнае афармленне літургіі, выканаў гімн “Gaude Mater Polonia”, з якога і пачалася св. Імша. Людзі, слухаючы словы святара з пачатку св. Імшы і казанне, не хавалі слёз: загінулі нашыя браты, суседзі, католікі, палякі. У сваіх прамовах, накіраваных да вернікаў, ксяндзы звязалі гісторыю далёкіх і цяперашніх часоў: Катынь, якая знаходзіцца паміж дзвюма датамі: 1940 і 2010 г.г., і нас саміх – паміж учарашнім і сённяшнім днямі. Сёння мы павінны прачытаць складаны ўрок гісторыі і веры: прачытаць знак, які быў дадзены нам у катынскай ахвяры крыві амаль ста нашых землякоў. Гэтага нельга зрабіць, калі ў цэнтры гісторыі народу і ўсяго чалавецтва не памясціць крыж Хрыста, які заўжды ёсць значным зваротным пунктам нашых лёсаў.
    Мноства людзей хацела прыступіць да Панскага стала падчас св. Імшы. Пасля заканчэння набажэнства вернікі ў працэсіі адправіліся да крыжа, дзе наступіла ўрачыстае яго асвячэнне, як і асвячэнне гранітнага каменя з надпісам: “Катынь. 1940 г.”, які быў размешчаны побач. Ніхто не ведаў, што гісторыя захоча ўнесці сваю карэктуру ў гэты надпіс.
    Ля крыжа быў прымацаваны сцяжок у нацыянальных колерах і партрэт прэзідэнцкай пары, былі пастаўлены знічы, ускладзены кветкі і вянкі. І нават, калі закончылася ўрачыстасць, то ніхто не хацеў адыходзіць: усе хацелі быць разам, бо адчулі “дотык” чагосьці невядомага і вялікага. Гэта была не толькі апошняя даніна памяці нашым землякам, але мы “вынеслі” заданне: прадумаць сваё жыццё, праверыць мэты і напрамкі яго, “дарожныя ўказальнікі”.
    На працягу цэлага тыдня жалобы лідчане прыходзілі пад катынскі крыж з малітвамі, кветкамі, знічамі. Я ўпэўнена, што для кожнага свабоднага чалавека, для кожнай асобы добрай волі гэты крыж – знак падзей самай навейшай гісторыі дапаможа адказаць на пытанне: “Ці на самай справе Хрыстус з’яўляецца для мяне Дарогай, Праўдай і Жыццём?” Адказ будзе сцісла звязаны з памяццю аб нашых земляках, якія загінулі ў Катыні. Вечны спачын дай ім, Пане! Няхай будзе ўшанована памяць аб іх!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.